Сенсацыя: музею ў Смілавічах падаравалі 2 творы «парыжскай школы»

Два творы мастака «парыжскай школы» Шрагі Царфіна ахвяраваны на яго радзіму ў Смілавічы ў музей "Прастора Хаіма Суціна".

Работа Царфіна, што паступіла ў Смілавічы

Сенсацыйная навіна была абвешчана на паседжанні беларускага аддзялення Міжнароднай рады музеяў (ICOM Belarus) увечары 2 жніўня.

У зборы музея "Прастора Хаіма Суціна" ў Смілавічах перададзены два арыгінала мастака Шрагі Царфіна з прыватнага збору ў Францыі. Пра гэта паведаміў Юры Абдурахманаў, дырэктар фонду “Спадчына і Час”, сябар выканкама ICOM Belarus.  Перададзены бясплатна, сынам збіральніка, які калісьці назапасіў у сваёй калекцыі каля 80 твораў мастака. Падобных выпадкаў даравання мастацкіх работ у беларускія музеі замежнымі мецэнатамі за часы суверэннай гісторыі Беларусі не налічыцца і дзясятка.

Выступаюць Таццяна Бембель і Юры Абдурахманаў. 

Таццяна Бембель, старшыня ICOM Belarus, адзначыла, што асабліва важна, калі арыгіналы мастацкіх твораў — а работы Царфіна ўжо ёсць у Нацыянальным мастацкім (2) і ў карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка” (12) — атрымлівае ў падарунак ці купляе не вялікі, а малы і нават правінцыйны музей.

Пасяджэнне ICOM Belarus 2 жніўня 2017 года.

Па словах Юрыя Абдурахманава (яго фонд “Спадчына і Час” займаецца менавіта пошукамі за мяжой твораў эмігрантаў з нашай краіны для беларускіх музеяў), праца з ахвярадаўцам вялася 5 гадоў. Яго пазіцыя мянялася ад “нічога не дам” да “магчыма, прапаную на выставу ў Беларусі” і да, нарэшце, падарунка 2 твораў у Смілавічы.

Работа Царфіна, што паступіла ў Смілавічы

Файбіш-Шрага (Сэм) Царфін (Зарфін) (фр. Faïbich-Schraga Zarfin; 7 студзеня 1900 (1899?), Смілавічы — 25 верасня 1975, Рані-су-Буа, Францыя) — маладзейшы зямляк і сябар Хаіма Суціна, яшчэ хлапчуком выправіўся ў Вільню вучыцца ў школе Івана Трутнева. У 1914 эміграваў у Палесціну і навучаўся ў Іерусаліме. Пазней быў Берлін (1923), дзе ён захапіўся нямецкім экспрэсіянізмам, і, канчаткова, з 1924 г. — Парыж.  Царфін — не настолькі вядомы і дарагі мастак, як “мільённы” Суцін, але яго працы вылучаюцца тонкім пачуццём і выразным колерам, калісьці мелі добрую прэсу ў Францыі, экспанаваліся і набытыя ў розныя калекцыі па ўсім свеце. І калі пра арыгіналы Суціна ў Смілавічах можна толькі марыць, то ў музеі “Прастора Хаіма Суціна” ў гэтым правінцыйным мястэчку Шрагу Царфіну прысвечана цэлая зала — з дакументамі, фотаздымкамі, і, цяпер, з арыгінальнымі творамі.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Аляксей Хадыка
  • 2017-08-03 20:29:21
Трэба зрабіць удакладненне: творы Царфіна з калекцыі Белгазпрамбанка зараз таксама экспануюцца ў Смілавічах (часова). Так што гэтыя новыя 2 - усё роўна першыя ва ўласнай калекцыі музея “Прастора Хаіма Суціна”

Больш цікавага на «Новым Часе»: