Прэмію World Press Photo атрымала фота з забойцай расійскага пасла

Фатограф агенцтва Асашыэйтэд Прэс Бурхан Озбіліджы атрымаў прэмію World Press Photo за фотаздымак з момантам забойства расейскага амбасадара ў Турцыі Андрэя Карлава.

Як паведамляе агенцтва, гэты здымак быў часткай фотарэпартажу Озбіліджы, прысвечанага забойству расійскага амбасадара ў Анкары 19 снежня. Андрэя Карлава застрэліў афіцэр паліцйскага спецназа Меўлют Мерт Алтынташ, які прайшоў на мерапрыемства пад выглядам ахоўніка.

Озбіліджы быў сярод фотакарэспандэнтаў, якія асвятлялі адкрыццё выставы. Пасля таго як пачалася стральба, ён схаваўся, але працягнуў рабіць здымкі, паведамляе ВВС. У выніку яны патрапілі ва ўсе вядучыя сусветныя СМІ.

Здымак года быў абраны з 80 тысяч 408 фотаздымкаў, якія прадставілі на конкурсе 5 034 фатографы са 125 краін. Прызы прысудзілі ў васьмі катэгорыях ўсяго 45 аўтарам здымкаў з 25 краін.

«Гэта было вельмі складанае рашэнне, — цытуе члена журы Мары Калверт newsru.com. — Наш выбар упаў менавіта на гэты здымак, паколькі ён не толькі з'яўляецца вельмі эмацыйным, але і сапраўды адлюстроўвае нянавісць нашага свету. Кожны раз, калі ты глядзіш на гэтую фатаграфію, так і хочацца адсунуцца ад яе далей».

З нянавісцю звязвае гэты здымак і іншы член журы, Жоао Сілва: «Я бачу, як наш свет імкліва рухаецца ў прорву. А гэты мужчына відавочна дасягнуў кропкі незвароту і вырашыў здзейсніць замах на таго, каго ён лічыць вінаватым, па сутнасці, атакаваць краіну, якую ён абвінавачвае за тое, што адбываецца ў рэгіёне. Гэта адна фатаграфія, але яна адлюстроўвае, што дзеецца і ў Еўропе, і ў Амерыцы, і на Блізкім Усходзе».

У фотаздымках, якія перамаглі ў конкурсе, адлюстраваны галоўныя тэмы мінулага года, у тым ліку ўзброены канфлікт у Сірыі і Іраку, міграцыйны крызіс, смерць былога кубінскага лідара Фідэля Кастра і Алімпійскія Гульні ў Рыа-дэ-Жанейра. Частка здымкаў, якія атрымалі перамогу, была прысвечана разбуральнаму ўздзеянню чалавека на дзікую прыроду. У прыватнасці, у конкурсе перамог фотаздымак з забітым браканьерамі насарогам, якому адсеклі рог, і чарапахай, якая заблыталася ў зялёнай рыбалоўнай сетцы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: