Славу Камісаранку анулявалі гастрольныя пасведчанні на канцэрты ў Мінску (відэа +18)

Стэндап-коміку родам з Беларусі Славу Камісаранку анулявалі гастрольныя пасведчанні на выступ у Мінску 10 і 11 красавіка. Комік і арганізатары мяркуюць, што гэта звязана з пазіцыяй Камісаранкі адносна падзеяў у Беларусі і з публічнымі выказваннямі на гэтую тэму.


Пра гэта AFISHA.TUT.BY распавялі ў кампаніі, якая займалася арганізацыяй канцэрта, і пацвердзіў сам Слава ў новым выпуску свайго стэндапа.

Слава Камісаранка — адзін з лепшых беларускіх стэндап-комікаў, які даўно жыве ў Маскве. Дзесьці раз на паўгода-год ён дае канцэрты ў Беларусі. Звычайна ў абласных гарадах і Мінску. Як правіла, у сталіцы яго сольныя выступы праходзяць у Доме афіцэраў, так было запланавана і ў гэты раз. Першапачаткова канцэрты павінны былі прайсці ў 2020 годзе, але з-за сітуацыі ў краіне і пандэміі было вырашана перанесці іх на 2021 год. Канкрэтна графік зрушылі так: з 21 і 25 лістапада — на 10 і 11 красавіка.

Аднак у нейкі момант арганізатарам прыйшоў ліст з упраўлення культуры Мінгарвыканкама, у якім іх паведамлялі аб ануляванні гастрольных пасведчанняў з фармулёўкай, што такое рашэнне прынятае пасля «вывучэння матэрыялаў выступленняў коміка, размешчаных у глабальнай сетцы Інтэрнэт».

Адзначым, што Камісаранка неаднаразова выказваўся аб фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і актыўна асуджаў гвалт з боку сілавікоў.

Цікава, што спецыялісты ўпраўлення культуры ў лісце аб ануляванні «гастролькі» дадаткова спасылаюцца на «прысваенне знака ўзроставай катэгорыі». Пры тым, што ўзроставае абмежаванне на канцэртах коміка было максімальна магчымым: 18+. «Куды ўжо больш?» — задаецца пытаннем Раман Балонікаў, кіраўнік кампаніі Wonderland Events, якая і займалася арганізацыяй канцэрта. Ён кажа:

— Складваецца наогул вельмі дзіўная сітуацыя з канцэртамі Славы Камісаранкі ў Беларусі. У нас быў перанос у сувязі з усімі падзеямі ў краіне. Не толькі палітычнымі, але з-за пандэміі. Натуральна, падалі ўсе неабходныя дакументы на змену гастрольных пасведчанняў у пачатку лістапада, усюды атрымалі новыя, але потым мінскае рашэнне анулявалі. Вядома, усе разумеюць, што гэта адбылося пасля ўдзелу Славы ў шоў «Што было далей?» і ўсіх публічных выказванняў з нагоды ўлады і сітуацыі ў краіне.

Ён адзначае, што ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама з нагоды анулявання даюць «дзіўныя каментары», і кожны раз спасылаюцца на новыя прычыны.

— Дый у цэлым Гомель і Віцебск усё задавальняе ў публічных выказваннях і выступах Славы Камісаранкі, а Мінск рэзка вырашыў зладзіць «блакаванне» канцэртаў. Вельмі дзіўная логіка, — кажа прадстаўнік кампаніі-арганізатара і ўдакладняе, што канцэрты ў Віцебску і Гомелі, запланаваныя ў красавіку, таксама адмененыя, але ўжо па ініцыятыве арганізатара.

Дарэчы, Мінскі стэндап усё ж пройдзе, але з іншым складам артыстаў. Замест Камісаранкі выступяць комікі Вікторыя Складчыкава, Андрэй Атлас і Алена Новікава.

Характэрна, што пасля анулявання «гастролек» арганізатары падалі новую заяву на дазвол правядзення мерапрыемства, аднак ім адмовілі. Падобная сітуацыя ўжо была з канцэртамі Камісаранкі ў Мінску раней. Але пазней дазвол на выступы ўсё ж давалі.

А вось фрагмент таго самага шоў «Што было далей» (асцярожна, прысутнічае нецэнзурная лексіка):




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: