Рэвалюцыя ў анекдотах

Беларуская рэвалюцыя вельмі адрозніваецца ад усіх, што адбываліся апошнім часам. «Майдан» — без майдана (няма пэўнай плошчы для пратэстаў), фактычна няма лідараў, усё трымаецца на самаарганізацыі. Лозунгі і плакаты малююцца проста на каленцы, народная творчасць віруе. Мы смяёмся нават у самы напружаны час.
Яшчэ перад выбарамі народ рэагаваў на дзіўныя заявы кшталту таго, што апаненты кіраўніка дзяржавы мараць вярнуцца ў 1990-я. У той час як самі ўлады запрашалі на канцэрты ў сваю падтрымку даўно забытых «зорак эстрады».

У Мінску каля Палаца спорту 8 жніўня павінныя выступіць «Отпетые мошенники» і група «Кар-мэн». І гэтыя людзі палохаюць нас вяртаннем у 90-я?!

Як толькі Цэнтрвыбаркам заявіў пра чарговую «элегантную перамогу» Лукашэнкі, вядома, згадаўся стандартны стары анекдот: «У мяне для вас дзве навіны, добрая і дрэнная. Добрая: вы зноў сталі кіраўніком краіны. Дрэнная: за вас ніхто не прагаласаваў». Але напярэдадні выбараў узніклі варыяцыі:

Прыйшоў Лукашэнка да варажбіткі, пытаецца:
— Што мяне чакае?
— У мяне для вас два прадказанні: добрае і дрэннае.
— Якое кепскае? — пытаецца Лукашэнка.
— На новых прэзідэнцкіх выбарах вас не выберуць.
— А добрае?
— Вы пра гэта не дазнаецеся.

А з нагоды чарговых 80% анекдоты пайшлі адразу ж:

Народная любоў на 80% — гэта калі табе заўсёды патрэбныя аўтобусы: альбо з сілавікамі, альбо з бюджэтнікамі.

— Як зразумець, што прэзідэнт набраў больш за 80% галасоў на сумленных выбарах?
— Ну, гэта калі паўсюдна пачынаюцца забастоўкі, рабочыя крычаць яму «Сыходзь!», усюды праходзяць пратэсты праціўнікаў, а сваіх прыхільнікаў даводзіцца звазіць на мітынгі на аўтобусах з усёй краіны.

Бязмежжа, што зладзілі сілавікі на вуліцах беларускіх гарадоў, абурыла і шакавала грамадства да глыбіні душы. Аднак і тут ёсць месца жартам:

Ідзе мужык па вуліцы з працы, цвярозы, нікога не чапак. Побач тармозіць аўтазак, вылятаюць амапаўцы і пачынаюць пакаваць яго ў машыну, лупяць дубінкамі. Мужык крычыць:
— Адпусціце, я за Лукашэнку галасаваў!
— Не хлусі, за Лукашэнку ніхто не галасаваў!

Пратэсты і беспарадкі ў большасці краін: алкашы і іншыя дармаеды лупяць па машынах, выказваюць некантраляваную агрэсію, чапляюцца да мінакоў, што выпадкова апынуліся на вуліцы, б’юць іх да паўсмерці, кідаюць шумавыя гранаты, ладзяць бязладную стральбу.
Пратэсты і беспарадкі ў Беларусі: АМАП і іншыя сілавікі лупяць па машынах, выказваюць некантраляваную агрэсію, чапляюцца да мінакоў, што выпадкова апынуліся на вуліцы, б’юць іх да паўсмерці, кідаюць шумавыя гранаты, ладзяць бязладную стральбу.

Народ смачна рэагуе і на арганізаваныя мітынгі «ў падтрымку ўлады», калі тых, хто «падтрымлівае», звозяць з розных рэгіёнаў Беларусі:

Для бабуль Беларусі ўдзел у мітынгах за Лукашэнку — гэта адзіная магчымасць здзейсніць хоць нейкае турыстычнае падарожжа гэтым летам.

Кажуць, што і мітынгі за Лукашэнку, і ягоныя выхады «ў народ» — гэта справа расійскіх піяршчыкаў і паліттэхнолагаў, якія прыехалі ў Беларусь ратаваць пакуль яшчэ кіраўніка краіны. Уплыў Расіі і сяброўства з Пуціным займае значнае месца ў народнай творчасці.

Расія прызнала вынікі ўкідаў у Беларусі.

Лукашэнка тэлефануе Пуціну:
— Уладзіміравіч, народ бунтуе. Што рабіць?
— Дубінкамі разганяў?
— Так. Не дапамагло.
— Саджаў у турму?
— Так. Не дапамагло.
— Дзяржслужбоўцаў на мітынг за цябе выганяў?
— Так. Не дапамагло.
— Ну, не ведаю. У мяне народ да гэтага ўзроўню яшчэ не даходзіў.

Двайнік Лукашэнкі патэлефанаваў двайніку Пуціна. Пагаварылі пра тое, як цяжка быць двайнікамі, дзе знайсці адзенне такога ж памеру і пра многае іншае. У прэсе з’явілася нататка: Лукашэнка і Пуцін паразмаўлялі чарговы раз.

Тэлефануе Лукашэнка Пуціну і пытаецца:
— Уладзімір Уладзіміравіч, што мне рабіць? Нічога ж не дапамагае.
А той яму шэптам:
— Сыходзь... Сыходзь…

Парадокс: у Беларусі Лукашэнку не падтрымліваюць 86% і ён там не патрэбны. У Расіі Лукашэнку падтрымліваюць 86%, але там ён таксама не патрэбны.

Шмат шуму нарабіла і з’яўленне Лукашэнкі з аўтаматам у сваёй рэзідэнцыі. Казалі, што гэта, зноў жа, творчасць расійскіх піяршчыкаў. Але Лукашэнка на мачо ніяк не пацягнуў. Людзі спачатку жахнуліся, а потым засмяяліся. Асабліва ўбачыўшы «ў поўнай баявой» Мікалая Лукашэнку і заўважыўшы, што выходзіў Аляксандр Рыгоравіч з верталёта з аўтаматам без ражка.

На гэты конт анекдот рускамоўны, бо толькі ў рускай аўтаматны магазін пераклікаецца з прадуктовым:

— Вот какой у меня автомат!
— Александр Григорьевич, а магазин где?
— Вон там, напротив…
(Насупраць рэзідэнцыі Лукашэнкі знаходзіцца гандлёвы цэнтр «Карона-Замак»)

«Разгуляліся! Калашом не завабіш!» — наракаў мужык з аўтаматам.

Лукашэнка паскардзіўся журналістам на дарагоўлю падрыхтоўкі дзіцяці да школы: «Я хоць і прэзідэнт, але такі ж бацька, як і вы. Я, мы, усе бацькі і выдатна ведаем, у якую капеечку вылятае сабраць дзіця ў школу. Глядзіце: кеўларавая бронекамізэлька — $380, тактычны шлем — $240, разгрузка з падсумкамі для магазінаў, дробязь, але $40 аддай! А абутак? Штаны? Заплечнік? Пра аўтамат я наогул маўчу!»

Культурныя асаблівасці беларускай рэвалюцыі народ таксама не абыходзіць. Песня «Перамен» Цоя стала гімнам сучасных пратэстаў.

— Чуў, з 1 верасня ва ўсіх навучальных установах Беларусі заняткі будуць ісці без паўзаў — адзін за адным.
— Чаму?
— Каб школьнікі і студэнты не чакалі перамен.

Зрэшты, мы толькі пачынаем асэнсоўваць часы, у якіх жывём. Асэнсоўваць і філасофстваваць на гэтую тэму:

Я цяпер у такім узросце, калі дзяўчынкі хочуць толькі дзве рэчы: каб Навальны выжыў, а Лукашэнка пакінуў пасаду прэзідэнта.

Мы жывём у неверагодна рэалістычным сімулятары Сярэднявечча. Вакол віруе эпідэмія, пасярод Еўропы за трон змагаецца манарх, які страціў уплыў, а палітычных канкурэнтаў ліквідуюць з дапамогай яду...

Аліна Бялова для budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: