Распачаты дзясяты юбілейны сезон прэміі Гедройця

Адкрыты прыём заявак на прэмію імя Ежы Гедройця за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і выдадзеную ў 2020 годзе.
Падаць заяўку і намінаваць кнігу на прэмію могуць аўтары, выдавецтвы, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ, аргкамітэт прэміі і сябры журы.

Каб падаць заяўку на прэмію, запоўніце форму.

Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, папяровыя асобнікі (у колькасці ад 2 да 5 кніг) трэба перадаць у ПЭН-цэнтр (Мінск, вул. Залатая Горка, 2 -101). Дамовіцца аб перадачы кніг можна праз электронную пошту giedroyc.by@gmail.com.

Заяўкі прымаюцца да 12 ліпеня (уключна).

У статуце прэміі адбыліся пэўныя змены: вырашана адмовіцца ад механізма выбару пераможцаў шляхам кансэнсу на карысць адкрытага галасавання простай большасцю. Падрабязней з умовамі прэміі можна азнаёміцца, прачытаўшы яе абноўлены статут і рэгламент.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі: Наста Грышчук, літаратурны крытык; Сяргей Дубавец, журналіст, літаратар, крытык; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар; Алесь Пашкевіч, літаратар, літаратуразнаўца.

Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы і мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Папярэднія пераможцы прэміі: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур, “Завяршыць гештальт” (2016), Зміцер Бартосік, “Быў у пана верабейка гаварушчы” (2017), Уладзімір Арлоў, “Танцы над горадам” (2018), Ілля Сін “Libido” (2019), Сяргей Дубавец “Тантамарэскі” (2020).

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў, пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча і Польскага Інстытута ў Мінску.

Сачыць за навінамі прэміі можна на яе старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас giedroyc.by@gmail.com.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: