Птушкі «Жывой вясны» вярнуліся ў Беларусь!

Кампанія "Жывая вясна" працягваецца – ад Беларусі зарэгістравана ўжо 1500 назіранняў за птушкамі-вестунамі вясны. Цяпер наша краіна па назіраннях на першым месцы – дапамагайце ўтрымаць гэтую пазіцыю!

Амаль дзесяць гадоў таму былі выбраныя некалькі відаў птушак, і людзей з розных краін Еўропы запрасілі штогод заносіць свае першыя назіранні з імі на інтэрактыўную мапу.

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» заклікае вас быць уважлівымі і заносіць свае першыя сустрэчы з гэтымі прыгожымі птушкамі сюды: http://www.springalive.net/be-by/migrations/addnew.

На сайце можна паглядзець вяснавую міграцыю ў Еўропе ў руху http://www.springalive.net/be-by/migrations, для кожнага віду асобна. Па ёй мы бачым, як вясна прыходзіць у розныя краіны кантынента. Для Беларусі можна нават убачыць актыўнасць птушак і людзей па абласцях. Цяпер першае месца займае Мінская вобласць – 1295 назіранняў, за ёй Брэсцкая, Віцебская, Гродзенская, Гомельская і  Магілёўская вобласці.

«Першымі у кампанii “Жывая вясна” мы сустракалі ў сакавіку буслоў і вясковых ластавак. Зараз ужо вярнуліся зязюля, ластаўка-зямлянка, свiргуль i шчурка. Заносьце свае назiраннi, каб было бачна, што ў вашу вобласць ужо таксама даляцела вясна!» – запрашае каардынатарка кампанii ў Беларусі Ксенiя Малюкова.

Узгадайце, калі вы ці вашыя сябры ці родныя ўбачылі сёлета першага белага бусла, вясковую ластаўку, ластаўку-зямлянку, пачулі зязюлю? Калі вы бачылі  птушак у некалькіх абласцях – дадайце ўсе назіранні.

У Беларусі сустракаюцца тры віды ластавак: гарадская, вясковая і ластаўка-зямлянка.

Гарадская ластаўка - чорна-белая птушка, мае белую пляму над хвастом. Іх прылёт кампанія не фіксуе.

Вясковая ластаўка гняздуецца пад дахам будынкаў, у шлюзах і пад мастамі. Мае длінныя касіцы хваста і бурае горлачка.

Ластаўкі-зямлянкі – невялікія карычневыя птушкі. Іх можна сустрэць над вадой, калі яны палююць, цi ў кар'ерах, дзе яны, у адрозненне ад іншых відаў, гняздуюцца калоніямі ў норках.



Свіргулі падобныя да ластавак, але чорныя і зверху, і знізу. Невялікімі чародкамі, на высокай хуткасці і з пранізлівымі рэзкімі крыкамі яны лятаюць вакол і над будынкамі. Галоўным чынам пабачыць іх можна ў гарадах і мястэчках, асабліва перад захадам сонца.

Першых зязюль ужо бачылi ў магілёўскай і мінскай вобласці. Цікавы факт: калі вы памятаеце вельмі характэрнае “ку-ку, ку-ку” – гэта голас самца зязюлі, які гэтым крыкам абвяшчае пра сваю прысутнасць іншым самцам і прыцягвае увагу самкі.

І самая прыгожая і рэдкая птушка кампанii – экзатычная шчурка-пчалаедка! Яна афарбаваная ў бліскучы сіне-зялёны колер. Гняздуецца звычайна ў кар’ерах ці ў пясчаных абрывах. Гнездаванне гэтых птушак адзначана ва ўсіх абласцях нашай краіны.

Спампуйце мабільны вызначальнік птушак ад АПБ для Android  “Ptushki – Определитель птиц Беларуси”, каб было лягчэй зразумець, які від вы пабачылі. А таксама далучайцеся да тэлеграм-чаціка “Ціў-ціў” і карыстайцеся птушыным стыкерпакам.

Далучайцеся да веснавых назіранняў за прыродай і птушкамі разам з «Жывой Вясной»!



Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!