Процістаянне рамантыкаў і рэалістаў, або Што матывуе беларускую крытыку?

Беларускі інтэлектуал любіць троіцу. Пасля дыскусіі, прысвечанай новай, «папулярнай» хвалі беларускай літаратуры і прыватнага джазу Максіма Жбанкова ў кнігарні «Логвінаў» сабраліся людзі, гатовыя паразважаць, чаму беларуская літаратурная крытыка «не працуе».

Дыскусію арганізавалі Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі Калегіум. Вядоўцамі былі Ціхан Чарнякевіч і Ігар Бабкоў.

Сцісла праблему акрэслілі так: «Крытыка ёсць ці крытыкі няма? Літаратура мае ў ёй патрэбу, ці крытыка мае патрэбу ў літаратуры? На першы план выходзяць стракатыя рэкламныя агляды, «дзясяткі найлепшых», рэпублікацыі пастоў у сацсетках. Крытычны тэкст дрэйфуе ці то ў літаратуразнаўчы аналіз, ці то ў публіцыстычную нататку. Якім чынам мусіць бытаваць крытыка цяпер і ці патрэбна ствараць пляцоўку для яе/іх гуртавання?»

Найпершае пытанне: што такое літаратурная крытыка? Кампаньён літаратуры, абслуга ці асобны від мастацтва?

Іранічны Валянцін Акудовіч адпачатку зазначыў, што пра неіснаванне літкрытыкі ў Беларусі пісаў яшчэ дваццаць гадоў таму. З таго часу некалькі разоў падымаўся вэрхал пра сакральную адсутнасць. Калі нечага так доўга няма — гэта паказальна. Спадар Валянцін увёў у дыскусію панятак «спакушальніка». Што матывуе крытыка? Паводле Акудовіча, галоўны спакушальнік той, у каго ёсць грошы. Калі праца будзе аплочвацца належна, уласна крытычных тэкстаў стане больш. Схема да болю простая: не існуе попыту на літкрытыку — і яе «няма». Згадалі працу крытыкаў Заходняй Еўропы, дзе існуе культурная індустрыя. Буйныя выдавецтвы надзвычай зацікаўленыя ў крытыцы, а шматлікія выданні маюць такую штатную адзінку, як літкрытык. У такім стане рэчаў, аднак, ёсць свае адмоўныя моманты: па-першае, у такім выпадку літкрытык губляе незалежнасць і разбор тэкстаў робіцца абавязкам, становіцца на канвеер. Па-другое, краіны, якія маюць развітую і здаровую культурную індустрыю, працуюць з іншымі аб’ёмамі літаратуры. Тут размова можа ісці пра тысячы новых раманаў штомесяц. Ідэал — у недасяжнай залатой сярэдзіне, паміж канвеернай вытворчасцю ды забяспечанасцю літкрытыка на Захадзе і галоднымі менестрэлямі ў «роднай старане».

Міхал Бараноўскі вызначыў іншы від «спакушэння» — твор, які зачэпіць, не пакіне абыякавым, стане вымагаць ад крытыка водгуку. Абодва спакушальнікі значныя і мусяць існаваць у працэсе адначасова. Адпаведна ўзнікае пытанне: ці здольная беларуская літаратура спакушаць?

З Ганны Кісліцынай і кнігі «Вlonde attack», па меркаванні Бабкова, пачаўся бунт беларускіх крытыкаў: «Яна першая напрыканцы 1990-х паспрабавала змяніць вобраз крытыкаў: не крытыка прыдатак да літаратуры, а наадварот. Літаратура — толькі нагода, каб выйсці ў прыгожай чырвонай сукенцы і расказаць, як я стамілася ад вашых графаманскіх тэкстаў». Калі Кісліцына запачаткавала крытыку-шоў, то наступніцы Лідзія Міхеева і Марыя Мартысевіч змянілі ракурс бачання, перастаўшы расстаўляць эстэтычныя адзнакі. Для іх мастацкі тэкст — нагода для размовы пра грамадства, уласныя перажыванні і г.д. Потым прыйшоў Ціхан Чарнякевіч, для якога «гранічна важна, што крытыка — частка літаратуры, ні ў якім разе ні журналістыкі, філалогіі ці нейкай яшчэ навукі. Калі літаратура — галюцынацыі аўтара з нагоды рэчаіснасці, то крытыка — тыя ж галюцынацыі, толькі з нагоды літаратурнай рэчаіснасці». Кажучы прасцей, літаратура пераасэнсоўвае рэчаіснасць, крытыка — літаратуру. Наступная ступень — пакаленне «маладой шпаны», якое свядома задзірае ўсіх…

Гэтую прыгожую схему традыцыйна дэканструяваў Валянцін Акудовіч. Ён падкрэсліў: усе яркія асобы з часам зніклі. Атрымаўшы магчымасць пісаць пра што заўгодна пасля заваявання «сацыяльнага капіталу» — не пішуць, ці вельмі рэдка. «Ахвяраваць уласнаю творчасцю на тое, каб пісаць пра чужую прозу-паэзію, — на гэта мала хто пойдзе. Ніхто да гэтага не гатовы».

Калі ўлічыць, што крытык як прафесія ў нас не каціруецца і попыт на гэты від мастацтва малы, мы прыйдзем да чарговага пытання: чаму літаратурная крытыка існуе, нягледзячы на ўсе праблемы?

У Івана Новіка маецца адказ асабістага кшталту: «У мяне цудоўная ідэнтычнасць — я філосаф. І я пішу для сябе, бо не магу без таго абысціся». Пра залежнасць ад прагі мыслення казаў Ціхан Чарнякевіч: «Трэба дачакацца эмоцыі, калі цябе пакліча кніга, калі ты падумаеш, што яе зразумеў, і пачаць разважаць. І ты атрымліваеш ад гэтага неверагодны кайф, які значна важнейшы за грошы. Думаю, гэты кайф мае чыста пісьменніцкія карані». Немалую ролю адыгрывае самаідэнтычнасць крытыка, сувязь з літаратурнай традыцыяй.

Увогуле, гэтая дыскусія сталася процістаяннем рамантыкаў і рэалістаў. Калі Бабкоў ба­чыць крытыку ў ідэалістычным ключы («не імкненне да грошай, славы, прэстыжу, а спроба зразумець, што мы тут робім, у гэтым свеце»), то Акудовіч настойваў на тым, што крытык — гэта прафесія, і як прафесіянал ён мусіць мець магчы­масць паўнавартасна жыць са сваёй працы. «І пісьменнікі, і крытыкі ўсё адно бу­дуць рабіць сваю справу, здабываючы сродкі на існаванне з іншых крыніцаў. Але гэта не значыць, што такі стан рэчаў — нармальны. Пакуль рамантызм адносна крытыкі будзе існаваць, ніколі крытыка не складзецца ў сістэмную, працаздольную, эфектыўную з’яву. Пакуль і знаку няма, што нехта думае, як гэта зрабіць. Пакуль што — адны паэтычныя рэфлексіі».

Самым жыццяздольным шляхам пры такім стане рэчаў паўстае праца наўпрост з аўдыторыяй, для чаго сеціва дае бязмежныя магчымасці. А вось секцыі крытыкі ў пісьменніцкіх саюзах ды іншыя фармальныя аб’яднанні — абсалютна мёртвы кантэкст, які ўжо ніколі не адродзіцца.

І вельмі важна ствараць асяродак. «Калі ў нас ёсць прыўкрасныя крытыкі, ім трэба казаць пра гэта сёння, а не пісаць лісты на магілку,» — кажа Ігар Бабкоў.

Не трэба з усім пагаджацца — здаровая дыскусія заўжды патрэбная. Як неабходны дыялог, каб ведаць, што нехта яшчэ ў гэтай прасторы ёсць…




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!