Re1ikt прадставіць новы альбом у 3 мінскіх клубах

Беларускі гурт Re1ikt з размахам адзначыць выхад новага альбома «Kufar». Музыкі запланавалі серыю мерапрыемстваў у Мінску.

4 снежня ў сталічным клубе «Графіці» адбудзецца прэ-паці, у межах якой Re1ikt выканае кампазіцыі з новага дыска і хіты з найлепшага рок-альбома мінулага года «Лекавыя травы». Там жа пройдзе аўтограф-сесія з удзельнікамі гурта, падчас якой усе ахвочыя змогуць зрабіць фота на памяць. Квіткі на прэ-паці прапануюцца па сімвалічным кошце ў 1 рубель.



10 снежня на сцэне клуба «Бруге» адбудзецца прэзентацыя дыска «Kufar» — вялікі сольны канцэрт з удзелам цікавых музычных і не толькі гасцей і сюрпрызамі. У другім аддзяленні імпрэзы Re1ikt выканае свае найлепшых хіты з мінулых дыскаў. Квіткі на прэзентацыю альбома Kufar можна набыць за 12-15 рублёў (20 рублёў — месца за столікам).

У той жа вечар у кавярні «Грай» пройдзе афтэр-паці, дзе ў сяброўскай атмасферы пад акампанемент фолк-гурта Vuraj музыкі Re1ikt сустрэнуцца з самымі адданымі слухачамі. Уваход на афтер-паці бясплатны.

Альбом «Kufar» прысвечаны усім каштоўнасцям, якімі могуць ганарыцца беларусы: нашым традыцыі, прыродзе, культуры, перамогам, ўменню сябраваць і рабіць добрыя справы талакой.

Дарэчы, сродкі на выданне дыска ўсяго за тыдзень сабралі на краўдфандынгавай платформе Talaka.by прыхільнікі каманды. Дзякуючы ім гурт таксама неўзабаве выпусціць кліп, які быў зняты тыдзень таму ў музеі архітэктуры і побыту ў Строчыцах на адну з любімых народных песень Рыгора Барадуліна «Дробненькі доджык», што таксама ў сучаснай рок-апрацоўцы трапіла на «Kufar».

https://soundcloud.com/re1ikt_music/sets/re1ikt-kufar-2016

Re1ikt — гурт, які працуе ў напрамку world music, спалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. У кампазіцыях каманды спляліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з'яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве, Расіі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!