Смех і слёзы: у Мінску прайшоў канцэрт «Нейра-Дзюбеля» без Кулінковіча

У чацвер, 25 кастрычніка, у сталічную канцэртную залу «Прайм-Хол» было не ўбіцца. Тут праходзіў вялікі канцэрт легендарнага гурту «Нейра-Дзюбель», але без ягонага франтмэна і лідара Аляксандра Кулінковіча, які заўчасна пайшоў з жыцця 4 жніўня. Яму было толькі 46 гадоў.

Менавіта ў той дзень, 4 жніўня, «Нейра-Дзюбель» мусіў выступаць на буйным фестывалі «Рок за Баброў», але ранкам стала вядома, што Аляксандр памёр у адным з беларускіх шпіталёў ад недалечанай пнеўманіі. Ужо тады вядомыя беларускія музыкі вырашылі, што зладзяць вялікі канцэрт на памяць пра свайго выбітнага сябра й калегу. Чаму быў абраны менавіта «Прайм-Хол»? Саша ў наступным годзе, калі ягоны гурт будзе адзначаць трыццацігоддзе, менавіта тут планаваў даць юбілейны канцэрт. Але гэтай мары не давялося быць здзейсненай.

Аднак канцэрт «Нейра-Дзюбеля» ўсё ж адбыўся менавіта ў «Прайм-Холе». Толькі замест непаўторнага Кулінковіча да мікрафона выходзілі іншыя — легенды беларускага року, якія выконвалі хіты Аляксандра. Прычым, выконвалі так, што гэта, можна сказаць з упэўненасцю, спадабалася б Сашу. То былі Ігар Варашкевіч («Крама»), Алег Хаменка («Палац»), Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Ангус («Тарнада»), Уладзімір Пугач («J:Морс»), Юрась Стыльскі, Алесь Мышкевіч, той жа Аляксандр Памідораў ды іншыя.

Шмат хто з гледачоў быў апрануты ў майкі з лагатыпамі «Нейра-Дзюбеля» і партрэтамі Кулінковіча, многія трымалі фота слыннага спевака, паэта і кампазітара.

Вядоўца канцэрта, блізкі сябра Сашы, рок-музыка і журналіст Аляксандр Памідораў падзякаваў усім прысутным за памяць, за тое, што яны прыйшлі на канцэрт. «Як гэта ні дзіўна прагучыць, але ў нас сёння будзе свята», — сказаў ён. І свята атрымалася. Многія ўзгадвалі прыкольныя кліпы выканаўцы, смешныя гісторыі з ягонага жыцця і шчыра ўсміхаліся. Але нядоўга.

Пастаянна ў людзей на вачах былі слёзы, асабліва калі гучалі словы ўдзячнасці Кулінковічу з вуснаў яго паплечнікаў па музычным цэху. І асабліва з вуснаў Сашыных жонкі і сястры.

Выступы музыкаў былі часам вельмі нечаканыя. Напрыклад, сумеснае выкананне аднаго з хітоў Кулінковіча Алесем Таболічам («Зніч») і Алегам Хаменкам у стылі «хэві-метал». Даўно публіка не бычыла і Ангуса, які проста рваў зал сваёй энергетыкай, залазіў на барабаны і вырабляў яшчэ Бог ведае што.


І ўсё ж, нягледзячы на тое, што ўсе музыкі стараліся выглядаць вясёлымі, яны такімі напоўніцу не былі. Як і гледачы. Бо ўсе разумелі, што «Нейра-Дзюбель» без Кулінковіча — гэта ўжо не той самы «Нейра-Дзюбель», хоць музыкі насамрэч малайцы і вельмі таленавітыя хлопцы. Другога Кулінковіча, як было адзначана са сцэны, у Беларусі ўжо не будзе. Яго ўжо нестае, хоць з моманту ягонага сыходу жыцця прайшло зусім небагата часу. І гэтая дадзенасць таксама стаяла комам у горле, выціскала слёзы скрухі і нейкага адчаю практычна ва ўсіх. За што, чаму так рана? «Бог забірае лепшых, відаць, там Саша вельмі спатрэбіўся», — сказала яго сястра. 


Канцэрт здымаўся на відэа, якое будзе выкладзена ў інтэрнэце. Пра тое калісьці марыў Саша, тое ажыццявяць ягоныя сябры — прафесійныя тэлежурналісты. І гэта будзе вельмі добрая памяць пра нашага таленавітага суайчынніка. А ўсе грошы, сабраныя за квіткі на гэты канцэрт, пойдуць на помнік Аляксандру Кулінковічу.

 

 

  

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!