Сёння пачынаецца работа над беларускай агучкай «Сексу ў вялікім горадзе»

Кастынг на беларускую агучку герояў «Сексу ў вялікім горадзе» падышоў да канца: свае галасы героям першага эпізода культавага серыяла падораць шэсць удзельнікаў і ўдзельніц.
REUTERS

REUTERS

У вочным кастынгу прынялі ўдзел 50 чалавек. Як праходзіў адбор, можна даведацца праз відэа. Работа над агучкай пачынаецца ўжо сёння, а прэм’ера серыяла «Секс у вялікім горадзе» па-беларуску адбудзецца ў пачатку красавіка: убачыць першы эпізод можна будзе на відэасэрвісе VOKA ў раздзеле «CINEVOKA — кіно па-беларуску».

Спіс пераможцаў і выніковае размеркаванне роляў выглядае наступным чынам:

Кэры — Таццяна Гладкая;

Саманта — Алена Ледаховіч;

Міранда — Алеся Ляўковіч;

Шарлота — Ганна Ліпай;

Містэр Біг — Аляксандр Крапіневіч;

Стэнфард — Андрэй Ляшчынскі.

Падчас правядзення адкрытага конкурсу арганізатары кастынгу атрымалі 417 заявак. У фінал прайшлі 50 лепшых: 14 хлопцаў і 36 дзяўчат. У спісе фіналістаў фігуравалі і дастаткова добра вядомыя беларусам імёны і пазнавальныя галасы: напрыклад, самая першая ўдзельніца дзіцячага «Еўрабачання» ад Беларусі Вольга Сацюк. Ці адразу тры ўдзельнікі гурта «Цягні-штурхай»: Павел Клышэўскі, Павел Тараймовіч і Андрэй Заяц.
Цягам вочнага кастынгу ўдзельнікам трэба было не проста агучыць відэафрагмент з пілотнай серыі першага сезона серыялу «Секс у вялікім горадзе» з удзелам абранага персанажа, але і прадэманстраваць уменне падладзіцца пад «карцінку» на экране і, што куды больш важна, пад характар свайго героя ці гераіні.

Хутчэй за ўсё арганізатары і журы вызначыліся з кандыдатамі на мужчынскія ролі. А вось самым складаным аказалася выбраць ідэальныя галасы для агучкі дзвюх гераінь серыялу — Міранды і Шарлоты.



«Мы віншуем усіх пераможцаў і жадаем ім цікавай і ўдалай работы над агучкай сваіх герояў, каб усе прыхільнікі серыялу «Секс у вялікім горадзе» і карыстальнікі відэасэрвіса VOKA як мага хутчэй змаглі ацаніць рэзультат нашых сумесных намаганняў і пачуць, як іх любімыя персанажы заразмаўляюць па-беларуску», — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па лічбавых платформах і кантэнту кампаніі velcom Антон Бладзік.  

Пераможцы конкурсу ўжо рыхтуюцца распачаць агучку герояў пілотнай серыі «Сексу ў вялікім горадзе» на беларускай мове. Прэм’ерны паказ першага сезону адбудзецца ў красавіку бягучага года на відэасэрвісе VOKA ў раздзеле «CINEVOKA — кіно па-беларуску».

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!