Сёлета пройдзе другі Вандроўны фэст Караткевіча

Ён адбудзецца напрыканцы лістапада, да Дня народзінаў пісьменніка. Сёлета Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 90 гадоў.
Калі летась фэст адбываўся ў Смалянах і Оршы, дык сёлета цэлы шэраг імпрэзаў, сустрэч, экскурсій ды конкурсаў у рамках фэсту прымуць пяць гарадоў у трох розных краінах. Дзе і што будзе адбывацца, а таксама як шукаць інфармацыю пра ўдзел у фэсце, распавяла адна з каардынатарак Вандроўнага фэсту Уладзіміра Караткевіча Паліна Сцепаненка.

— Сёлета спаўняецца 90 год з дня нараджэння Караткевіча. Будзе другі фэст, вандроўны фэст Караткевіча, які будзе мець шмат розных імпрэзаў: у Мінску, Оршы, Кіеве, Вільні. У гарадах, якія былі дарагія Уладзіміру Караткевічу, якія ён апісваў у сваіх творах. Будуць аўтарскія экскурсіі па мясцінах Караткевіча. Абвешчаны конкурс унікальных дэбютных рукапісаў, якія могуць перайсці ў кнігу „Неба з сабою”. Узрост дэбютантаў не абмежаваны. Выдаць дэбютную кнігу і таксама паўдзельнічаць у майстар-класах ад пісьменнікаў, паэтаў, павучыцца тыдзень. Яшчэ будзе водны флэш-моб „Ладдзя радасці”. Можна будзе праплыць ад Крапіўны да Рагачова, наведаць мясціны апісаныя ў Караткевіча. Дняпро — гэта такая рака жыцця, якая ёсць фактычна ў кожным яго творы ў тым ці іншым выглядзе. Гэта і водарасці, і пясок, і вада, і сцэны на беразе Дняпра. Ужо аднойчы быў такі сплаў, ён адлюстраваны нават у фільме Віктара Корзуна і Касі Камоцкай „Як сканаю, душа застанецца”. Можна паглядзець, як людзі плавалі да гэтага. Сёлета ў межах фестывалю гэты флэш-моб можа быць больш масавым. Усё, канешне, будзе залежыць ад пандэміі. Але лета пачынаецца, яшчэ да восені можна плыць па Дняпры. Будзе наведванне дома Уладзіміра Караткевіча ў Оршы. Будзе таксама экскурсія па вуліцы Караткевіча ў Оршы, па Дняпры. Наведаем мясціны, якія апісаныя ў рамане „Леаніды не вернуцца да зямлі”, які выйшаў у савецкі час пад назвай „Нельга забыць”. Наведаем дом Уладзіміра Караткевіча да таго, калі пачне стварацца экспазіцыя. Гэта вельмі цікавы момант, таму што, калі мемарыялізацыя і музеефікацыя адбываецца, то дом штосьці страчвае.

Паводле Кастуся Багушэвіча, racyja.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: