Слухаць і чуць. Шведскія кароткаметражкі ў праграме «Паўночнага ззяння-2020»

З 22 па 29 кастрычніка  кінафестываль «Паўночнае ззянне» адбудзецца ў новым online-фармаце. Адным з новаўвядзенняў у сёлетняй праграмме з’яўляюцца кароткаметражныя стужкі са Швецыі — 5 фільмаў, знятых шведскімі рэжысёркамі, утвараюць агульнае выказванне пра правы жанчын і разбураюць стэрэатыпы

Пытанні жаноцкасці падымаюцца ў фільме «Выпад» («Юк») трох рэжысёрак Алівіі Кастэбрынг, Юліі Гумперт і Ульрыкі Бандэйра. «Юк» – танцавальная група, якая стала вядомая ў 2013 годзе дзякуючы віруснаму відэа. У ім жанчыны заявілі пра сябе, змяніўшы ўяўленне аб жаночым целе і тым, як яго можна дэманстраваць. Стужка спалучае ў сябе дакументальныя, танцавальныя і мастацкія элементы.

Працягвае тэму разбурэння стэрэатыпаў стужка «Калектыў», якая спрабуе паглядзець на патрыярхальны лад з іншага боку. Акцёры рыхтуюць «нетрадыцыйную» версію трагедыі Эўрыпіда «Медэя». Калі іх прыпыняе група дзяўчынак-падлеткаў, яны разумеюць, што, магчыма, не настолькі прагрэсіўныя, як думаюць.

Даследуюць тэмы сэксуальнага гвалту і таксічных адносінаў дзве стужкі «Прабачце, мне не шкада» і «Дані».

«Прабачце, мне не шкада» – фільм пра гвалтоўны прымус дзяўчынкі рабіць тое, чаго яна не хоча. Летнім вечарам Ферыдэ ішла дадому з вечарынкі і сустрэла групу хлопчыкаў, якія спявалі ў драўляным чоўне. Пасля таго як Ферыдэ дапамагла ім адрамантаваць матор, яна не па сваёй волі адправілася ў плаванне.

Актуальная тэма падымаецца ў стужцы «Дані»: як складана сысці з таксічных адносінаў, асабліва калі ў іх трымае агульнае дзіця. Хутка пасля нараджэння дзіцяці маладая Дані адчувае, што павінна разарваць дэструктыўныя адносіны з Робертам, яго татам. Калі Роберт пакідае працу ў Лондане і наведвае Дані з яе істэрычнай маці ў прыгарадзе Стакгольма, усё становіцца яшчэ горш.

Стужка «Джаміла» пра тое, як зрабіць правільны выбар, нават калі ты яшчэ маленькая дзяўчынка. Як не зламацца пад ціскам і не нарабіць памылак? Джаміла і яе сябры трэніруюцца перад выступам на шоу талентаў, і нічога не можа адцягнуць яе ўвагу. Нават пытанне малодшай сястры Лэйлы, ці атрымае іх сям'я палітычны прытулак. Але, калі паліцыя раптам прыходзіць у школу, Джаміла пачынае хвалявацца. Ці паставіць гэты выступ пад пагрозу іх бяспеку, ці трэба ёй адмовіцца ад удзелу і тым самым рызыкаваць сяброўствам?

У падтрымку праграмы шведскіх кароткаметражных фільмаў, у межах фестывалю адбудзецца online-дыскусія з кураткаркай гэтай праграмы са Швецыі – Эшлі Сміт. Размова з Эшлі «Як змясціць вялікую гісторыю ў кароткім метры» адбудзецца 28 кастрычніка, паглядзець яе і задаць пытанні можна ў сацыяльных сетках кінафестывалю.

Паводле прэс-рэліза


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: