Рэвалюцыя белых лілеяў

Калі яны сталі пры дарогах на вуліцах гарадоў, сэрцы людзей, што зайшліся ад болю, жаху, безнадзейнасці, адчаю, пачалі ажываць. На вуснах расквітнелі ўсмешкі. Белыя строі, часам перацягнутыя чырвонымі пасачкамі, белыя кветкі, балонікі. Нашы белыя лілеі расквітнелі і далі надзею.


Дзеля маіх дзяцей

— Дачушка, паслухай мяне, не ідзі нікуды! Што ты можаш змяніць? Што вы ўсе можаце змяніць? Ужо каторую нядзелю ходзіце, а нічога не мяняецца. А ўжо ж ловяць, б’юць. Не дай Божа, і цябе схопяць! Не ідзі, дачушка! — яна адчайна просіць сваю дачку не выходзіць на маршы. Яна антанёўка, у маладосці з’ехала ў Мінск. Даўно ўжо мінчанка. Але калі трэба дайсці да душы свае адзінае дачкі, заўсёды вяртаецца ў Антанёва, шукае там і знаходзіць прыклады, як жыць, чаму можна адно і нельга другое. Дачка звычайна слухаецца. Ці мо робіць выгляд, што слухаецца, каб не пярэчыць маці, якую вельмі любіць, шануе. Даўно ўжо дарослая, сваіх дзетак гадуе, але маці для яе і зараз застаецца аўтарытэтам.

— Паслухай мяне, дачушка, паслухай, што было з намі ў Антанёве, з тваім дзядулем. Расказвала табе неаднойчы, як душыліся антанёўцы цэлае лета, каб сена на карову накасіць. Сенакосаў не было. Па лесе, па балотах касілі, выносілі, сушылі. Дзя́лкі, праўда, давалі. Але вельмі мала, нават на адну карову не хопіць. А мы ж заўсёды дзве трымалі. Ды і давалі так позна, што гаспадары дачакацца не маглі. А яшчэ мусілі абяцаць, што цяля, цэлае лета гадуючы, у калгас здадуць. Абкручвалі бедных калгаснікаў. Якая там плата за цяля выходзіла? Ды і выплочвалі не адразу. Пакуль дачакаешся грошаў, то ўжо і наступны раз карова ацеліцца. Каб самі прадавалі, то ці не ў два разы больш мелі б. За гэта тая няшчасная дзялка сена.

Бацька не мог чакаць. Кожную ранічку ўсхопліваўся зацемна, ішоў у лес і касіў, нагледзеўшы раней траву. А тады вяртаўся ды ішоў на працу ў калгас. Да вечара. А мама наша, цэлы дзень на ферме адрабіўшы, вечарам, пасля дойкі, бегла ў лес з рэзгінамі і цягнула на сабе сена, каб сушыць каля хаты. Некалькі разоў абярнуцца павінна была, каб усю сырую траву прынесці. Апошні раз ужо сцямнее, бывала, калі ледзьве прыцягнецца з цяжарам на плячах. Усе плечукі былі ў яе на ямах ад тых цяжкіх рэзгінаў.

Сушыць сена мы, дзеці, павінны былі.

— Сена сохне на грабля́х! — любіў прыгаворваць тата.

Ніякіх адпачынкаў не было. Варочаеш сена, дойдзеш да канца, ізноў пераходзіш, ізноў варочаеш. І так цэлы дзень. А вечарам, як высахне, у адрынку трэба было знесці.

Ужо і лета на другую палову пайшло. І адрынка амаль поўная. Толькі сена з дзялкі заставалася. Ды раптам з’яўляюцца на нашым двары кіраўнікі калгасныя і накідваюцца на бацьку:

— Як ты пасмеў без дазволу касіць?! Лес дзяржаўны. Ты злодзей! Канфіскоўваем сена!

Бацька збялеў. Падавалася, зараз рухне там, дзе стаяў. Але ні слова не вымавіў. Усе мы выйшлі з хаты і таксама моўчкі глядзелі, як чужыя людзі гаспадараць на нашым двары.

Падагналі падводы, пачалі грузіць наша сена. Усё падчысцілі…

Калі падводы з’ехалі, мы, тады старшакласнікі, накінуліся на бацьку:

— Чаму ты маўчаў? Чаму не кінуўся на іх? Ідзі і падпалі гумно! Гэта ж наша сена, наша праца!

Бацька ціха прамовіў:

— Хочаце, каб мяне на Салаўках згнаілі?

Мама пачала гаварыць, што ў іх сіла, у іх усё. І нічога мы не зможам. Загналі ў калгас, усё забралі. І мы мусім маўчаць. І не вытрымала, запрычытала:

— Мы мусім маўчаць, дзеці! Да смерці маўчаць. Да самае смерці. Хай жа ім адгукнецца! Хай яны не дачакаюць! Хай іх зямля не прымае!

Гэта быў страшны ўрок. На ўсё жыццё.

Мы мусім маўчаць, дачушка! Я з гэтым жыццё пражыла, бацькі мае пражылі. Хіба на гэтай зямлі ніколі іначай не будзе. А ты ж не захацела з’ехаць. То скарыся. Яны не даруюць. Не ідзі!

Дачка паслухмяна слухала. Не перабівала, як заўсёды. Але адказала цвёрда:

— Не, мама, я пайду. Так не павінна быць. Пайду. Дзеля маіх дзяцей.



Рэвалюцыя белых лілеяў

Калі яны сталі пры дарогах на вуліцах гарадоў, сэрцы людзей, што зайшліся ад болю, жаху, безнадзейнасці, адчаю, пачалі ажываць. На вуснах расквітнелі ўсмешкі. Белыя строі, часам перацягнутыя чырвонымі пасачкамі, белыя кветкі, балонікі. Нашы белыя лілеі расквітнелі і далі надзею. Гэта разнеслася па ўсёй краіне. Ужо не толькі гарады, мястэчкі, але і невялікія вёскі расквітнелі белаю пяшчотаю… Але не пра гэта.


На плошчах радасць ажно зашкальвае. Разам, смелыя, за плячыма рабочых, якіх нашы пляцы не бачылі многа дзесяцігоддзяў. Выйшаў яго вялікасць рабочы клас. Але хто і куды завядзе яго? Ці недарэмны гэты парыў? Ці будзе прарыў? Бо нічога пакуль не змянілася. Але і не пра гэта.

Жудасны вір пакутаў, якія вынеслі дзеці нашай краіны, не адпускае, зацягвае. Страшныя аповеды тых, хто выйшаў жывым з катавальняў, вочы прыгожых, маладзенькіх глядзяць з партрэтаў дакорам, і ўсюды — прапаў, памажыце!.. Колькі іх, зніклых? Нават гэтага дакладна ніхто не ведае. Пра гэта немагчыма не думаць. Пра гэта немагчыма думаць. Бо пачынаеш вар’яцець. І таму не пра гэта.

Каб урэшце пра тое, выберу з усіх трагічных гісторый — пра хлопца дэсантніка. Ён, апрануты ў свае святочныя строі, ехаў на сустрэчу з сябрамі. У дзень ПДВ сабрацца не змаглі. Перанеслі на адзінаццатага жніўня. Над машынай лунаў сцяг ПДВ. І калі на люднай дарозе яго прыпыніў даішнік, хлопец прыпыніўся, гатовы да штрафу, бо ж парушыў, сцяг вывесіў. Законапаслухмянасць у крыві беларусаў. Але тут здарылася нешта неверагоднае. Неверагоднае ўсюды ў цывілізаваных краінах. Наша краіна такой не была. На яго наляцела цэлая зграя чорных у чорным. Паспеў заблакаваць вокны машыны. Ды тое выратавала яго ненадоўга. Вокны разбітыя, кіроўца на асфалце, яго па-зверску збіваюць дручкамі. З д’ябальскаю асалодаю садыстаў. Адкуль ведаю? Нехта ў гэты час едзе ў аўтобусе і ўсё гэта здымае на камеру тэлефона. Відэа ў інтэрнэце.

Хлопцу пашанцавала: яму разбілі галаву, і кроў, хлынуўшы, заліла ўсяго. Звяры ў чалавечым вобліку апусцілі дручкі. Напіліся свежае крыві. Інакш, ён пэўны, забілі б насмерць.

Урэшце пра галоўнае. Столькі высокіх словаў пра салідарнасць, дапамогу! Ёсць гэта. Усё гэта ёсць. Але! Калі чалавека збівалі (белы дзень, людная дарога, імчацца машыны), ніхто не прытармазіў, ніхто не прыпыніўся, ніхто не дапамог. Праляцелі дзясяткі аўтамабіляў. А за рулём кожнага здаровы чалавек. Ды яшчэ і ў салоне не адзін. Ні ва Украіне, ні ў Грузіі, ні ў Прыбалтыцы і ні ў Расіі, мяркую, такога б не здарылася. Усе бачылі і ніхто не дапамог. Ніхто.

Яшчэ чаму выбрала менавіта гэтую гісторыю? Чалавек, які перажыў такі жах, не згубіў пачуцця гумару. Апавядае пра гэта і… жартуе. Гэты мужны хлопец выжыве. Баюся толькі, што не дачакаецца ён справядлівага суда над забойцамі. А яшчэ больш баюся, што дзясяткі зніклых ці знойдуцца?

Белыя лілеі вельмі кволыя. Хутка адцвітаюць…


Праведніца

Яблычны Спас. Царква. Пасля службы падбягае маладзічка. Цененькая, спраўненькая, светленькая. А яшчэ — у белым. Заглядвае ў вочы:

— Вы не пазнаяце мяне?
— ?
— Я сябравала з Вашаю дачкою.

Рассмяшыла. З тае пары мінула амаль трыццаць гадоў. Была калісьці ў дачушкі сяброўка. У першым класе. Глядзела на яе і згадвала тыя далёкія часы. Яна не змаўкала ні на хвіліну. Я слухала. Мая светлая радасць змянялася трывогаю, страхам.


— Учора я працавала дапазна, да цямнэчы. Дахаты прыйшла, калі мае ўжо спалі. Усё ўчора зрабіла, каб вызваліць сённяшні дзень, каб сёння, на Спаса, трапіць у царкву. Веру, што самая магутная зброя — малітва. Падала здравіцу за ягонае здароўе. Ні за дзяцей маіх, ні за бацькоў, ні за сябе з мужам. Адно толькі слова за здароўе — Аляксандра. Ведаю, што ён не чалавек, але ж у яго была душа. Малілася, як магла, усёю душою малілася, каб у душу яго ўлілася хоць кропля чалавечнасці. Я за праўду, за справядлівасць. Я ўсім расказваю, на працы, суседзям, што адбываецца. У мяне няма інтэрнэту, але ёсць талерка, гляджу Белсат. Калі быў адключаны інтэрнэт, мы цэлую ноч глядзелі «Белсат». Каго ні сустрэну, усім расказваю. Яны кажуць, што такога не можа быць. Але ж людзі мяне ведаюць. Ведаюць, што я ніколі не маню. І такія ёсць, што крычаць, злуюцца, бо па тэлевізары казалі… Ці мне страшна? Мне вельмі страшна. Часта хаджу позна, адна. Ведаю, што са мною можа быць. Як з дырэктарам музея з Ваўкавыска. Ведаю, што па мяне могуць прыйсці тады, калі ніхто і не ўгледзіць. Але я буду гаварыць, бо я ведаю праўду…


Глядзела ў яе чыстыя, светлыя вочы, адкрыты, прасветлены твар і думала: «У Рэвалюцыі Белых Лілеяў такія твары, такія вочы. Трымайся, дарагая Белая Лілея!»

А яшчэ думала: «Вось яна — Праведніца…»

Божанька, беражы сваіх Праведнікаў!







Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: