«Спадчына Беларусі» — у Нацыянальным гістарычным музеі

24 ліпеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрыецца выстава, прысвечаная вынікам рэалізацыі аўтарскага мастацкага праекта Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча «Спадчына Беларусі».


За гады свайго існавання праект стаў вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка па-за яе межамі. Гэта першая выстава, якая ўсебакова раскрывае шматлікія аспекты праведзенай аўтарамі праекта працы, пачынаючы з 2001 года. Упершыню публіцы прадставяць усе яго асноўныя складнікі: прэзентацыйныя кнігі-альбомы, дакументальныя фільмы і фотаздымкі.

Выстава знаёміць з 18-ю перавыданнямі кнігі-альбома «Спадчына Беларусі» з 2004 па 2017 г. Кожная такая кніга-альбом — гэта 320 старонак, больш за 400 мастацкіх фатаграфій.

Аўтары — Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч — прадэманстравалі адметнасць помнікаў гісторыі і культуры, своеасаблівасць архітэктуры Беларусі. Старажытныя храмы, палацы, замкі і сядзібы, прадметы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з'яўляючыся часткай духоўнай і матэрыяльнай спадчыны беларускага народа, займаюць асаблівае месца сярод гістарычных каштоўнасцяў нашай краіны. Тэкст у кнізе-альбоме падаецца на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

У прэзентацыйных кнігах-альбомах серыі «Спадчына Беларусі» аўтарамі ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі мэтанакіравана рэалізавана канцэпцыя мастацкага прадстаўлення велічы, унікальнасці і разнастайнасці архітэктурных помнікаў і прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва IХ – пачатку XX ст., якія захаваліся на тэрыторыі краіны і з'яўляюцца не толькі нацыянальным, але і таксама сусветным здабыткам.

У кожным перавыданні аўтары абнаўляюць звесткі аб адноўленых помніках нацыянальнай спадчыны. І калі параўнаць выданні 2004 і 2017 гадоў, то менавіта па іх можна ўбачыць вялікі шлях Беларусі па аднаўленні гістарычных помнікаў краіны.

Са з'яўленнем на кніжным рынку Беларусі альбомы серыі «Спадчына Беларусі» сталі асноўным прадстаўнічым выданнем, лідарам продажаў сярод прадукцыі такога кшталту. З 2004 г. выдадзена 46 500 асобнікаў, што з'яўляецца рэкордам для нацыянальнага кнігавыдання дадзенага кірунку.

Арганічна ўвайшоў у праект «Спадчына Беларусі» 31 дакументальны фільм, дзе аўтары змаглі стварыць партрэты нашых слаўных продкаў, ураджэнцаў Беларусі, а таксама сучаснікаў, і гэта стала сапраўднай кіназ’явай у нацыянальным маштабе. Яны першымі ў дакументальных фільмах дэталёва і маштабна даследавалі біяграфіі Еўфрасінні Полацкай, Марка Шагала, Ігната Дамейкі, Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча і інш.

Аўтары ў кожным фільме прытрымліваюцца дакументальнай праўды і дакладнасці. Маштаб здымак, высокі узровень кансультантаў, праца ў буйнейшых музеях свету — усё гэта дазволіла прадставіць у фільмах матэрыялы раней не апублікаваныя, ці амаль невядомыя.

Дэталёвае даследаванне, якое правялі аўтары ў нацыянальных і замежных архівах, адкрывае новыя невядомыя старонкі біяграфій герояў. Фільмы атрымалі шэраг узнагарод, у тым ліку міжнародных. Фільм «Эпоха Марка Шагала» стаў пераможцам 9 Еўразійскага тэлефоруму ў Маскве ў 2006 г. У 2011, 2012, 2014 гг. кінастужкі адзначаны дыпломамі пераможцаў Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня». На выставе будуць дэманстравацца фільмы з праекта.

Важным складнікам мастацкага праекта «Спадчына Беларусі» з'яўляецца арганізацыя і правядзенне аднайменных фотавыставаў. У сваіх фотаработах аўтары адлюстроўваюць унікальнасць помнікаў беларускай гісторыі і культуры. Праз рэалістычнае, мастацка-выразнае ўяўленне сапраўднай беларускай самабытнасці ствараецца новы і прывабны вобраз Беларусі ў свеце.

Пачынаючы з 2003 года, аўтары правялі 30 нацыянальных і міжнародных фотавыставаў пад назвай «Спадчына Беларусі» ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Польшчы, Аўстрыі, Італіі, Чэхіі, Бельгіі, Арменіі і іншых краінах, дзе мэтанакіравана папулярызуецца новы вобраз Беларусі — еўрапейскай дзяржавы з тысячагадовай гісторыяй і багатай культурай.

З 2014 па 2017 г. мастацкі праект «Спадчына Беларусі» быў прадстаўлены ў Мінску пад адкрытым небам на арт-прасторы парку Чалюскінцаў (больш за 150 фотаработ памерам 3х2 м). Экспазіцыя ў даўжыню склала амаль адзін кіламетр. З архітэктурнай спадчынай Беларусі пазнаёміліся мільёны жыхароў і гасцей беларускім сталіцы.

На выставе ў Гістарычным музеі будуць дэманстравацца мастацкія фатаграфіі, якія прадстаўляюць адноўленую архітэктурную спадчыну краіны: Мір, Нясвіж, сядзібы ў Скоках, Мерачоўшчыне, Лошыцы і Чырвоным Беразе, палацы ў Залессі і Гомелі, храмы ў Полацку, Сынкавічах, Івянцы і г.д.

За высокі мастацкі ўзровень альбома «Спадчына Беларусі» А. А. Аляксееву і А. В. Лукашэвічу 7 студзеня 2005 г. ўручылі прэмію «За духоўнае адраджэнне». На 45-м Рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі» ўпершыню за 14 гадоў была ўручана найвышэйшая паліграфічная ўзнагарода Беларусі — Дыплом Францыска Скарыны за альбом «Спадчына Беларусі». На Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» аўтараў праекта неаднаразова ўзнагароджвалі з уручэннем ганаровага дыплома Пераможцы і знака «Залаты Фаліянт», яны прызнаныя лепшымі фотамастакамі ў 2018 годзе. і лепшымі дызайнерамі кнігі ў 2016-м.

Мастацкі праект «Спадчына Беларусі» набыў шырокую вядомасць не толькі ў краіне, але і далёка за яе межамі. Кнігі-альбомы, дакументальныя фільмы прадстаўлены ў фондах буйнейшых бібліятэк свету, у прэстыжных універсітэтах, культурных і дыпламатычных установах, у прыватных калекцыях вядомых людзей, сярод якіх Каралева Вялікабрытаніі, Папа Рымскі. Гэта дае магчымасць знаёміць з беларускай гісторыяй, культурай, спадчынай шырокае кола сусветнай грамадскасці.

Выстаўка ажыццяўляецца сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і будзе адкрыта для наведвання з 24 ліпеня па 23 жніўня 2020 года.


Паводле прэс-рэліза

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: