Прэзентаваны сацыяльны ролік “Мова пачынаецца з цябе” (відэа)

На працягу апошняга месяца многія планавалі ўнесці ў лад свайго жыцця пазітыўныя змены з Новага 2015 года: кінуць дурныя звычкі, або часцей бачыцца з бацькамі, альбо вывучаць тое, чым заўсёды марылі займацца. 



Добра было б з 2015 года ўcім, хто чытае гэтыя радкі, пачаць размаўляць на роднай непаўторнай беларускай мове! З памылкамі, недакладнасцямі, але імкненнем пашыраць свой слоўнікавы запас на практыцы!

Ролік, які матывуе распаўсюджваць беларускую мову, быў зроблены маладой камандай Майстэрні сацыяльнага кіно пры дапамозе беларускага бізнэса, некамерцыйных арганізацый і медыйных асоб, якія разам аб’ядналіся дзеля таго, каб упэўніць, што культура нашай краіны залежыць толькі ад нас асабіста.

“Мова пачынаецца з цябе” — частка праекта  «Культура пачынаецца з цябе!». Асноўная мэта якога: прыцягнуць увагу грамадзян да культурных працэсаў у краіне і падкрэсліць іх асабістую ролю ў гэтым. Праект уключае чатыры матывацыйных роліка. Ролік прамову і іміджавы ролік культуры ўжо прэзентаваны, а вось сацыяльная рэклама пра экалогію і выхаванне чакае нас напрыканцы студзеня разам з серыяй інтэрв'ю, артыкулаў і сацыяльных акцый па тэме.

Праект “Культура пачынаецца з цябе” — піянер у новым падыходзе да сацыяльнай рэкламы: некамерцыйная арганізацыя  звярнулася да меснага крупнага бізнэсу, мабільнага аператара Velcom, інтэрнэт-правайдара Атлант Тэлекам, кaмпаніі «Хенкель Баўтэхнік», якія праспансіравалі здымкі ролікаў на сацыяльныя тэмы: мова, экалогія, выхаванне, культура — мабыць, упершыню ў Беларусі.

Ролік зрабіла Майстэрня сацыяльнага кіно  — некамерцыйная арганізацыя, якая ставіць перад сабой мэту павысіць узровень сацыяльнай рэкламы і кіно ў Беларусі. Утварылася Майстэрня з ініцыятывы студэнтаў некалькіх вузаў — вучыцца здымаць добрую сацыяльную рэкламу. Год таму яны зрабілі ролік “Не хавайцеся ад беларускага, які выклікаў бурнае абмяркаванне і шмат праглядаў. А пасля маладыя аматары аб’ядналі намаганні з кінашколай Андрэя Палупанава, каб мэтанакіравана развіваць гэты напрамак у Беларусі.

КАМЕНТАРЫ КАМАНДЫ ПРАЕКТА І ВЯДОМЫХ АСОБ

Сцэнарыст роліка, Вікторыя Апекунова, студэнтка юрыдычнага факультэту:

— Чаму ты лічыш важным для беларусаў размаўляць на мове? Як гэта палепшыць нашае жыццё?

— Адказ просты: бо мы беларусы. Cапраўды дзіўна, што ўвогуле ўзнікае такое пытанне. Мова — тое, што робіць нас адметнымі, дазваляе адразу вызначыць, што з земляком размаўляеш. Можна доўга разважаць на тэмы "Мова — душа нацыі", "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі", але, на мой погляд, ужо час не разважаць. Час дзейнічаць. І выкарыстанне беларускай мовы — гэта іншы узровень жыцця, іншая якасць. Бо сам працэс перахода, без жартаў, — перамога над сабой, над сваёй зонай камфорту.

У Беларусі з’яўляецца ўсё больш беларускамоўных курсаў і мерапрыемстваў. Адзін з грунтоўных пашыральнікаў беларускамоўнага асяроддзя, Глеб Лабадзенка, аўтар ініцыятывы беларускамоўных курсаў па ўсёй краіне “Мова Нанова”, якая у 2014 годзе атрымала афіцыйную рэгістрацыю, кажа:

“Мова — гэта масток і ключык да зусім іншага сусвета, якаснага і цікавага. Мова як мэта ці як сцяг — глупа і нават шкодна, мова як сродак вымярэння сваёй ідэнтычнасці і сувымернасці ў сусвеце — незаменна. Ну, і пакуль што мова — добры і лёгкі спосаб быць адметным”.

У здымках “Мова пачынаецца з цябе!” прымалі ўдзел таксама вядомыя беларускія асобы, якія, мабыць сваім прыкладам таксама могуць “заражаць”: спартсменка Аляксандра Герасіменя, бізнэсоўца Юрый Зісер.

У Юрыя Зісера мы спыталі:

 Як Вы лічыце, ці патрэбна беларусам/грамадству ў медыяпрасторе думка аб тым, што культура пачынаецца з кожнага чалавека? Можа быць, гэта ітак зразумела, і інфармацыя пра курс долара і цэны больш карысна?

 Канешне, патрэбна. Камусьці дастаткова матэрыяльных патрэбаў, кагосьці цікавіць духоўнасць. Аднак культура патрэбна ўсім.

Аляксандра Герасіменя — двухразовы срэбраны прызёр па плаванні Алімпійскіх гульняў у Лондане—2012, чэмпіёнка Еўропы і свету, а таксама — стваральніца нацыянальнага спартыўнага фестывалю "Мова Cup". Яна пасля здымак дала невялічкае інтэрв’ю, у якім падрабязна распавяла пра свае адносіны з беларускай мовай.

Студэнт эканамічнага ўніверсітэту, акцёр роліка, Улад: “Складанасць у тым, што ты жыў практычна без яе, усё было на рускай. І, да таго ж, мова не у трэндзе пакуль што. Але трэба, каб было нацыянальнае адзінства. Калі памрэ мова — памрэ і нацыя. Мова — яркая прыкмета, якая нагадвае, што мы яднаны яшчэ і іншым акрамя мовы”.

telegraf.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!