Серыял «Чарнобыль» можна будзе паглядзець па-беларуску

Серыял «Чарнобыль» стане даступны на відэасэрвісе VOKA ў беларускай агучцы.

Хутка пасля выхаду фінальнай серыі нашумелага міні-серыяла «Чарнобыль», які расказвае пра трагічныя падзеі на Чарнобыльскай АЭС у красавіку 1986 года, новы хіт HBO стане даступны на беларускай мове: відэасэрвіс VOKA сумесна з Амедыа ТБ (брэнд AMEDIATEKA Home of HBO) прыступіў да работы над стварэннем яго беларускай агучкі.

Міні-серыял «Чарнобыль» — гэта хроніка адной з самых страшных тэхнагенных катастроф у сусветнай гісторыі, якая здзіўляе сваёй рэалістычнасцю і драматызмам. Самыя цяжкія наступствы выбуху прыняла на сябе менавіта тэрыторыя Беларусі. Гэтая акалічнасць прымушае беларускіх гледачоў ставіцца да серыяла з асаблівай увагай: бо ўсё, што адбываецца ў кадры — частка іх агульнай гісторыі і агульнай трагедыі.

Непасрэдная ўзаемасувязь падзей міні-серыяла і адной з самых драматычных старонак беларускай гісторыі і стала галоўнай прычынай для таго, каб даць гледачам VOKA магчымасць глядзець яго на беларускай мове.

Міні-серыял «Чарнобыль» узнаўляе падзеі адразу пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, распавядае пра ахвяры, прынесеныя дзеля ліквідацыі яе наступстваў і прадухілення яшчэ большай бяды. Сцэнар для праекта напісаў Крэйг Мазін («Беласнежка і Паляўнічы-2»). Каб узнавіць карціну падзей максімальна аб'ектыўна і блізка да рэальнасці, ён абапіраўся на архіўныя крыніцы, сведчанні відавочцаў і іншыя гістарычныя дакументы. А асноўныя здымкі праходзілі ў лакацыях, блізкіх да Чарнобыля і тэрытарыяльна, і гістарычна: у Літве і Кіеве. Пры гэтым вялікая частка натурных здымак энергаблокаў Чарнобыльскай АЭС адбывалася на Ігналінскай АЭС, пабудаванай па падобным праекце.


Брытанскі акцёр Джарэд Харыс («Вар'яты», «Карона») выканаў ролю Валерыя Лягасава, члена ўрадавай камісіі па расследаванні прычынаў і па ліквідацыі наступстваў аварыі. Стэлан Скарсгард («Дзяўчына з татуіроўкай дракона», «Меланхолія») выканаў ролю намесніка кіраўніка савета міністраў СССР Барыса Шчарбіна, кіраўніка гэтай камісіі. Намінантка на «Оскар» Эмілі Уотсан («Рассякаючы хвалі») увасобіла вобраз выдуманага вучонага-фізіка Ульяны Хамюк, якая імкнецца раскрыць сапраўдную прычыну аварыі. Паставіў серыял шведскі рэжысёр Йохан Рэн (вядомы па працы над хітамі «Ва ўсе цяжкія» і «Вікінгі»).

Зараз відэасэрвіс VOKA прыступіў да падрыхтоўкі перакладу і агучкі міні-серыяла на беларускую мову. Серыял у звыклай версіі ўжо можна паглядзець у раздзеле AMEDIATEKA. У раздзеле «CINEVOKA — кіно па-беларуску» «Чарнобыль» з'явіцца ў пачатку ліпеня.

Паводле прэс-рэлізу

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!