«Рытмы свабоды». Вецер перамен, што прынёс дух свабоды

Сёння на кінафестывалі «Лістапад» у пазаконкурснай праграме дакументальнага кіно «Кіно перамен» дэманструецца фільм «Рытмы свабоды».


Фільм «Рытмы свабоды» («Beats of Freedom — Zew wolności», Польшча, 2010; рэж. Лешэк Гнаіньскі, Войцэх Слота) распавядае пра падзеі, калі ў сацыялістычную Польшчу разам з рок-музыкай прыйшоў дух свабоды. Паказваецца, як музыка змяніла польскую моладзь і грамадства, робіцца экскурсія па польскай рок-музыцы перыяду ад пачатку 1960-х гадоў і да падзення камунізму ў Польшчы ў 1989 годзе, у часы, калі адзін толькі канцэрт «The Rolling Stones» у Варшаве ў 1967-м паставіў пад пагрозу ўсю дзейнасць савецкай прапаганды. 

Польшча да канца 1980-х гадоў з’яўлялася часткай сацыялістычнага блока. Але, нават нягледзячы на існуючы ў тыя часы строй, палякі імкнуліся жыць у нармальных умовах. У іх была магчымасць слухаць рок, які быў адлюстраваннем рэчаіснасці. Рок, які на Захадзе быў часткай рэвалюцыі традыцый, стаў і ў камуністычнай Польшчы выразам бунту супраць рэжыму.

У сярэдзіне 1950-х гадоў, калі на вольным Захадзе зараджаўся рок і запісваліся першыя рок-н-рольныя альбомы Элвіса Прэслі, Польшча пакутавала ад самага крывавага перыяду камунізму і сталінскага тэрору, калі тысячы людзей выракалі на смерць. І ў гэты час у цэнтры Варшавы ўзвялі Палац культуры і навукі — падарунак для палякаў ад Савецкага Саюза і Іосіфа Сталіна. Аднак палац, які павінен быць знакам перавагі камунізму, у выніку стаў найбольш нялюбым будынкам для палякаў — сімвалам таталітарнага рэжыму. У палацы праходзілі партыйныя з'езды, а на плошчы перад ім знаходзілася трыбуна, якую выкарыстоўвалі падчас мітынгаў і камуністычных парадаў.

Але вось парадокс — менавіта ў гэтым сталінскім гмаху ў цэнтры Варшавы 13 кастрычніка 1967 года адбылася падзея, якая ў многім паўплывала на далейшае развіццё не толькі польскай музыкі, але і на развіццё многіх працэсаў у польскім грамадстве, найперш — дэмакратыі. У той дзень у Палацы культуры адбыўся канцэрт «The Rolling Stones». Знакаміты гурт прыехаў у Варшаву з канцэртам толькі на адзін дзень, квіткоў на ўсіх не хапіла, і апроч тых, каму пашчаслівіла набыць квіткі, да Палацу прыйшло каля 10–15 тысяч чалавек. Прыезд «Ролінгаў», а затым і падобныя ім падзеі, аказалі моцны ўплыў як на станаўленне польскай музыкі, так і на саму моладзь. Рок-музыка была больш чым песні. У ёй адлюстроўвалася незадаволенасць дзеяннямі ўлады, яна правакавала да нейкіх дзеянняў, да змен. І польскі рок, ад самага свайго пачатку стаў апазіцыйным да рэальнасці. Песні бурылі стэрэатыпы і адначасова стваралі повязі паміж простымі людзьмі. Мноства знакамітых груп ад Iron Maiden да Genesis P. Orridge прыязджалі ў Польшчу з выступамі ў знак салідарнасці з польскай моладдзю.


А 1980-я гады наогул сталі пераломнымі для польскай музыкі. Гэта быў час бума польскага року. Музыканты смела агучвалі ў сваіх песнях тое, што лунала ў той час у паветры. Народ жадаў перамен, людзі хацелі быць вольнымі. Па ўсёй Польшчы праходзілі тысячы канцэртаў, музыка аб’ядноўвала вакол сабе цэлыя натоўпы фанатаў. І ў той час у маленькім гарадку Яроцын у цэнтры Польшчы прайшоў самы вялікі рок-фестваль ва Усходняй Еўропе. Туды штогод на працягу 1980-х на некалькі дзён прыязджалі калі каля 20 000 чалавек з усёй краіны. Яроцын у гэтым стаў у пэўным сэнсе ўнікальным, адзіным месцам духу свабоды ў сацыялістычным блоку.

Гэта быў перыяд, калі польскае грамадства павінна было выбухнуць. Палякі разумелі, што сацыялізм вядзе да росту цэн, даводзіць народ да жабрацтва. Пустыя паліцы ў крамах, нізкія заробкі, парушэнне правоў і ціск на грамадства з боку ўлады. І як вынік — у 1980 годзе Польшчу накрыла хваля пратэстаў. У сярэдзіне жніўня стала суднаверф імя Леніна ў партовым Гданьску. Народ хацеў ужо не проста жыць бязбедна, палякі жадалі сапраўдных змен, змен у самой сістэме. І ўпершыню ў гісторыі сацыялістычнае кіраўніцтва пад уплывам пратэстаў рабочых было вымушана саступіць. Быў утвораны незалежны прафсаюз «Салідарнасць», адбылося яднанне і супрацоўніцтва інтэлігенцыі і рабочых, якое не здолела раз’яднаць камуністычная ўлада. І гэта было толькі пачаткам змен у грамадстве і сталася асновай пратэсту. У пэўным сэнсе Яроцын апярэдзіў зараджэнне «Салідарнасці» — фестываль адбыўся напачатку чэрвеня, а прафсаюз «Салідарнасць» узнік у жніўні—верасні 1980 года.

Дух волі — вось што аб’ядноўвала моладзь на рок-фестывалю ў Яроцыне, маляўніча паказаным ў фільме. Дзякуючы рок-музыцы польская моладзь знайшла сваю прастору свабоды, нягледзячы на тое, што жыццё ў краіне кантраляваў рэжым. У стужцы высвятляецца і шмат цікавых падрабязнасцей. Так, у тым самым Палацы культуры і навукі, які з’яўляўся «падарункам Савецкага Саюза» размяшчалася  гуказапісная студыя для адной з самых антыкамуністычных польскіх рок-груп.


Рок быў адной з найважнейшых дысцыплін, якія мяне сфарміравалі, цяпер ён стаў важнай часткай майго жыцця. Гэтым фільмам я хацеў аддаць даніну павагі людзям, якія паўплывалі на маё ўспрыманне свету, а наступным пакаленням нагадаць, чым тая музыка была калісьці і чым — я спадзяюся — можа быць у будучыні, — каментуе рэжысёр фільма Лешэк Гнаінскі.

Тая рэальнасць надавала музыцы неверагоднай сілы, але, калі выбухнула ваеннае становішча, мне было толькі 10 гадоў, і не я абавязкова разумеў сэнс тэкстаў. Тым не менш, мае музычныя захапленні з 80-х гадоў моцна паўплывалі на тое, што я раблю сёння, да таго ж варта распавядаць гісторыі пра тое, што для нас важна, — падкрэслівае рэжысёр фільма Войцех Слота.



Фільм быў зроблены Інстытутам Адама Міцкевіча і TVN. У лістападзе 2009 атрымаў спецыяльны прыз на Фестывалі Польскага Кіно ў Амерыцы, які штогод праводзіцца ў Чыкага. У 2010 на МКФ музычнага кіно «MusiXine» (Фінляндыя) стужка атрымала галоўны прыз фестывалю.

8 лістапада стужку можна паглядзець у кінатэатры «Мір», паказ у 19.30.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!