Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай

Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу на беларускай мове.



Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай — выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”.

У 2019 прэмію атрымала Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”, у 2018 годзе Алесь Разанаў — за кнігу “Перавыбранае”, а ў 2017 — Уладзімір Някляеў за кнігу “Толькі вершы”.
Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”. Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонду Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.

Крытэры для падачы кніг на прэмію:
1) жанр кнігі — паэзія;
2) кніга выдадзеная ў 2019 (кніга, якая была выдадзеная ў 2018, але па нейкіх прычынах не ўдзельнічала ў мінулагодняй прэміі, можа быць пададзеная ў гэтым годзе);
3) мова кнігі — беларуская;
4) кніга павінна быць выдадзеная ўпершыню ў папяровым ці электронным выглядзе (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш зместу якой апублікавана ў кнізе ўпершыню).
Больш падрабязна пра ўмовы і правілы прэміі можна даведацца з яе статуту.
Каб падаць заяўку на прэмію, запоўніце форму па спасылцы.

Таксама трэба даслаць электронную версію выдання і вокладку кнігі ў фармаце jpeg на адрас paezija@gmail.com (пазначыўшы ў тэме пісьма назву кнігі і аўтара). Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, папяровыя асобнікі (у колькасці ад 2 да 5) трэба перадаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў (з 11 да 18 гадзінаў у працоўныя дні, адрас: Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31, пакой 906, на дамафоне набраць 47 і званок, тэлефон +375 17 354 80 91). Заяўкі прымаюцца да 13 лютага 2020 года.

Пераможцу вызначаць вядомыя паэты і літаратуразнаўцы, склад журы будзе абвешчаны неўзабаве.

Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас paezija@gmail.com ці па тэлефоне +37544 7994047.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: