Ракаўскі фэст: узгадалі Пясецкага, адарваліся пад Вольскага (фота)

Ужо традыцыйнае свята ў Ракаве прайшло 25 жніўня.
Наведвальнікаў сёлета ў Ракаў прыехала багата. Цягам дня іх забаўлялі выступы мясцовых калектываў, працаваў кірмаш рамеснікаў, было шмат вулічнай ежы і дзіцячых атракцыёнаў. Міліцыя на свяце паводзіла сябе прыязна — магчыма, таму, што продаж алкаголю быў забаронены, таму канфліктных сітуацый з удзелам нецвярозых грамадзян не ўзнікала. Людзі прыязджалі цэлымі сем’ямі, шмат хто адмыслова завітаў на свята з Мінску. Багата было беларускамоўных.



Да фэсту, арганізаванага Ракаўскім сельвыканкамам і Пасольствам Польшчы, прымеркавалі адкрыццё мемаряльнай дошкі ў гонар рамана Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Яе можна ўбачыць на камні, які стаіць на пляцоўцы ля крыніцы, што на ўездзе ў горад з боку Мінска. Апроч таго можна было паўдзельнічаць у квэсце «Сцежкамі кантрабандыстаў».


Сярод іншага на Ракаўскім фэсце адбыўся шэраг выстаў, прэзентацый, дэгустацый — было разнастайна і па-местачковаму душэўна ды спакойна.


Драйву вечару дадаў выступ хэдлайнераў — польскага гурта «TEKLA KLEBETNICA». Хоць калектыў выйшаў на сцэну са спазненнем, але людзі і не думалі разыходзіцца. Больш за тое — дамагліся выканання яшчэ адной кампазіцыі на біс.


Кульмінацыяй свята стаў выступ гурта VOLSKI. Хоць сэт каманды значна скарацілі і падчас яго запусцілі ў неба феерверк, калі гурт сыйшоў са сцэны пасля «Трох чарапах», людзі сталі скандаваць «Вольскі!», якое паступова перайшло ў «Жыве Беларусь!». Каб пазбегнуць стыхійнага мітынгу, арганізатары саступілі, і са сцэны прагучала апошняя кампазіцыя «Простыя словы».




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!