Рок-опера «Чарадзей» на клубнай сцэне (фота)

У мінскім пабе «Бруге» 4 сакавіка гурт «У нескладовае» з дапамогай студэнтак Інcтытута сучасных ведаў паказаў рок-оперу «Чарадзей».

У мінскім пабе «Бруге» 4 сакавіка прайшоў другі паказ рок-оперы «Чарадзей». Першы адбыўся ў Філармоніі ў лістападзе 2016 г., трэці пройдзе таксама ў Філармоніі сёлета ў траўні.

Гурт «У нескладовае» з дапамогай студэнтак Інтытута сучасных ведаў увасобіў на сцэне успаміны, трызненні і сны полацкага князя Усяслава Чарадзея (1029 – 1101) падчас знаходжання таго ў кіеўскім порубе (вязніцы).

Невыпадкова паказ прайшоў 4 сакавіка: 3 сакавіка 1067 г. адбылася бітва на Нямізе, апісваючы якую, летапісец упершыню згадвае Мінск: «Браты ж (паўднёварускія князі Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад) узялі Менск, перабілі ўсіх мужчын, а жанчын і дзяцей увялі ў палон і пайшлі да Нямігі. І пайшоў Усяслаў супраць іх. І сустрэліся праціўнікі на Нямізе месяца сакавіка ў 3-і дзень, быў снег вялікі…».

Лакалізацыя летапіснай «Нямігі» выклікае спрэчкі ў гісторыкаў, кажуць нават аб горадзе з такой назвай, аднак большасць навукоўцаў сыходзіцца на тым, што бітва адбылася на месцы сучаснага Мінска, на рацэ Нямізе.

Першапачатковы ж Мінск так ніколі і не адрадзіўся (гарадзішча таго паселішча, паваяванага братамі-Яраславічамі знаходзіцца ў вёсцы Гарадзішча Мінскага раёна). 3 сакавіка лічыцца неафіцыйным Днём горада Мінска і, як мы бачым на прыкладзе рок-оперы «Чарадзей» ды іншых ініцыятыў, адзначаецца свядомай грамадскасцю.

Кааліцыя паўднёварускіх князёў на Нямізе перамагла, але самога князя Усяслава Чарадзея захапіць у палон не здолела. Невядома, што кааліцыя рабіла ў Полацкай зямлі да 10 ліпеня 1067 г., верагодна, займалася рабаўніцтвам, а 10 ліпеня паўднёварускія князі запрасілі Усяслава на перамовы ля Оршы, прысягнуўшы, што не зробяць яму ніякай шкоды. Сцэна перамоў адлюстраваная ў рок-оперы «Чарадзей» і поўная драматызму: Ізяслаў кіеўскі і Усяслаў полацкі спрачаюцца аб лёсе Полаччыны, але чамусьці ў оперы часам гучыць слова «Беларусь», якое ў ХІ стагоддзі яшчэ не выкарыстоўвалася. Мастацкая метафара.

Не дабіўшыся ад Усяслава згоды стаць васалам Кіева, парушыўшы прысягу, валадара полацкай зямлі захапілі ў палон і кінулі ў кіеўскі поруб з двума сынамі. Праўда, у оперы мы не бачым ні сыноў Усяслава Полацкага, ні братоў Ізяслава Кіеўскага: драматургія. Дыялогі князёў “адзін на адзін” выглядаюць вельмі эфектна.

У вязніцы да Усяслава прыходзяць Мара і Надзея, з якімі ён дзеліцца развагамі пра лёс свой і айчыны. Ну і як у кожным добрым блокбастэры прысутнічае лінія кахання: Надзея ўвасабляецца дзяўчынай Касяй з ХХІ стагоддзя, з якой Усяслаў сустрэўся падчас вандровак у часе. Ну і як па законах драматургіі стрэльба, што вісіць на сцяне, павінна выстраліць, так і ў «Чарадзеі» воўчая скура аказалася не проста сцэнічнай дэкарацыяй. Але прыходзьце на рок-оперу ў траўні, пабачыце самі.

«Чарадзей» ужо займеў сталых прыхільнікаў: у залі прысутнічалі слухачы, якія наведалі лістападаўскі паказ у Філармоніі, уразіліся і вырашылі паглядзець, як тая ж дзея пройдзе на клубнай сцэне. Напэўна, «Чарадзей» – гэта ўсё ж не клубны фармат: людзей было не вельмі шмат, пераважна сядзелі за столікамі і на канапах, танцпол – амаль пусты. Але задума Рамана Арлова, натхнёная дзяцінствам у старажытным Полацку, безумоўна цікавая сваёй універсальнасцю і здольнасцю прыцягваць самыя розныя колы прыхільнікаў.

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: