Скандынаўскія кінавыходныя з фестывалем «Паўночнае ззянне»

У бліжэйшы weekend у Мінску адбудзецца 4 паказы скандынаўскіхфільмаў. Іх ладзіць каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне» у межах фестываляў фінскага танга і FSP.


Як распавяла “Новаму часу” заснавальніца і дырэктарка Фестывалю кіно паўночных і балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне” Вольга Чайкоўская, яе каманда застаецца актыўнай на працягу года і па магчымасці ладзіць як кінапаказы, так і іншыя імпрэзы незалежна ці ў партнёрстве з іншымі ініцыятывамі.

Напрыклад, у кастрычніку 2016-га арганізавалі двухдзённы майстар-клас для маладых рэжысёраў-кінадакументалістаў з выкладчыкамі, якія прыехалі з Латвіі і Даніі. У снежні 2016-га зладзілі паказ фільмаў на спартыўную тэматыку. У красавіку 2017-га щ партнёрстве з авіякампаніяй AirBaltic разыгралі 2 квіткі на адкрыццё фестывалю і вандроўку на дваіх па маршруце Мінск-Рыга-Мінск.

Арганізатары імпрэз, што пройдуць у Мінску ў бліжэйшыя выходныя — арт-пікнік Freaky Summer Party (FSP) і Фестываль фінскага танга — ахвотна пайшлі на супрацоўніцтва з камандай “Паўночнага ззяння”. 29 ліпеня з 14:00 да 18:00 пройдзе паказ фінскіх кароткаметражных фільмаў у бары “Хороший год” (Зыбіцкая, 6).

Як распавядае Вольга Чайкоўская, для “Паўночнага ззяння” гэта першы вопыт кінапаказаў у барах. Таму праграма пабудаваная так, каб да яе можна было далучыцца ў любы момант. Стужкі доўжацца па 10 хвілін максімум.

У той жа дзень а 22:00 на летняй тэрасе кавярні Chill Out (пл. Свабоды, 4) можна будзе паглядзець дакументальны фільм Габрыэлы Апарычы “Фінскае танга” (2016).

Гэта камедыя: аргентынская рэжысёрка была здзіўлена аграмадным інтарэсам да танга ў Фінляндыі, і вырашыла сродкамі кінематографа даследаваць, чаму ж фіны лічаць яго “сваім” танцам, што гэта за феномен. “На маю дуіку, бар Chill Out, дзе людзі танчаць і п’юць кактэйлі — вельмі ўдалае месца для паказу такога фільму” — кажа Вольга Чайкоўская.

Акрамя таго, “Паўночнае ззянне” возьме ўдзел у працы платформы Edutainment фестывалю FSP у парку Dreamland. 29 ліпеня а 19:15 адбудзецца кароткая лекцыя Вольгі Чайкоўскай пра скандынаўскі кінематограф і асаблівасці стварэння кінафестывалю ў Беларусі.

А 19:45 пачнецца ісландскі дакументальны фільм, які асабліва спадабаўся гделачам “Паўночнага ззяння” ў красавіку, — “Усім відовішчам відовішча” (2015) Бенедыкта Эрлінгсана. Музыку да фільма пісалі тытаны ісландскай музычнай сцэны Sigur Ros. З улікам інтарэсу публікі было вырашана паказаць стужку яшчэ раз.

30 ліпеня а 19:15 будзе паказаны фільм Эрыка Бломберга “Белы паўночны алень” — фінская драма-жудзік, заснаваная на міфалогіі народа Самі. Гэта класіка, фільм 1952 г. Гісторыя пра каханне і вытокі скандынаўскага фемінізму некалі ўдзельнічала ў Канскім кінафестывалі.

 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: