Прывіды Тахелеса наведалі Мінск (фотарэпартаж)

У прасторы «Верх» 28 красавіка прайшоў фэст «Прывіды Тахелеса».

Як і казаў Марцін Райтэр, мінскі фэст  атрымаўся вельмі беларускім і зусім не другасным адносна атмасферы берлінскага кунстхаўзу. У “Версе” 28 красавіка ўвасобіліся ўсе прынцыпы Тахелеса, зачыненнага 5 год таму: прасторы для творчасці хапала, розныя віды мастацтва прэзентаваліся разам (амаль усе перфомансы суправаджаліся музыкай і праходзілі на фоне выстаў), аматары сучаснага мастацтва мелі выдатную нагоду сабрацца разам. Наведвальнікі актыўна далучаліся да перфомансаў, часам мяжа між выступоўцамі і гледачамі знікала.



Са сцэны гучала нечакана шмат беларускай мовы (неяк уяўлялася, што сучаснае мастацтва інтэрнацыянальнае і вялікая частка артыстаў будзе рускамоўнай). Некаторыя з паказаных на фэсце праграм дэманстраваліся ўпершыню, напрыклад, перформанс тэатра Inzhest з серыі X-tradition. За два дні да фэста ў прасторы “Верх” знікла электрычнасць і тэатр рэпетаваў у цемры. Шмат якія спектаклі Inzhest “выраслі” з перфомансаў, можа, і гэты раз не стане выключэннем.



Наведвальніца фэста блогерка Алена Прохарава, што не раз была ў Тахелесе, падзялілася з НЧ сваімі ўражаннямі:

«Імпрэза ў “Версе” не саступала берлінскім. Была розная публіка, і па бэкграўндзе, і па ўзросце. У Берліне, канечне, прыходзіла больш людзей, але там турысты з усяго свету! Затое на фэст у “Верх” прыйшоў прадстаўнік амбасады Германіі, а аташэ па культуры французскай амбасады прывёў усю сваю сям’ю. На “прывідах Тахелеса” быў вельмі высокі ўзровень выканаўцаў, у Берліне ж сярод перформераў шмат моладзі, якая імкнецца да творчага самавыяўлення і толькі пачынае творчы шлях. У “Версе” выступіла шмат артыстаў, якія былі і ў Тахелесе. Я памятаю берлінскую праграму Zartipo, у якім захапленні былі наведвальнікі.

А перфоманс Канстанціна Мужава! Дзе ён быў прыкаваны ланцугом, што важыў, можа, пяцьдзясят кілаграм і біўся, спрабуючы вызваліцца! Мне ён вельмі адгукнуўся. Так жа і мы б’емся па ўсіх накірунках, каб у нас была навука, культура… А ў той час знішчаюцца замкі, вось ВДНХ зруйнавалі… А там таксама магла б быць прастора для перфомансаў!»




Агулам, было вельмі атмасферна, публіка фактычна пачынала ладзіць уласныя перфомансы, разгойдвацца на круку, што быў падвешаны ланцугом да столі. Выступы ўсіх разнявольвалі, гэта была сапраўдная свабода, абмежаваная толькі эстэтыкай. Людзі разыходзіліся ўзрушаныя, натхнёныя. У штодзённасці нам не хапае гэтага, талент некаторых людзей заціснуты жыццёвымі абставінамі…



Мяне ўражвае, што Марцін Райтэр, былы дырэктар Тахелеса, сам мастак і ў той жа час добры арганізатар. Нам не хапае такіх людзей, Ілля Сін зрабіў вялікую справу, арганізаваўшы фэст. Беларусі неабходна развіваць сучаснае мысленне, збольшага ў навучальных установах выкладаецца толькі класіка. Але трэба паказваць Беларусь розную, у тым ліку сучасную, маладую, тады і турысты да нас будуць ехаць розныя.



Фота аўтаркі


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: