«Сіндром Медэі»: VOKA пакажа спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі

13 траўня ў эфіры відэасэрвісу VOKA пакажуць спектакль «Сіндром Медэі» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Трансляцыя пачнецца а 19-й гадзіне па мінскім часе і будзе даступна гледачам па ўсім свеце.

«Сіндром Медэі» – гісторыя пра гераіню старажытнагрэчаскіх міфаў Медэю, якая жыве ў нашы дні. У антычных сюжэтах яна забівае сваіх дзяцей, каб адпомсціць мужу, а сучасная версія паказвае, што і праз стагоддзі ў стасунках людзей нічога не мяняецца. У момант, калі рушыцца ўвесь яе свет, жанчына, якая страціла надзею, здольная на страшныя ўчынкі. Што менавіта стаіць за імі на самой справе – вось пра што спрабуюць гаварыць з гледачом аўтар п’есы Юлія Чарняўская і рэжысёр Кацярына Аверкава.

У галоўнай ролі – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Сідаркевіч. У 2017 годзе, калі адбылася прэм’ера, яе праца ў гэтай пастаноўцы была адзначана прызам за найлепшую жаночую ролю на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, а Гражына Быкава атрымала ўзнагароду за найлепшую жаночую ролю другога плана. У 2018 годзе на III Маладзёжным тэатральным форуме краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі спектакль быў удастоены спецыяльнага прыза журы – за музычнае рашэнне і смелую спробу ўбачыць антычную трагедыю ў XXI стагоддзі.

Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў. Далучыцца да прагляду можна з любой прылады і ў сетцы любога аператара пасля аўтарызацыі ў прыкладанні VOKA альбо на сайце voka.tv па нумары мабільнага тэлефона.

Паказ спектакля «Сіндром Медэі» працягвае серыю трансляцый, якія ўжо год відэасэрвіс VOKA вядзе з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Дзякуючы гэтаму гледачы змаглі ўбачыць анлайн-прэм’еру трагікамедыі «Профіт», спектаклі «Кар’ера доктара Рауса», «Сірожа», «Шлюб з ветрам» і «Тры Жызэлі», а таксама святочны вечар «Наш Караткевіч», прымеркаваны да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча.

 Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: