Распачаўся праект «Выцінанка — Вокны»

Сацыяльна-культурны праект Беларускага саюзу майстроў народнай творчасці "Выцінанка — Вокны" cтартаваў 17 красавіка 2019 года. Першы анлайн-этап разлічаны на месяц.

Беларуская выцінанка — унікальная з’ява. Яна адрозніваецца ад падобных відаў не толькі ў суседніх краінах, але і ў свеце. Выцінанка — традыцыя, якая сёння ўваходзіць у сучасную культуру праз сваю самабытнасць.

Але каб мэтанакіравана развіваць гэты накірунак мастацтва, які мае свае карані ў народнай традыцыйнай творчасці, неабходна ведаць ступень папулярнасці выцінанкі на сённяшні дзень.

Беларускі саюз майстроў народнай творчасці запланаваў у 2019 годзе пачатак сацыяльна-культурнага праекту “Выцінанка — Вокны”, галоўнай мэтай якога з’яўляецца прыцягненне ўвагі да выцінанкі і папулярызацыя яе сярод белварусаў, а таксама зварот на яе мясцовыя асаблівасці.

Першы этап гэтага праекту — апытанка, якая дапаможа высветліць, як змянілася стаўленне да выцінанкі за апошнія два дзесяцігоддзі. Па выніках апытанкі будзе ўдасканальвацца далейшая праца над праектам. Але канчатковы вынік — рэспубліканская выстава выцінанак, створаных выбітнымі майстрамі — сябрамі БСМНТ — з удзелам народа.

Аўтар праекту — мастачка выцінанкі і народны майстар, загадчыца секцыі выцінанкі БСМНТ Вольга Бабурына (Palunisa) просіць усіх паўдзельнічаць у апытанцы, а таксама заклікае чытачоў НЧ папрасіце паўдзельнічаць у ёй тых, каго яны ведаюць!

Трэба, каб на пытанні адказала як мага большая частка людзей, якія нават ніяк не звязаныя з мастацтвам. Агульнымі намаганнямі мы ўздымем годнасць нашай культуры! Праверана — займае адну хвіліну!” — кажуць арганізатары.

Запоўнiць апытанку, каб дапамагчы прааналiзаваць сучасны стан выцiнанкi на Беларусi, можна тут.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!