Серадовішча з Андрэем Хадановічам — 16 лістапада

16 лістапада ў «Кнігарні Логвінаў» у межах Году ўкраінскай культуры адбудзецца імпрэза, прысвечаная знакамітаму ўкраінскаму літаратару Алегу Лышэгу — паэту, драматургу і празаіку, ганчару і скульптару, вандроўніку, самотніку і чарадзею.

 
Алег Лышэга (1949–2014) нарадзіўся ў Тысменіцы ў сям’і настаўнікаў. Да 21 года не цікавіўся паэзіяй, але потым адкрыў для сябе Антоныча і Чубая. Вывучаў ангельскую філалогію ў Львоўскім універсітэце, з якога быў адлічаны за ўдзел у неафіцыйным літаратурным коле «Львоўская багема». Называў сваім настаўнікам Ясунары Кавабату. Выкладаў ангельскую мову ў Бураціі, дзе зацікавіўся кітайскай філасофіяй.

Працаваў мастаком-дэкаратарам у Кіеўскім інстытуце тэатральнага мастацтва, што размяшчаўся на тэрыторыі Кіеўскай Лаўры. Белыя муры Лаўры навучылі паэта, як ён прызнаваўся, паняццю фрэскі.

Быў у «чорных спісах» і не мог друкавацца з 1972 да 1988 году. У 1997–1998 быў у Амерыцы на літаратурнай стыпендыі і вучыўся ў Пенсільванскім універсітэце, дзе займаўся перакладамі і ўкладаннем анталогіі.

Перакладаў на ўкраінскую Томаса Стэрнза Эліёта, Эзру Паўнда, Дэвіда Герберта Лоўрэнса, Генры Дэвіда Тора, Марка Твэна, Сільвію Плат,  Роберта Пэна Ўорэна. Вершы і паэмы Лышэгі інсцэнаваліся амерыканскімі тэатрамі.

Займаўся ганчарствам і драўлянай скульптурай.  

Аўтар паэтычных кніг «Вялікі мост» (1989), «Снегу і агню» (2002), п’есы «Дружа Лі Бо, браце Ду Фу» (1992), зборнікаў прозы і эсэістыкі. Перакладаўся на многія мовы. Першы ўкраінскі паэт, адзначаны ўзнагародай міжнароднага ПЭН-клубу за пераклад ягоных вершаў на ангельскую.


Алег Лышэга: «Покуль не позна, біся галавою аб лёд…»

(«Серадовішча» з Андрэем Хадановічам)

Пачатак а 19.00.

Уваход вольны.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!