Прэмія Шэрмана б’е рэкорды

Журы зацвердзіла поўны спіс намінантаў на перакладчыцкую прэмію імя Карласа Шэрмана. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца мастацкія кнігі, перакладзеныя на беларускую мову і выдадзеныя ў папяровым ці электронным выглядзе цягам 2018 года.
На галоўную ўзнагароду прэтэндуе 47 кніг, перакладзеных з 16 моў, сярод якіх ідыш і санскрыт, а таксама турэцкая і японская. Гэта самая вялікая колькасць прэтэндэнтаў за ўсе чатыры сезоны прэміі. Сёлета журы будзе абіраць трох пераможцаў у трох намінацыях: пераклад прозы, пераклад паэзіі і пераклад дзіцячай кнігі. У прэміяльным працэсе сёлета ўдзельнічаюць 12 выдавецтваў. Лідарам па колькасці намінантаў з’яўляецца выдавецтва “Логвінаў” — 16 кніг, выдавецтва “Янушкевіч” падало 7 кніг, выдавец Зміцер Колас — 7 кніг, выдавецтва “Кнігазбор” — 4 кнігі, выдавецтва “Коска” — 3 кнігі, выдавецтва “Галіяфы” — 3 кнігі, “Тэхналогія” — 2 кнігі. Выдавецтвы “Вясна”, “Альтэрнатыва”, “Энцыклапедыкс”, “Харвест” і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў прадстаўлены 1 кнігай.

47 кніг з пададзеных 48 будуць змагацца за прыз у 3000 беларускіх рублёў. Сябры журы аднеслі пераклад кнігі Маргарэт Этвуд "Пенелапіяда" да дзвюх намінацый - перакладу прозы (перакладчыца Вольга Калацкая) і перакладу паэзіі (перакладчыца Марыя Мартысевіч).

Пераклад прозы:

Валянцін Акудовіч — Святлана Алексіевіч "У вайны не жаночы твар". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Уладзімір Арлоў — Святлана Алексіевіч "Чарнобыльская малітва". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Наталка Бабіна — Ірына Данеўская “Багуслаў Радзівіл: нямецкі прынц”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

Ірына Варабей — Паўлін Джонсан "Легенды Ванкувера". Выдавецтва “Логвінаў”, Таронта (электроннае выданне).

Паўліна Вітушчанка — Рычард Гавяліс "Віленскі покер". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Ірына Герасімовіч — Міхаэль Кёльмаер "Дзяўчынка з напарсткам". Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.

Сяргей Дубавец — Святлана Алексіевіч "Час сэканд-хэнд". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Вольга Калацкая — Маргарэт Этвуд "Пенелапіяда". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Павал Касцюкевіч — Узі Вайль "Буржуазія задаволена не да канца". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Ігар Кулікоў — Чарлз Букоўскі "Чытво". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Марыя Мартысевіч — Ігнат Карповіч "Сонька". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Вадзім Мохаў — Філіп Вінклер "Hool". Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

Ліда Наліўка — Лэсь Бэлэй "Ліхія дзевяностыя: любоў і нянавісць у Ужгарадзе". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Уладзімір Папковіч — Томас Ман “Смерць у Венецыі: выбраныя навелы і апавяданні”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

Вольга Патапава, Сяргей Сматрычэнка — Эміль Гакл "Нормы камічных паводзін". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Марыя Пушкіна — Сяргей Пясецкі "Гляну я ў аконца". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Барыс Пятровіч — Святлана Алексіевіч "Апошнія сведкі". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Таццяна Урублеўская-Токер — Архан Памук "Стамбул. Горад і ўспаміны". Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

Андрэй Хадановіч — Святлана Алексіевіч "Цынкавыя хлопчыкі". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Марына Шода — Вольга Такарчук "Вядзі свой плуг". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Віктар Шукеловіч — Сяргей Пясецкі "Яблычак". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Сяргей Шупа — Мойшэ Кульбак "Мой панядзелак". Выдавецтва “Вясна”, Прага.

Пераклад паэзіі:

Сяргей Амяльчук — Васіль Прастапчук "Непрыстольныя гномы". Выдавецтва “Альтэрнатыва”, Брэст.

Антон Францішак Брыль — Марк Валерый Марцыял “Выбраныя вершы”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

Віктар Гардзей - Артур Бартэльс "Дзяніскавічы". Выдавецтва “Энцыклапедыкс”, Мінск.

Васіль Жуковіч - Уладзімір Сасюра "Любіце Украіну". Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў, Мінск.

Ігар Кулікоў - Аповед пра Шакунталу. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

Марыя Мартысевіч - Маргарэт Этвуд "Пенелапіяда". Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Наталля Паваляева - Іда Ліндэ “29 недасланых лістоў”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

Наталля Паваляева - Іда Ліндэ “Нябесны футбол”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

Алесь Разанаў - Мацуа Басё "Выбраныя хайку". Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

Алесь Разанаў - Рабіндранат Тагор “Гітанджалі”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

Андрэй Хадановіч - Сяргей Жадан "Вершы". Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

Андрэй Хадановіч - Арцюр Рэмбо "Выбранае". Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

Юлія Цімафеева - Уолт Уітмэн "Выбраная паэзія". Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

Макс Шчур, Лявон Баршчэўскі, Алесь Разанаў, - Томас Стэрнз Эльёт "Выбраная паэзія". Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

Пераклад дзіцячай кнігі:

Наталка Бабіна - "Казкі рускіх пісьменнікаў". Выдавецтва “Харвест”, Мінск.

Ірына Герасімовіч - Брыгіта Шэр "Пакатун і Паляжун". Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.

Таццяна Жаўняровіч - Эрык Карл "Вельмі галодны вусень". Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.

Надзея Кандрусевіч - Свэн Нурдквіст “Вандроўка Пэтсана”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

Надзея Кандрусевіч - Свэн Нурдквіст “Мітусня ў агародзе”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

Надзея Кандрусевіч - Свэн Нурдквіст “Час пеўня”. Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

Надзея Кандрусевіч - Юя Вісландэр “Ёрдзіс”. Выдавецтва “Коска”, Мінск.

Надзея Кандрусевіч - Юя Вісландэр, Свэн Нурдквіст “Мама Му паранілася”. Выдавецтва “Коска”, Мінск.

Надзея Кандрусевіч - Юя Вісландэр, Свэн Нурдквіст “Мама Му ўяўляе”. Выдавецтва “Коска”, Мінск.

Раіса Крывальцэвіч - Вілі Майнк "Прыгоды ката-летуценніка". Выдавецтва “Тэхналогія”, Мінск.

Галіна Скакун - Эрых Кэстнэр "Незвычайныя прыгоды Луізы і Лоты". Выдавецтва “Тэхналогія”, Мінск.

Юлія Цімафеева - Стыян Холе "Лета Гармана". Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

У журы прэміі Шэрмана ўвайшлі: перакладчыца, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Марына Казлоўская, перакладчыца, пісьменніца, кандыдат філалагічных навук Ганна Янкута, філолаг, літаратуразнаўца, крытык Ціхан Чарнякевіч, паэтка, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Вера Бурлак, перакладчыца, магістр філалагічных навук Кацярына Маціеўская.

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Дабрачынны фонд “Вяртанне”.

У 2018 годзе лаўрэаткай прэміі імя Карласа Шэрмана стала Вера Бурлак за пераклад кнігі Льюіса Кэрала “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса”. Раней прэмію атрымлівалі Андрэй Хадановіч і Якуб Лапатка.

Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!