Re1ikt выступіў у падтрымку людзей з псіхічнымі захворваннямі (фота)

Вялікі сольны канцэрт на «Пешаходцы» 12 жніўня гурт Re1ikt прысвяціў клубнаму дому «Адкрытая душа», які ладзіць сацыяльна-псіхалагічную рэабілітацыю тых, хто пакутуе на псіхічныя захворванні.



 

Re1ikt выступіў з праграмай на паўтары гадзіны ў Карэтным дворыку. Спачатку здавалася, што людзей на канцэрце няшмат. Потым музыкі запрасілі прыхільнікаў падысці бліжэй да сцэны, паступова цямнела, і раптам аказалася, што Карэтны дворык запоўнены амаль цалкам.



Re1ikt, як заўсёды, актыўна кантактаваў з публікай, ствараў драйв, але і нагадваў пра тое, дзеля чаго арганізоўваўся канцэрт: Клубнаму дому трэба дапамога. Акрамя таго бубнач гурта Аляксандр Дземідзенка выказаў падзяку СМІ, што інфармацыйна падтрымалі канцэрт, у т. л. «Новаму часу». Як аказалася, самым актыўным нашым чытачом з’яўляецца басіст Re1ikt Зміцер Наркевіч.



Падчас імпрэзы на сцэну запрасілі дырэктарку Клубнага дома Вольгу Рыбчынскую. Яна распавяла пра ўстанову і яе наведвальнікаў:

«Да нас прыходзяць людзі з шызафрэніяй, цяжкой дэпрэсіяй… Шмат хто мяркуе, што шызафрэнія — гэта хвароба ад нараджэння. Не. Часцей за ўсё людзі захворваюць у 17-25 гадоў. Гэта універсітэт, вялікія планы на будучыню, з якімі вельмі шкада развітвацца праз хваробу. У нас ёсць працоўныя праграмы, творчыя. Цяпер у Клубным доме каля 150 чальцоў. Гэта жыхары Мінска ад 18 год і старэй. Найбольшая частка — людзі між 27 і 40 гадамі. Быццам бы яны павінны атрымліваць радасць ад жыцця, працаваць, камунікаваць, але праз хваробу ім складана гэта рабіць. Людзям з псіхічнымі захворваннямі было б лягчэй, калі б грамадства больш прыхільна ставілася да іх, не баялася, спрабавала чымсьці дапамагчы.»

Псіхічная хвароба можа здарыцца з кожным, і гісторыі кшталту распаведзенай чытачкай «Новага часу», на жаль, не рэдкасць.




Акрамя Мінска клубныя дамы ёсць у Брэсце, Віцебску і Горадні. Каб стаць чальцом такой установы, не трэба даведкі і дакументы, дастаткова проста звярнуцца, патэлефанаваць ці прыйсці, і супрацоўнікі паспрабуюць дапамагчы. Але зараз самому мінскаму Клубнаму дому трэба дапамога: гэта грамадская арганізацыя, якая не атрымлівае дзяржаўнай падтрымкі, існуе на валанцёрскіх пачатках. Можна дапамагчы фінансава ці стаць валанцёрам (трэба выкладчыкі самых розных курсаў, якія дапамаглі б людзям з псіхічнымі захворваннямі паверыць у свае сілы, знайсці сабе справу і, можа, працу). Таксама можна проста прынесці ў Клубны дом адзенне: шмат людзей з псіхічнымі захворваннямі не працуюць і нават знайсці цёплае адзенне на зіму для іх — праблема».


Карысныя спасылкі:

stopstigma.by – сайт, дзе можна знайсці больш інфармацыі пра псіхічнае здароўе (што рабіць, калі захварэў нехта з вашых блізкіх, ці вы адчуваеце, што вам трэба дапамога);

opensoul.by – сайт мінскага клубнага дома «Адкрытая душа»/

На жаль, у гэтым годзе Мінгарвыканкам забараніў збіраць грошы на дабрачыннасць падчас вулічных канцэртаў. Даведацца, як дапамагчы Клубнаму дому, можна тут. 


Каментаваць