Слухаць і чуць. Беларуская праграмма «Паўночнага ззяння-2020»

 З 22 па 29 кастрычніка кінафестываль «Паўночнае ззянне» адбудзецца ў новым online-фармаце. Сёлета да міжнароднай дадалася і паўнавартасная беларуская праграма, у якую ўваходзіць 8 стужак беларускіх рэжысёраў.



Пераважную колькасць у беларускай праграме складаюць дакументальныя стужкі. Сярод іх можна заўважыць ужо знаёмыя беларускаму гледачу імёны, напрыклад, Віктара Аслюка – члена Еўрапейскай кінаакадэміі, чый фільм «Кола» ў 2003 годзе быў прызнаны найлепшым у Еўропе дакументальным кароткаметражным фільмам.

У праграме «Ззяння» можна паглядзець яго новую стужку «Эпітафія» – вольнае паэтычнае эсэ пра пахавальную культуру беларусаў, унікальны аўтарскі погляд на беларусаў як нацыю. Сусветная прэм'ера фільма адбылася на Кракаўскім міжнародным кінафестывалі ў чэрвені гэтага году.
 
Яшчэ адзін лідар беларускай дакументалістыкі прадстаўлены ў сёлетняй праграме – кінарэжысёр Андрэй Куціла, аўтар знакамітай стужкі «SUMMA», якая была прызначана найлепшай стужкай на кінафестывалі IDFA у Амстэрдаме і за якую Андрэй атрымаў прыз за найлепшую рэжысуру на Кракаўскім міжнародным кінафестывалі ў 2019 годзе.

«Мне трэба поціскаў» – новы фільм рэжысёра, чыя сусветная прэм’ера адбылася на Кракаўскім міжнародным кінафестывалі ў чэрвені 2020 года і атрымала спецыяльную згадку міжнароднага журы. Гэта адна з самых эмацыйных беларускіх стужак апошніх гадоў, неверагодна прыгожы фільм пра бязмежную самаахвярнасць, вялікую сілу ўяўлення і паэзію, якая можа дапамагчы замяніць рэальнасць.

 

Дар'я Юркевіч – вядомая беларуская рэжысёрка, вучылася ў Францыі ў акадэміі Ле Фрэнуа. Яе стужка «Невядомы рай» упершыню была паказана ў красавіку 2020 года ў конкурснай праграме фестывалю Visions du reel (Швейцарыя). Фільм адлюстроўвае аўтарскі погляд на жыццё беларуса ў постчарнобыльскай сітуацыі, закранаюцца тэмы сталення падлеткаў, гендэрныя і экалагічныя пытанні ў зоне радыёактыўнага забруджвання – адной вёсцы Брагінскага раёна.

 

Рэжысёрка Юлія Шатун – аўтарка знакамітай стужкі «Заўтра» і некалькі эксперыментальных фільмаў, навучэнка маскоўскай школы Новага кіно. Яе новая дакументальная стужка ў беларускай праграме «Паўночнага ззяння» называецца «Межы». Гэта аўтарскае, вельмі арыгінальнае па форме паэтычнае відэаэсэ на тэму пошукаў сваёй і чужой, асабістай і мастацкай ідэнтычнасці ў зменлівым свеце.


Адзіная гульнявая стужка ў праграме – «Дэзерцір». Гэта дыпломны праект рэжысёра Сашы Сцельчанкі, які скончыў прэстыжную кінашколу FAMU у Празе. «Дэзерцір» – антываеннае кіно, знятае ва Украіне; псіхалагічная драма пра складаны выбар і адносіны паміж бацькам і сынам. Стужка ўдзельнічала ў шэрагу міжнародных кінафестываляў, сярод якіх і ў вельмі крутым Palms Springs у Каліфорніі.

 
Працягвае ваенную тэму, тэму псіхалагічнай траўмы і адносін паміж блізкімі дакументальная стужка «Тата» рэжысёркі-дэбютанткі з Мінску Марты-Дар’і Клінавай. Гэта шчымлівая гісторыя дзяўчыны, якая шукае загінулага на вайне бацьку і ўзгадвае яго жыццё. Фільм быў паказаны ва многіх гарадах ва Украіне.

 

«Шлях дадому» – дэбют паспяховага беларускага кліпмейкера Арцёма Лобача. Галоўны герой фільма – малады мастак-кераміст, які быў вымушаны з’ехаць з роднай хаты ў Крыме і знайсці новы дом у вёсцы. Назіральная стужка падымае тэму даўншыфтынгу, пошукаў сябе і свайго месца ў свеце.

 
У праграму беларускага кіно на «Паўночным ззянні» таксама ўвайшоў альманах «На сувязі» маладых рэжысёраў. Галоўная тэма альманаху – як кам'ютары і інтэрнэт змяняюць жыццё маладых беларусаў. У кароткаметражных стужках маладых беларускіх рэжысёраў уздымаюцца розныя аспекты жыцця: гендэрная тэма, тэма самоты, жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі і праца пошукавых атрадаў.


Сярод аўтараў ёсць і ўжо добра вядомы беларускаму гледачу рэжысёр паспяховай стужкі «Чыстае мастацтва» Максім Швед. У альманаху ён прадставіць фільм «У чатырох сценах» – пра жыццё чалавека з інваліднасцю, які не выпаў з сацыяльнага жыцця, стварыў школу дыстанцыйнага навучання замежным мовам «У Савы». Можна будзе пабачыць работы перспектыўных рэжысёраў «Прывітанне. Чаму маўчыш?» пра жыццё ў сацыяльных сетках глуханямога хлопца Ксеніі Галубовіч, «Усе мерапрыемствы па плане» пра камп’ютарны клас у вёсцы Алеся Лапо і «Патрэбны людзі» пра пошукава-выратавальны атрад «Анёл» Веранікі Бандаровіч.

Расклад беларускай праграмы «Паўночнага ззяння-2020» можна паглядзець тут.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: