Relikt на біс: «Дрэва жыцця» ў акустыцы з аўтэнтычным сюрпрызам

Беларускі гурт Relikt дасць канцэрт «Дрэва жыцця. Акустыка» ў Моладзевым тэатры эстрады ў Мінску 17 красавіка.
Падчас імпрэзы ў акустычных аранжыроўках прагучаць песні з новага альбома, а таксама некаторыя старыя і ўсімі любімыя кампазіцыі.

«Гурт Relikt мае два бакі: адзін — моцны, энергічны, другі — меладычны і прыгожы. Усе бачылі моц беларускага “Дрэва жыцця” на прэзентацыі, але яшчэ не чулі, як яно прыгожа гучыць у камерным акустычным выкананні. Гэта зусім іншая праграма — для тых, хто хоча плаваць у спакойнай музычнай плыні і чуць кожны нюанс, каму патрэбнае сузіранне ўнутранага свету», — кажа лідар Relikt бубнач Аляксандр Дземідзенка.

Апроч гітар і перкусіі, на канцэрце можна будзе пачуць глюкафон, цін вістл, акарыну, традыцыйныя беларускія дудкі і шмат чаго яшчэ.

Дарэчы, яшчэ напачатку сваёй творчай дзейнасці менавіта з акустычнай праграмай гурт атрымаў гран-пры фестывалю «Бардаўская восень» у Польшчы.

«Мы рыхтуем адмысловы выступ — ён будзе падобны на спа-тэрапію душы пад гукі акустычных гітар і нягучных барабанаў, пад гукі голаса, які будзе спяваць ціха, але не задасць сэрцу тугі», — рэзюмуе музыка.

Альбом «Дрэва жыцця» запісваўся і зводзіўся на легендарнай кансолі SSL 4000 з лос-анджалескай студыі кампаніі Yamaha, з якой працавалі Motorhead, Стыві Уандэр, Чэт Аткінс ды іншыя зоркі.



Рэліз атрымаў найвышэйшыя ацэнкі прафесіяналаў музычнай індустрыі і слухачоў (у тым ліку прэмію Understage за найлепшае гучанне), трапіў у топ беларускіх альбомаў года па версіі Onliner, быў рэкамендаваны карыстальнікам сэрвісу «Яндэкс.Музыка» ў разделе «Новае».

Спецыяльным госцем мерапрыемства будзе гурт ASTROŪNA, які спяе аўтэнтычныя народныя песні, што сталі асновай альбома «Дрэва жыцця», так, як яны гучалі, калі іх спявалі ў даўніну. ASTROŪNA выконвае архаічныя беларускія песні ў традыцыйнай манеры — акапэльна і пад пад акампанемент старажытных інструментаў.



Relikt аб’ядноўвае сучасныя музычныя плыні з традыцыйным беларускім фальклорам, паказваючы яго ў нязвыклым выглядзе і робячы актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае. У дыскаграфіі каманды 6 студыйных альбомаў, 2 канцэртныя DVD і 9 відэакліпаў. Гурт атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, у Літве і Расіі.

17 красавіка Моладзевы тэатр эстрады, канцэрт «Дрэва жыцця. Акустыка» гурта Relikt

Пачатак канцэрту: 19:00.

Квіткі анлайн можна набыць тут.

Адрас пляцоўкі: г. Мінск, вул. Маскоўская, 8а.



Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: