Прэмію Гедройца атрымаў Віктар Казько з кнігай «Час збіраць косці»

Найлепшая беларускамоўная проза 2014 года ляжала ў шуфлядцы пад 20 год.



Увечары 1 чэрвеня ў Мінску назвалі пераможцаў чацвёртай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. На яе прэтэндуюць аўтары беларускамоўных кніг у жанрах мастацкай прозы і эсэістыкі.

Галоўную прэмію за найлепшую беларускамоўную прозу, а таксама прыз чытацкага галасавання і ўзнагароду ў памеры 10 тысяч даляраў атрымаў Віктар Казько з кнігай «Час збіраць косці».
 
 
Кніга, як кажа аўтар, была напісаная каля 20 год таму, але, як ні дзіва, засталася актуальнай сёння. У яе ўвайшлі аповесці «Час збіраць косці», «Прахожы», «І нікога, хто ўбачыць мой страх». Падарожжа аўтара па чалавечай памяці суправаджаецца філасофскімі, містычнымі, але ўсё ж аптымістычнымі думкамі.
 
 
ІІ месца, а разам з тым пераклад кнігі на польскую мову або творчую стыпендыю ў Вісбю, Швецыя, узяла Таццяна Барысік за кнігу «Жанчына і леапард».
 
ІІІ месца, што дае ў якасці ўзнагароды творчую стыпендыю ў Вентспілсе, Латвія, атрымаў Альгерд Бахарэвіч за кнігу «Дзеці Аліндаркі».
 
 
Раман распавядае пра дзяцей-пацыентаў Лагера – загадкавай установы, у якой лёс вядзе іх на мяжы казкі і антыўтопіі.
 
 
***
 
У склад журы ўвайшлі Уладзімір Арлоў, Ігар Бабкоў, Малгажата Бухалік, Адам Глобус, Ганна Кісліцына, Андрэй Федарэнка, Ціхан Чарнякевіч і Ганна Янкута.
 
 
Арганізатары прэміі вырашылі асобна ганараваць словамі падзякі і дыпломам найлепшага інфармацыйнага партнёра беларуская служба «Радыё Свабодная Еўропа – Радыё Свабода».
 
 
Папярэднімі лаўрэатамі прэміі Гедройца былі Павел Касцюкевіч («Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту», 2012), Уладзімір Някляеў («Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», 2013), Ігар Бабкоў («Хвілінка. Тры гісторыі», 2014).
 
 
Арганізоўваюць конкурс Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Польскі інстытут у Мінску; фундатар узнагароды — «Ідэя Банк».
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: