«Санаторыі пад клепсідрай» запрашае на лекцыю-канцэрт у прамым эфіры

Шостая сустрэча «Санаторыю пад клепсідрай» прысвечаная парадаксальнай постаці, што стала голасам пакалення і сімвалам руху «Салідарнасць», але была нашмат глыбейшая і цікавейшая за плоскаць палітыкі, — Яцаку Качмарскаму. Запрашаем 26 траўня на лекцыю-канцэрт Андрэя Хадановіча ў прамым эфіры.


Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”. Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы.

Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў”, цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх ёсць і нобелеўскія лаўрэаты і лаўрэаткі. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.

Тэма шостай сустрэчы — культавы польскі паэт і спявак ЯЦАК КАЧМАРСКІ (1957–2004). Бард, які трымаў гітару іначай. Парадаксальная постаць, што стала голасам пакалення і сімвалам руху “Салідарнасць”, але была нашмат глыбейшая і цікавейшая за плоскаць палітыкі.  

Паэт-інтэлектуал, натхнёны Брэйгелем і Матэйкам, Феліні і Таркоўскім. Перакладчык і “суаўтар” Уладзіміра Высоцкага, Жака Брэля, Луіса Льяка, Боба Дылана. Аўтар дзясяткаў альбомаў і тысячы старонак тэкстаў.  

Андрэй Хадановіч, які пераклаў Качмарскага і разам з беларускімі музыкамі запісаў дыск “Муры”, у фармаце лекцыі-канцэрту прадставіць творчасць, прачытае вершы і заспявае песні геніяльнага польскага барда.

Запрашаем на лекцыю-канцэрт у прамым эфіры 26 траўня а 17-ай на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку

Заахвочваем да актыўнага ўдзелу — задавайце пытанні і дзяліцеся меркаваннямі.

Польскі Інстытут у Мінску у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй цалкам пераносіць сваю дзейнасць у віртуальную прастору. У сувязі з гэтым запрашаем сачыць за інфармацыяй і падзеямі на нашым сайце і старонках у сацыяльных сетках:

www.instpol.by

www.facebook.com/instytutpolski.wminsku

www.vk.com/instytut_polski_w_minsku

#Заставайсядома — культура прыйдзе да цябе!

Паводле прэс-рэлізу



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: