«Сарматыя» Марыі Мартысевіч – у кнігарнях

Доўгачаканая навінка і абсалютны рэкорд беларускага кніжнага краўдфандынгу ў 2018 годзе – паэма «Сарматыя» Марыі Мартысевіч.
Вершы, якія дзякуючы соцсеткам зрабіліся культавымі, як толькі былі напісаныя. Шыкоўна ўкладзеная і аздобленая кніга змяшчае 44 старонкі вершаў-лістоў, звязаных сюжэтам: гэта свайго роду серыял XVI стагоддзя. У кнізе – дзве адрыўныя ілюстрацыі-паштоўкі, якія зрабіла мастачка Юлія Рудзіцкая.

Чытайце таксама: Ноч, сабакі і трасянка: галоўныя падзеі белліту-2018

У суботу 5 студзеня з 17:00 па 20:00 у кнігарні «Логвінаў» адбудзецца аўтограф-сесія. Аўтарка падпіша кнігу ўсім ахвочым, а таксама раскажа, як стваралася паэма. Чаму варта быць: толькі ўдзельнікі краўдфандынгу і наведнікі
аўтограф-сесіі будуць ведаць альтэрнатыўны фінал твору.

У эпісталярнай паэме Марыі Мартысевіч апісваецца гісторыя кахання, якая мела месца невядомага калі і невядома дзе. Але яно і няважна, калі і дзе, бо «Сарматыя» — гэта таксама гісторыя пра тое, што звычайна здараецца з людзьмі, якія наважыліся быць не такімі, як усе, у любыя часы і ў любой краіне. Сарматы — напаўміфічныя качэўнікі, апісаныя яшчэ Герадотам. Іх плямёны засялялі Паўночнае Прычарнамор'е ў ІІІ-ІV ст. н.э. Праз тузін стагоддзяў ад іх пачала весці свой род шляхта Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай,
абмяжоўваючыся такім чынам ад сялянскага саслоўя. Аўтарка паэмы спрабуе пачуць водгулле гэтага «старога добрага шляхецкага сарматызму» ў Беларусі ХХІ стагоддзя.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: