«Сказка» ў Мінску — прэзентацыя альбому Botanic Project (фотарэпартаж)

Калі выходзіць дыск — гэта значная падзея для любога гурта. Botanic Project выпусціў сваю пятую кружэлку «Сказка». З гэтай нагоды 24 лістапада ў клубе Beer&Wine прайшла яго прэзентацыя.

Музыкі гралі амаль у поўным складзе, за выключэннем аднаго з фронтмэнаў і заснавальнікаў гурта, Кліма Малажавага, які па незалежных ад яго прычынах зараз не можа прымаць удзел у музычнай дзейнасці праекту.


Прагучалі песні і з новага альбому, і хіты з папярэдніх чатырох. Аматары творчасці гурта, якіх сабралася даволі шмат, актыўна падтрымлівалі выступоўцаў: танчылі, падпявалі, усміхаліся. Таксама можна было набыць мерч з сімволікай гурта і альбому.


Трэба падкрэсліць, альбомам «Сказка» Botanic Project адзначыў свой дзесяцігадовы юбілей.

Адным з цікавых фактаў працэсу запісу з’яўляецца тое, што вакальныя партыі Кліма збіраліся з рэшткаў розных запісаў, у тым ліку — і дэма, і прагучалі толькі ў палове песень. Таму можна сказаць, што выніковы выхад альбому — гэта вялікая праца, якая адбылася праз розныя неспрыяльныя падзеі, але праца паспяховая.


Тур, які планаваўся ў падтрымку альбому, быў адменены, таму выступ у Мінску — пакуль адзіны, што ладзілі музыкі. Усе грошы, сабраныя на прэзентацыі, па словах музыкаў, будуць накіраваныя на дапамогу і падтрымку Кліма Малажавага.


Што будзе далей з гуртом? Паглядзім. Але зычым музыкам поспехаў у творчасці, якой яны рэзультатыўна займаюцца ўжо дзесяць гадоў запар.

Фота Паўла Аксіновіча





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: