Раман Арлоў прадстаўляе феміністычную версію казкі «Як літара Ў Каляды ратавала»

2 студзеня ў 15:00 у Маладзёжным тэатры эстрады гледачы зноў пабачаць герояў з музычных казак пра літару Ў, створаных беларускім кампазітарам, сцэнарыстам і прадусарам Раманам Арловым.
Сцэна са спектаклю

Сцэна са спектаклю

Спектакль створаны па матывах каляднай казкі папярэдніх гадоў. Аднак гэтым разам у чароўным бары згубяцца не толькі літары са слова "НАДЫШОЎ"... але і Яська, які разам з Янінкай у папярэдніх калядных
пастаноўках шукалі чароўныя літары.

Разумная, маленькая дзяўчынка Янінка, сапраўдная малайчынка, паспрабуе самастойна вырашыць усе жыццевыя цяжкасці, а дапамогуць ёй у гэтым, канешне ж, літара Ў нескладовае, гарачы Жыжаль-агонь і магчыма нават Ярыла-сонца, які пры дапамозе прамога ўключэння са светлага выраю, дзе Ярыла-сонца зімуе, дасць некалькі карысных парад. А дакладней: як перамагчы злую чараўніцу Марану з яе слугамі — халоднымі ільдзінкамі, вызваліць з ледзянога палону літары і выратаваць Каляды.

«Мінула 3 гады, як мы з Віталём Супрановічам правялі першы паказ дзіцячай казкі пра Літару Ў. Зараз наш спектакль выглядае значна лепш, чым было ад пачатку. Мы набраліся досведу. З поспехам наведалі Ашмяны, Гродна... Таму, хто быў на нашай казцы тры гады таму, а наступныя паказы прапусціў, прапаную наведаць і зараз. Упэўнены, Вы не расчаруецеся! На жаль, сітуацыя з рэпертуарам для дзяцей на беларускай мове проста катастрафічная. У рэпертуары прыватных кампаній спектакляў для дзяцей практычна няма. Робяць нешта грамадскія ініцыятывы. Нават у Тэатры Юнага Гледача рэкламуюцца актыўна рускамоўныя праграмы для дзетак. Гэта вельмі здзіўляе і непакоіць...» — адзначае Раман Арлоў.

Квіткі можна набыць тут альбо ў касе Маладзёжнага тэатра эстрады.

Дзецям да 3х год уваход бясплатны. Усім дзецям будуць салодкія пачастункі, а бацькам музычныя падарункі ад арганізатараў і партнёраў.

Даведкі: +375 44 5517706, +375 29 8517706

А вось відэа-версія «Як літара Ў уратавала Каляды».

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: