Розныя па пакаленню, але адзіныя па духу

Нагодай для гэтай размовы стаў канцэрт у мінскім клубе «Графіці». Вакаліст гурта «Dzieciuki» Алесь Дзянісаў і бард Андрэй Мельнікаў маюць розную тэматыку выканання, але адзіныя па мяцежнаму духу. І кожны з іх сутыкаўся з забаронамі сваіх выступаў.

Алесь Дзянісаў: Андрэя Мельнікава ведаю дужа даўно. Слухаў ягоныя песні яшчэ на касетным магнітафоне. А асабіста пазнаёміліся мы ў далёкім 1997 годзе, у Гродна. У тыя часы паўставаў гурт «КальЯн». І вось на нашай «кропцы», дзе мы звычайна рэпетавалі, у сутарэннях акардэаніста Андрэя Сакалова, мы нават разам гралі песні спадара Андрэя. Зрабілі чарнавыя запісы некалькіх кампазіцыяў, якія зараз, на жаль, згубленыя. Планавалі запісаць сумесны альбом, але ўсё так і засталося на ўзроўні планаў і мараў.

Андрэй Мельнікаў: Я адразу пагадзіўся граць з Алесем. Не скажу, каб мне быў блізкі панк-рок, у жанры якога граюць «Dzeciuki», хаця мае песні і параўноўвалі з творчасцю Ягора Летава. Выступаю ў клубе “Графіці” ў другі раз, і пакуль усё тут падабаецца. Урэшце, пазбягаю займацца тым, што мне нецікава. Зараз працую ў дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, музеі-дачы Васіля Быкава.

 

Тое, што мяне ведаюць як спевака — толькі пэўная частка маёй творчасці. У красавіку гэтага года выйшла апошняя кніга серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» пад рэдакцыяй Анатоля Тараса, якраз за маім аўтарствам. Я падключыўся да напісання работ, калі яны сталі безганарарнымі, і за першыя 7 напісаных мною даследаванняў атрымаў у лютым 2018 года прэмію Вацлава Ластоўскага. Увогуле, у серыі выйшла 17 маіх кніг, у тым ліку пра Міхася Чарняўскага, Янку Станкевіча, Арсена Ліса, Генадзя Кісялёва і г. д. Гэтыя кніжкі кішэннага фармату — расповед і пра тых беларускіх дзеячаў, якіх абыходзіць увагай афіцыёз.

— Як часта ладзіце канцэрты?

Андрэй Мельнікаў: У красавіку гэтага года ў мяне быў выступ пад назвай «Любоў і каханне» з маімі сябрамі, бардамі Алегам Мізулам і Зміцерам Бартосікам у малой канцэртнай зале «Мінск». Дагэтуль у сакавіку з імі ж гралі ў Смаргоні. Яшчэ з Аляксандрам Памідоравым збіралі сяброў у гомельскай Арт-прасторы «Каўчэг». Урэшце, што хацелі заспяваць — заспявалі. Ды на Дзень Волі па запрашэнні рэдактара Радыё Рацыя і газеты «Ніва» Яўгена Вапы граў у Беластоку. Для нашых людзей у Польшчы гэта сапраўднае свята, нагода сабрацца, заявіць што яны яшчэ ёсць…


Алесь Дзянісаў: У нас 11 траўня скончыўся тур па Польшчы. Мы колісь падлічылі, дзе і колькі канцэртаў у гурта праходзіць, і высветлілі, што 70% адбывалася ў суседняй заходняй краіне. Там мы вельмі папулярныя, збіралі на выступы дзясяткі і сотні чалавек. Таксама і беларусы прысутнічалі ў вялікіх гарадах: Гданьску, Кракаве, Варшаве. Але асабіста мне запомніўся горад Тшцель на мяжы з Нямеччынай, дзе да нас прыйшлі сапраўдныя панкі хвалі 80-х гадоў, якія працуюць там шахцёрамі. Кожны з іх быў з завушніцамі, у татуіроўках, яны па-сапраўднаму адрываліся на канцэрце. Але ж прыемна, калі прыходзяць і звычайныя людзі. Вось ва Вроцлаве канцэрт наведала пара за 60 год, якая была знаёмая з творчасцю «Дзецюкоў» па папярэдніх фестывалях.

Спадар Алесь, два гады таму вы выпусцілі сольны альбом на вершы Алеся Чобата «Кароткая гісторыя Беларусі». Няма жадання перайсці ў аўтарскую песню?

Алесь Дзянісаў: У аўтарскую песню зыходзіць не збіраюся. Мне заўсёды хацелася займацца акустыкай. З прэзентацыяй «Кароткай гісторыі Беларусі» я праехаў некалькі беларускіх гарадоў, дзе выканаў усе песні альбома. Больш спяваць песні цалкам не буду, але некалькі абавязкова выкарыстаю падчас сваіх сольных выступаў. Рэдка, але адбываюцца мае сольнікі. У асноўным, у родным горадзе. Але ўсё ж, больш часу і ўвагі ідзе на гурт “Dzieciuki”. Тым не менш, ужо даўно хачу выпусціць альбом на вершы Уладзіміра Караткевіча. Якім ён будзе? Не ведаю. Пакуль што не было часу ім займацца. Але вось акурат час наблізіўся.

— Спадар Андрэй, вы па-ранейшаму заўзяты выканаўца апазіцыйных песень?

— Сапраўды, напачатку творчасці я нёс у свет ідэі БНФ. Потым некалькі год быў спеваком Беларускай сацыял-дэмактратычнай Грамады Мікалая Статкевіча. Але апошнія 15–16 год, пасля прыняцця хросту, з дапамогай у тым ліку і царквы, раблюся творцам па-за сістэмай. Сёння збольшага адчуваю сябе праваслаўным хрысціянінам. Так і ў творчасці — на вершы майго сябра, жыровіцкага паэта-манаха Зьніча, у мяне песень, бадай, больш, чым на чые заўгодна, за выключэннем уласных. Таксама наведваю беларускія багаслужбы ў храме Пятра і Паўла на Нямізе. Царква дапамагае не азвярэць, быць чалавечным. Увогуле, імкнуся жыць у адпаведнасці з назовам нобелеўскай прамовы Аляксандра Салжаніцына: не па ілжы. Спадзяюся, атрымоўваецца.



Фота аўтара

                                                                                                                           

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!