Re1ikt выступіць бясплатна ў цэнтры Мінска

Гурт Re1ikt выступіць з вялікай сольнай праграмай ля Ратушы 8 чэрвеня.

Музыкі выканаюць свае найлепшыя песні са старых альбомаў, а таксама прэзентуюць новыя кампазіцыі з кружэлкі, запіс якой адбываецца акурат цяпер. Імпрэза адбудзецца ў рамках праекта “Пешаходка”.

Гурт Re1ikt спалучае сучасныя музычныя плыні з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, робячы яго актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае. Калектыў выкарыстоўвае рэдкія духавыя і перкусійныя інструменты, а таксама незвычайныя гітарныя эфекты. У кампазіцыях каманды спляліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Re1ikt атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве і Расіі.

Вялікі канцэрт гурта Re1ikt  адбудзецца каля Ратушы (Мінск, плошча Свабоды, 2) 8 чэрвеня ў 21.00. Уваход на імпрэзу вольны.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!