Сад памяці Гутэн-Чапскіх

Іван Гардзіеўскі трэці год апантаны ідэяй ушанавання памяці выбітнай асобы айчыннай гісторыі і культуры, былога галавы гарадской управы Мінска, графа Караля фон Гутэн-Чапскага.

Ля былой бібліятэкі «Скарбчык», дзе Чапскія трымалі свае калекцыі

Менавіта дзякуючы высілкам неардынарнага чалавека Караля фон Гутэн-Чапскага на мяжы XIX і XX стагоддзяў Мінск з шараговага губернскага цэнтру Расійскай імперыі пераўтварыўся ў сучасны еўрапейскі горад.

У сталіцы жыве неабыякавы чалавек — прадпрымальнік і грамадскі дзеяч Іван Гардзіеўскі, што імкнецца адрадзіць памяць пра род Чапскіх.

 Іван Гардзіеўскі

На сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадскасці, што днямі адбылася ў родавых сядзібах Чапскіх Станькава (Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) і Прылукі (Мінскі раён), Іван Гардзіеўскі падзяліўся сваімі задумамі.

Рэшткі брамы з вартоўняй палацава-паркавага ансамблю

Па-першае, ля самых Прылукаў на тэрыторыі ААТ «Гастэлаўскае» ён плануе стварыць Сад памяці графоў Чапскіх. У васьмі кіламетрах ад сталіцы на плошчы каля 15 гектараў паміж вёскамі Прылукі і Каханаўшчына спадар Іван мяркуе закласці сад усіх элітных гатункаў пладова-ягадных культур, у тым ліку яблык, груш і вішань, якія культывуюцца ў Беларусі.

«Мы спадзяемся, што спецыялісты з акадэмічнага Інстытуту пладаводства дапамогуць падабраць для гэтага праекту адпаведныя саджанцы», — зазначыў Іван Гардзіеўскі. Ён распавёў, што сад мяркуецца разбіць ля палацава-паркавага ансамблю Чапскіх на месцы былога лясного масіву, які летась быў знішчаны моцным ураганам. Калі бліжэйшым часам будуць вырашаныя пытанні з зямельным пляцам і фінансаваннем праекту, закладка мемарыяльнага саду можа адбыцца летам наступнага года, лічыць прадпрымальнік.

 У старадаўнім пейзажным парку з элементамі рамантызму


Другі свой праект ён звязвае з ушанаваннем памяці Караля Гутэн-Чапскага ў самым цэнтры Мінска — на адрэзку вуліцы Леніна паміж праспектам Незалежнасці і Плошчай Свабоды. Менавіта ў гэтым месцы, дзе раней праходзіла вуліца Юр’еўская, на мяжы XIX–XX стагоддзяў стаяў будынак Мінскай гарадской управы, якую годна ўзначальваў Караль фон Гутэн-Чапскі, падкрэсліў спадар Іван. На ягоную думку, на былой Юр’еўскай трэба ўзвесці бюст выбітнаму гарадскому галаве, а таксама мемарыяльную дошку ў памяць пра будынак Мінскай гарадской управы. Пытанне пра ўшанаванне памяці Караля Чапскага ў Мінску можа быць вырашана даволі хутка, бо ўжо падрыхтаваны праект бюста і знойдзены крыніцы фінансавання гэтага праекту, запэўніў Іван Гардзіеўскі.

Месца былой крыпты Чапскіх у Станькаве

Пра былую крыпту Чапскіх у Станькаве нагадвае толькі памятны крыж

Разам з тым, ён лічыць неабходным аднавіць у Станькаве капліцу над склепам Чапскіх, дзе ляжаць пяць прадстаўнікоў гэтага славутага роду.

У гэтай камяніцы жыла абслуга родавага маёнтку

Навуковы кіраўнік палацава-паркавага ансамблю Чапскіх у Станькаве дойлід Алег Масліеў ужо падрыхтаваў архітэктурны праект аднаўлення капліцы, разбуранай у 1960-я гады.

Гаспадарчыя пабудовы графскага маёнтку перажывуць стагоддзі

Усе названыя ініцыятывы з’яўляюцца часткамі вялікага праекту «Культурная спадчына краіны — набытак свету» ці «Спадчына ВКЛ», над якім спадар Іван працуе разам з  паплечнікамі. Гаворка ідзе пра ўзвядзенне пад Мінскам паміж вёскамі Прылукі, Атоліна, Каханаўшчына, Падгай і Скарынічы вялікага турыстычнага комплексу «Беларусь праз стагоддзі».

Менавіта на гэтых пагорках Мінскага ўзвышша спадар Іван Гардзіеўскі мяркуе здзейсніць свой праект «Спадчына ВКЛ»

Так, у гістарычнай частцы комплексу мяркуецца прадставіць 100 найбольш выбітных архітэктурных ансамбляў Беларусі апошніх 777 гадоў яе славутага мінулага ў выглядзе копій, макетаў і выяваў, а на Плошчы дружбы рэлігій узвесці найбольш характэрныя для краіны ўзоры твораў сакральнага дойлідства — дзеючыя царкву, касцёл, сінагогу і мячэт.

 Узноўленая святыня — Святамікалаеўская царква канца XIX стагоддзя

Апроч таго, у комплексы запланавана будаўніцтва дзелавога цэнтру «Мара» дзеля стасункаў прадстаўнікоў беларускай дыяспары, міжнароднага бізнесу і турызму, а таксама іншыя аб’екты, што прэзентуюць свету нацыянальную гісторыю і культуру беларусаў — традыцыйную і сучасную. Трэба падкрэсліць, што тэрыторыя, дзе будзе ажыццяўляцца праект «Спадчына ВКЛ», вылучаецца вельмі маляўнічымі краявідамі з палямі, лясамі і басейнам ракі Пціч, што вольна разлегліся на пагорках Мінскага ўзвышша.

Вось такія чароўныя куточкі па берагах Пцічы знаходзяцца ўсяго ў некалькіх кіламетрах аб беларускай сталіцы

Зараз Іван Гардзіеўскі разам з студэнтамі мінскіх ВНУ стварае 3D-версію свайго праекта і ягоную пляцоўку ў сетцы. Дык пажадаем яму посьпеху! 


Ля муроў палацу Чапскіх у Прылуках


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: