«Прытулак»: спектакль, заснаваны на рэальных гісторыях жанчын-ахвяр

У культурніцкім цэнтры «Корпус» 17 чэрвеня адбудзецца прэм'ерны паказ дакументальнага спектакля «Прытулак». У аснове спектакля — гісторыі жанчын, якія сталі ахвярамі сямейнага гвалту.

Студэнткі і студэнты ECLAB сумесна з рэжысёркай Валянцінай Мароз і драматургам Канстанцінам Сцешык правялі глыбінныя інтэрв'ю з жанчынамі, якія апынуліся ў прытулку ГА «Радзіслава», і цяпер гатовыя распавесці іх гісторыі гледачам.

Пасля заканчэння спектакля адбудзецца абмеркаванне і дыскусія пра праблему сямейнага гвалту «Прытулак: паміж мінулым і будучыняй». Мадэратаркі Вольга Гарбунова ( «Радзіслава») і Валянціна Мароз (ECLAB).
Студэнткі ECLAB, якія працавалі над праектам, распавялі ў інтэрв'ю анлайн-часопіса «Культпрасвет»:

Насця Стальмахова: «У шмат каго ўзнікае пытанне, навошта мы гэта робім: навошта ставім спектакль, гаворым пра гвалт ... Я тлумачу, што гэта вельмі табуіраваная тэма і пакуль гэтае пытанне не будзе ўзнята, праблема не вырашыцца. Калі не задасі пытанне — не атрымаеш ніякага адказу ... Не ведаю, ці можа неяк дапамагчы прагляд гэтага спектакля гледачам, але яго варта ўбачыць хоць бы таму, што ў нашай прасторы мала пастановак на падобную тэму».

Каця Чэкатоўская: «Калі я прыйшла на інтэрв’ю да Фірузы, яна сказала, што хоча, каб яе проста хто-небудзь пачуў. Яна шмат куды звярталася са сваімі праблемамі, але ёй паўсюль адмаўлялі. І яна сказала такую фразу: «Мне здаецца, што мяне няма, нібыта я займаю чужое месца. Мяне ніхто не чуе. Мабыць, хоць гледачы мяне зразумеюць».

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!