Прэмію Багушэвіча атрымаў Сяргей Абламейка за кнігу пра Кастуся Каліноўскага

Беларускі ПЭН-цэнтр 30 сакавіка абвясціў вынікі Прэміі Францішка Багушэвіча, якая ўручаецца за найлепшую гістарычную прозу.


Лаўрэатам стаў Сяргей Абламейка за кнігу «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі». Кніга выйшла ў серыі «Бібліятэка Свабоды». 31 сакавіка а 19.00 пройдзе анлайн-уручэнне прэміі, падчас якой Сяргей Абламейка прачытае лекцыю паводле сваёй кнігі, перадае «Радыё Свабода».

У кнізе Абламейка па-новаму паглядзеў на ролю і значэнне кіраўніка вызваленчага паўстання 1863–1864 гадоў. «Азначэнне “герой” — неадпаведнае постаці Кастуся Каліноўскага, яно недакладна вызначае ролю гэтага чалавека ў беларускай гісторыі. Герояў беларусы маюць шмат, а Каліноўскі ў нас адзін», — кажа аўтар. І ў дваццаці пяці гісторыка-філасофскіх эсэ пераканаўча даводзіць, што Каліноўскі — гэта бацька новай беларускай дзяржаўнасці.

«Добрыя гістарычныя кнігі расказваюць, як усё насамрэч было, выдатныя — чаму. Але ёсць такія, якія адказваюць на пытанне пра будучыню. Журы ПЭН-цэнтра мае шчаслівую здольнасць адзначаць прэміяй імя Багушэвіча менавіта такія кнігі, — сказаў дырэктар Беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандр Лукашук. — Гэта трэцяя кніга Сяргея Абламейкі, якая пабачыла свет у "Бібліятэцы Свабоды", і я рады паведаміць чытачам, што зараз мы завяршаем працу над выхадам чацвёртай. Гэта ўнікальны, нават для нашай "Бібліятэкі" дослед знікнення Старога Менска, дэфібрыляцыя сэрца горада».

Прэмія Францішка Багушэвіча была заснавана Беларускім ПЭН-цэнтрам у 1994 годзе. Традыцыйна ўручаецца за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, што спрыяюць абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў. Летась гэтую прэмію атрымаў Васіль Герасімчык за кнігу «Кастусь Каліноўскі: Асоба і легенда».

У розныя гады прэмію атрымлівалі Ніна Стужынская, Захар Шыбека, Аляксандар Надсан, Аляксандр Лукашук, Алесь Краўцэвіч, Уладзімір Лякін.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: