Прэмію Стагановічаў атрымала «капітальна страшная кніга»

Кніга «Быў у пана верабейка гаварушчы…» барда і журналіста Зміцера Бартосіка была прызнаная лепшай у жанры нон-фікшн.


Гэта ўжо другое ўручэнне прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў. Імёны гэтых дзеячаў беларускага руху на бацькаўшчыне, а пасля і ў эміграцыі, былі забытыя на працягу доўгіх год. З небыцця іх вярнула дачка Стагановічаў Тамара, грамадзянка ЗША, якая парупілася пра выданне ўспамінаў бацькоў. З таго часу Стагановічы сталі адным з нефармальных сімвалаў беларускай мемуарыстыкі.

Паводле задумы арганізатараў, сярод якіх Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Саюз беларускіх пісьменнікаў, прэмія даецца за “непрыдуманую” літаратуру, да якой адносіцца і мемуарыстыка, і журналісцкія нарысы. Паводле Барыса Пятровіча, старшыні Саюза Пісьменнікаў, такая літаратура доўгі час лічылася “несур’ёзнай” і толькі апошнімі гадамі выйшла на першыя ролі: уручэнне Нобеля Святлане Алексіевіч, якая працуе менавіта ў гэтым жанры, таму сведчанне.


З кастрычніка 2016 году на конкурс было пададзена каля 30 працаў. У кароткі спіс трапіла сем прозвішчаў аўтараў: Зміцер Бартосік, Вітаўт Кіпель, Наталля Міцкевіч, Міхась Скобла, Мікалай Улашчык, Яўген Ціхановіч, Сяргей Чыгрын. Як бачым, сярод іх ёсць і нашы сучаснікі, і патрыярхі беларускай гісторыі і публіцыстыкі, кшталту гісторыка Улашчыка.

Сяргей Чыгрын атрымлівае прэмію


Трэцяе месца, у выніку, заняла кніга аднаго з аўтараў “Новага Часу” Сяргея Чыгрына “На радзіме Ігната Дварчаніна”. Гісторык і краязнавец сабраў у ёй нарысы са сваіх падарожжаў па Дзятлаўшчыне, зрабіўшы ўпор на памятных мясцінах, звязаных з нашай гісторыяй.

Старшыня СБП Барыс Пятровіч


Другое месца атрымала кніга Вітаўта Кіпеля “Жыць і дзеяць”, укладальнікам якой з’яўляецца Сяргей Шупа. Імя Кіпеля такое ж легендарнае сярод беларускіх эмігрантаў, як і Янкі Запрудніка, Кастуся Акулы альбо Барыса Кіта. Паколькі і аўтар, і ўкладальнік знаходзяцца ў ЗША, прэмія будзе перададзеная ім у пазнейшым часе.

1 месца журы прысудзіла Змітру Бартосіку які не змог прысутнічаць на ўзнагароджанні


Не аказалася на цэрымоніі ўручэння і першага намінанта — Зміцера Бартосіка. Зборнік ягоных артыкулаў і інтэрв’ю “Быў у пана верабейка гаварушчы…” заняў першае месца. Замест Бартосіка ўзнагароду атрымаў рэдактар выдання Сяргей Дубавец. Паводле Дубаўца, гэта “капітальна страшная кніга”, бо аўтар выцягнуў са сваіх суразмоўцаў тое, што яны не маглі прамовіць на працягу 70 год панавання СССР. Кніга з’яўляецца каштоўным сведчаннем тых жахаў, якія адбываліся на нашай зямлі ў ХХ ст.


Напрыканцы імпрэзы старшыня журы даследчыца гісторыі беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка падзякавала ўсім прысутным і выказала надзею, што гэта далёка не апошняе спатканне на ўручэнні прэміі Стагановічаў. Нагадаем, што прэмія ўручаецца раз на два гады.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: