Сотні прозвішчаў мінчан вярнулі з небыцці

13 красавіка а 16-ай гадзіне ў Музеі «Дом Ваньковічаў» (Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 33А) адбудзецца прэзентацыя серыі зборнікаў «Знакамітыя мінчане ХІХ-ХХ стст.» — матэрыялаў міжнародных канферэнцый 2004–2016 гадоў, прысвечаных малавядомай гісторыі Мінска.

Сумесныя канферэнцыі беларускіх і польскіх гісторыкаў  з 2004 да 2016 года праводзіліся па ініцыятыве Польскага Інстытута ў Мінску і Вроцлаўскага ўніверсітэта, у розныя гады партнёрамі выступалі  Таварыства “Wspólnota Polska”, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і БІП — Інстытут правазнаўства. У канферэнцыях прымалі ўдзел прафесійныя гісторыкі — выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, навуковыя супрацоўнікі архіваў, а таксама маладыя навукоўцы — магістранты, аспіранты, студэнты, для якіх гэтыя сустрэчы сталі стартавай пляцоўкай для ўваходу ў гістарычную навуку. Сустрэчы далі магчымасць абмеркаваць спрэчныя, складаныя і супярэчлівыя праблемы і пытанні агульнай гістарычнай спадчыны з улікам розных трактовак і падыходаў беларускай і польскай гістарычных школ па той ці іншай праблеме.

Юбілей — час падвядзення вынікаў, агляд мінулага і погляд у будучыню. Дзесяць сустрэч беларускіх і польскіх гісторыкаў і дзесяць выданняў матэрыялаў канферэнцый, якія разышліся па прыватных бібліятэках, размясціліся на паліцах дзяржаўных бібліятэк у Польшчы і Беларусі, сталі агульнай гісторыяй абедзвюх краін. Гэта плён працы не толькі гісторыкаў, але і археолагаў, музеяведаў, культуролагаў, філолагаў і літаратараў, даследчыкаў архітэктуры і прадстаўнікоў іншых галін навукі. “Мінск і мінчане” — гэта дзясяткі, калі не сотні прозвішчаў і імёнаў, што былі вернутыя з забыцця і ажылі на старонках зборнікаў матэрыялаў канферэнцый. Менавіта яны сваёй самаахвярнай  і нястомнай працай зрабілі Мінск такім, якім мы яго бачым і ўспрымаем сёння.

Уваход на прэзентацыю вольны


www.instpol.by

www.facebook.com/instytutpolski.wminsku

www.vk.com/instytut_polski_w_minsku

Паводле прэс-службы Польскага Інстытута ў Мінску 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!