Рок-галерэя ў ЦЭХу: каты, палацы, зялёныя чалавечкі ды зашыфраваныя лозунгі (+фота)

Выстава «Музыка без межаў» адкрылася вечарам 9 сакавіка ў творчай прасторы ЦЭХ. Вядомыя беларускія музыкі прадсталі перад публікай — у якасці мастакоў.

Адзін з арганізатараў выставы Віталь Зыблюк («Еўрарадыё») зазначыў, што мэта праекта — паказаць, што нашы музыкі — творцы ва ўсім. І ў іх ёсць магчымасць рэалізоўвацца не толькі ў музыцы. Работы, якія экспануюцца, — далёка не ўсе, што ёсць у беларускіх музыкаў-мастакоў. Арганізатары падлічылі, што калі сабраць усе працы, то спатрэбілася б арэндаваць не ЦЭХ, а Нацыянальны мастацкі музей.

Віталь Зыблюк

Падчас адкрыцця выставы журналісты, а потым і ўсе ахвочыя, маглі нефармальна паразмаўляюць амаль з усімі музыкантамі, чые творы былі прадстаўлены. Хіба толькі Лявон Вольскі адсутнічаў: зараз ён заняты падрыхтоўкай канцэрту ў Вільні, але абяцаў днямі зайсці на выставу з гітарай.


Каля карцін Ігара Варашкевіча мэтр беларускай музычнай журналістыкі Анатоль Мяльгуй узгадаў адкрыццё рок-клуба «Няміга» ў 1986 годзе. Тады Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам запатрабавалі, каб гледачы маглі паміж канцэртамі адпачыць і яшчэ штосьці пабачыць. Ігар Варашкевіч прынёс вялізны стэнд 2х3 метры, на якім было каля 40 карыкатур на музыкантаў. Стэнд карыстаўся надзвычайнай папулярнасцю, і Анатоль Мяльгуй з Вітаўтам Мартыненкам тады абмяркоўвалі, што гэтыя працы трэба захаваць для будучых пакаленняў.

«І што вы думаеце? Пакуль мы чухаліся, праз дзень гэтыя карыкатуры зніклі — фанаты разабралі!» — смяецца спадар Анатоль.

Анатоль Мяльгуй

Анатоль Мяльгуй


Сярод наведвальнікаў выставы можна было ўбачыць і прадстаўнікоў палітычнага бамонду Беларусі. Намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім апынулася даволі дасведчанай у беларускай рок-музыцы:

«Я ішла проста за эмацыйнымі ўражаннямі, і я іх атрымала — вельмі пазітыўныя. Канешне, і Такінданга мне было цікава паглядзець — мы з ім пэўным чынам перасякаліся. Вельмі цікавыя карціны Таболіча, Вольскі ўражвае. Мне спадабалася, што вельмі яркія колеры, — гэта значыць, музыкі пазітыўна настроеныя. Акрамя таго, што іх музыка эмацыйная, беларуская па сутнасці, яны праз музыку раскрываюцца як творцы, а тут яшчэ дадатковае каляровае самывыяўленне на палатне — гэта шыкоўна! Вельмі класная задума, і будзе добра, калі такія выставы будуць не аднаразовыя».

Алена Анісім

Алена Анісім


Вялікую цікаўнасць наведвальнікаў выклікала карціна Алега Хаменкі. Лідар «Палаца» і вядучы конкурсаў «Заспявай» сціпла зазаначыў, што, маўляў, карцінаў у яго няшмат, а каб можна было выставіць — гэта адзіная.

Праца «Тры каты, палац, Алег і лозунг» — карціна-загадка, разгадаць якую можна, калі ўважліва прыглядзецца, пажадана — праз лупу. І тады можна знайсці ўсіх катоў і даведацца, які лозунг маецца на ўвазе.

Алег Хаменка распавёў, што прататып гэтага палаца існуе на самай справе, знаходзіцца на мяжы Польшчы і Беларусі, але мастак хацеў зрабіць яго непазнавальным, без прывязкі да канкрэтнага будынка.
«У нас усе палацы парушаныя. А на руінах што — толькі каты і «Жыве Беларусь». Вось што тут насамрэч намалявана. А здаецца, што палац», — смяецца Алег Хаменка.


Алесь Таболіч, нязмены лідар пэган-фолк-метал гурта «Зніч», тату-майстар, дызайнер і сын мастакоў Рыгора і Марыі Таболічаў на выставе прадставіў свае юнацкія працы 1995–1997 гадоў. Яны моцна пераклікаюцца са стылістыкай гурта «Зніч», які акурат у той час набываў сваю папулярнасць.



Дарэчы, адна з выстаўленых карцін з'яўляецца вокладкай альбома «Язычнік Я», прэзентаванага якраз 20 гадоў таму (яшчэ на касеце!) у мінскім клубе «Акварыум».

Алесь Таболіч

Алесь троху шкадуе, што яго экспазіцыя засяроджана на жывапісу:

— Я б выставіў свае новыя працы ў рэкламным дызайне. Ведаю, што потым выстава паедзе па рэгіёнах, магчыма, мы дамовімся з арганізатарамі, каб дадаць гэтыя працы, каб людзі маглі паглядзець, што такое сучаснае мастацтва ў маім увасабленні.

Зараз я не займаюся жывапісам. Жывапісам можна займацца, калі ў цябе памяркоўная гармонія ў жыцці, калі ўсяго дастаткова, калі ты ў такім узросце, што табе не трэба дасягаць нейкіх вышынь, а трэба працаваць у «лайтовасці». А ў мяне, калі казаць пра творчасць, усё ідзе штуршкамі. Таму дызайн і рэклама зараз для мяне больш актуальныя».

Яшчэ адным месцам прыцягнення публікі стаў куток з карцінамі Ігара Варашкевіча. Усе яны датаваныя 2007 годам. Ігар Варашкевіч кажа, што нічога дзіўнага ў гэтым няма: «Гэта быў год, калі я навучыўся маляваць на кампутары. Мне гэта было цікава, я 2007 і 2008 гады маляваў. А потым перастаў».



Вядомы рок-блюзмен кажа, што і карыкатурамі зараз таксама не займаецца, так, раз-пораз можа нейкі шарж намаляваць, бо «стала нясмешна жыць».

Па словах Ігара, некаторыя з гэтых прац ён выставіў, каб людзей павесяліць, і каб людзі даведаліся, што ён не толькі такі, якім выглядае на сцэне. Зараз Варашкевіч усё аддае гітары.

Дызайнер і фронтмен легендарнага гурта «Žygimont Vaza» Сяргей «Скрыпа» Скрыпнічэнка прадставіў тры плакаты, якія былі зроблены для выставы дызайну ў Эстоніі.

«Там штогод праводзіцца фестываль пад назвай «Individuality» — індывідуальнасць. Штогод абвяшчаецца нейкая тэма. Тэма — гэта слова, напрыклад, «энергія» ці «космас». Летась абвясцілі слова «Alien» — чужынцы. Вельмі неадназначная тэма для сённяшняй Еўропы. Гэтае слова па-англійску мае шмат вызначэнняў: гэта і іншапланетнікі, і прыхадні, і чужынцы з іншых краёў. У Латвіі неграмадзяне маюць пашпарт Alien, з гэтай нагоды жартуюць — пашпарт іншапланетніка
». — распавёў Сяргей.

І дадаў: «Што трэба рабіць, калі вы бачыце зялёных чалавечкаў? Пераходзіць дарогу. Гэты вядомы жарт я абыграў у плакаце».

Сяргей "Скрыпа" Скрыпнічэнка

Сяргей "Скрыпа" Скрыпнічэнка


Зразумела, без музыкі мерапрыемства не магло абыйсціся. У сваёй музычнай іпастасі выступілі Юры Стыльскі з «Дай дарогу», Алег Хаменка, Ігар Варашкевіч, Андрусь Такінданг і гурт Re1ikt.
 

Адзін з арганізатараў выставы Віталь Супрановіч, БМА group, не раскрывае ўсе карты, але кажа, што ёсць планы праехацца з выставай па Беларусі: ужо дакладна вядома, што карціны музыкаў варта чакаць у Віцебску.

А ў прасторы ЦЭХ у Мінску (вул. Кастрычніцкая, 16) выстава «Музыка без межаў» будзе працаваць да 19 сакавіка. Кошт квіткоў — сімвалічны.
 
Фота Уладзіслаў Рубанаў

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: