Сцерці бронзу з класіка

26 красавіка на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек адбудзецца прэм’ера спектакля «Пушкін. Вельмі маленькія трагедыі» ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь і лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі Аляксея Ляляўскага.

Заўсёднікі тэатра ўжо прызвычаіліся, што класіка ў прачытанні гэтага рэжысёра ніколі не бывае «класічнай». «Вельмі маленькія трагедыі» таксама не павінны стаць выключэннем: разрыў з традыцыйным успрыманнем вядомага твора Пушкіна і вобразам паэта-помніка — самае меншае, чаго варта чакаць ад прэм’еры.

Так як Пушкін напісаў

Аляксей Ляляўскі: «На жаль, Пушкіна ўспрымаюць як клішэ: мы ведаем, што ён «сонца рускай паэзіі» і пра што яго «Скупы рыцар», нават калі не гарталі гэты твор, бо нам так сказалі. Таму ў нашым спектаклі мы паспрабавалі проста ўважліва прачытаць «Маленькія трагедыі».

Пушкін браў аснову сваіх твораў у розных крыніцах, але ён заўсёды значна перапрацоўваў і сюжэты, і тэксты. Той жа «Скупы рыцар», здаецца, гісторыя пра скупасць, але яна яшчэ і пра тое, што два пакаленні, бацька і сын, не могуць знайсці агульную мову з-за рознага разумення жыцця і яго мэты. Таму нельга казаць, што гэта просты фармальны пераказ вядомай гісторыі. На сюжэт пра Дон Жуана існавалі творы Цірса дэ Маліны, Мальера, опера Моцарта, але Пушкін у «Каменным госці» кардынальна змяніў яго сутнасць. Ва ўсіх аўтараў да яго гісторыя была пра тое, што ёсць спакуснік, гэткі д’ябал, а ўсе астатнія, асабліва жанчыны, з’яўляюцца яго ахвярамі. У Пушкіна ж усё наадварот: менавіта донна Ганна запрашае дон Гуана да сябе і пажаднасць выяўляюць абодва бакі.

Гісторыя Сальеры і Моцарта ўвогуле прыдуманая, бо вядома, што першы другога не атручваў. Але Пушкіна і не цікавіла гістарычная дакладнасць. Яму было цікава іншае: той, хто наверсе, хто лічыць сябе геніем, абраным, мае права на злачынства ці не? Ці можна пераступіць гэтую мяжу альбо пасля яе чалавек заканчваецца? У «Баляванні падчас чумы» Пушкін выкарыстаў, здаецца, самы лепшы, моцны эпізод з рамантычнай п’есы Вільсана і атрымалася гісторыя пра блюзнерства, якое мае два бакі. З фармальнага боку людзі, што сабраліся падчас чумы і сцвярджаюць: іх прыватныя перажыванні больш важныя, чым агульнанацыянальны траўр, блюзняры. А з нефармальнага? Ці маюць значэнне іх пакуты для грамадства?
Над усімі гэтымі пытаннямі трэба думаць, бо жыццё рознабаковае і пазбаўленае плоскаснасці як і творы Пушкіна. Нельга сказаць: у нашым спектаклі не пушкінская трактоўка «Маленькіх трагедый». Проста мы ставім тое, што напісаў Пушкін, а не тое, што нам увялі ў вушы».

«Ужасный век, ужасные сердца»

Па меркаванні Аляксея Ляляўскага, творы класіка вельмі сугучныя сучаснасці: маленькія ў сэнсе памера трагедыі Пушкіна сёння ўспрымаюцца нязначнымі па маштабе, паўсядзённымі з’явамі.

Аляксей Ляляўскі: «Пушкін, верагодна, не думаў пра гэта, калі пісаў свае творы. Яго хвалявалі ўласныя праблемы, ён шукаў адказы на пытанні, якія мучылі яго: геній ён ці не, ці не здраджвае яму жонка і г. д. Але так атрымалася, што наш сённяшні фон дазваляе пабачыць у яго тэкстах новыя сэнсы. Сёння атруцяць Моцарта — і гэта нікога не закране, ніхто не заўважыць, бо мы пазбаўлены магчымасці асэнсоўваць маштаб асобы, трагедыі, пакут і радасці. Такі ў нас час.

У сучасным свеце любая трагедыя маленькая, не вельмі значная. Сто тысяч ахвяр генацыду ў Афрыцы? Ну і што. Ва Украіне вайна і кожны дзень гінуць людзі? І што? Але за гэтым усім стаіць чалавек. Сёння ён магчыма і незаўважны, але гэта не адмяняе таго, што ён жывы і жыццё ў яго адзінае, і суадносна са сваімі сіламі ён хоча пражыць яго добра, хоць і не заўсёды атрымліваецца. Чалавек становіцца пясчынкай, таму ён і сядзіць у інтэрнэце, імкнецца пастамі звярнуць на сябе ўвагу, сцвердзіць, што ён існуе, бо да яго няма справы ні грамадству, ні дзяржаве. Людзі сёння не патрэбныя, яны перашкаджаюць.

Сёння мы да ўсяго, і да пазітыўных рэчаў, і да негатыўных, ставімся вельмі ўжо цярпіма, незацікаўлена. Мы занадта ўсепрабачальныя, у тым ліку і ў адносінах да граху. Адзінае з чым яшчэ больш менш змагаюцца, прычым фармальна і выбарча, — блюзнерста: Pussy Riot пераследуюць, а крыжы ў Курапатах рваць — гэта нармальма».

І грэх, і смех

«Пушкін. Вельмі маленькія трагедыі» гэта чатыры гісторыі і чатыры грахі: скупасць, зайздрасць, юр і блюзнерства. А яшчэ гэта разважанне аўтараў, Пушкіна і Ляляўскага, над стаўленнем да граху і пакараннем, якое чакае, калі чакае, за іх.

Аляксей Ляляўскі: «Стаўленне Пушкіна да граху, гэта сумніў: «А што будзе?». І гэта тыпова славянскае стаўленне. У заходняй традыцыі ўсё было зразумела: гэта добра, гэта дрэнна, за кожны ўчынак давядзецца трымаць адказ. А ў нас, хоць і індульгенцый не было, заўсёды можна было дамовіцца: памаліся, ахвяруй і ўсё будзе добра. Калі, напрыклад, узгадаць «Страшны суд» Рублёва, то ён больш пра «ўсё адно прабачэнне будзе», а вось у Дантэ прабачэння няма. Таму ўсе тыя грахі, пра якія піша Пушкін, гэта нібыта і не грахі».
Нягледзячы на такую няпростую тэматыку, рэжысёр запэўнівае, што на яго «Вельмі маленькіх трагедыях» будзе смешна, але справа тут не ў жаданні пазабаўляць гледачоў.

Аляксей Ляляўскі: «Смяяцца трэба. Смех, калі ён змястоўны, а не проста выкліканы тым, што нехта змарозіў пошлась, дапамагае развітацца з асобнымі з’явамі. Я ўвогуле супраць таго, каб на сцэне мне як гледачу паказвалі як усё дрэнна, што існуюць такія і такія праблемы, бо я і так усё гэта ведаю.

Нам неабходна знайсці агульную мову з гледачамі, патрэбную танальнасць, ад якой залежаць выкарыстаныя ў спектаклі сродкі выразнасці. Напрыклад, антрапаморфныя істоты на сцэне трымаюць дыстанцыю, бо яны падобныя да нас, таму скупы рыцар у нашай пастаноўцы — гэта хамяк. Ён мілы, выклікае сімпатыю да таго ж скупасць — гэта ж, здаецца, не так ужо і блага, гэта ж не пажаднасць, а толькі пачатковая стадыя развіцця грэшнасці. Увогуле лічу, каб дайсці да сутнасці з’явы, патрэбна каб тое, што адбываецца на сцэне, было сімптатычна нам, каб асэнсаванне адбывалася не праз адрыньванне. Вось мы глядзім на хамяка — гэта мілая, харошая лялька, праўда, гісторыя атрымалася не вельмі добрая. Але менавіта ў такі момант прыходзіць разуменне, што гэта не «іх» скупасць ці зайздрасць, а наша. Гэта мы так бязглузда зайздросцім, так па-дурному сябе паводзім, бегаем і трасемся як гэтыя лялькі і ў выніку прыходзім да трагічных наступстваў. Такія вось мы».

Над пастаноўкай «Пушкін. Вельмі маленькія трагедыі» разам з Аляксеем Ляляўскім працуюць мастачка, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Таццяна Нэрсісян і кампазітар Леанід Паўлёнак. У спектаклі заняты заслужаны артыст БССР Уладзімір Грамовіч, Юлія Марозава, лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Дзмітрый Рачкоўскі, Дзмітрый Чуйкоў.

Фота Ганны Шарко

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!