Спадчына як рэстаран, альбо Ці месца дзіцячаму садку ў палацы?

Якім будзе лёс гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі ў бліжэйшыя 20 гадоў, хто яго будзе вырашаць, і якія найбольш балючыя кропкі існуюць у сферы яе аховы?

Пра гэта разважалі падчас круглага стала «Захаванне і рэстаўрацыя ў Беларусі: Новае пакаленне ўздымае галаву», які арганізаваў Беларускі камітэт па ахове помнікаў ICOMOS.

Імпрэза заяўлялася як спроба даць голас маладым прафесіяналам, што працуюць са спадчынай, і акрэсліць партрэт новага пакалення — тых, ад каго ўжо ў недалёкай будучыні будзе залежыць прыняцце рашэнняў аб лёсе нашых помнікаў.

— Маладое пакаленне — гэта прафесіяналы, якім +/- 30 гадоў. У нас ужо ёсць пэўныя дасягненні ды расчараванні, і тое, што мы сёння думаем пра спадчыну, будзе праграмавць сітуацыю на наступныя 20—30 гадоў, — патлумачыў старшыня праўлення Беларускага камітэта ICOMOS, культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка.

Сцяпан Стурэйка

Па яго словах, спадчына — месца сутыкнення розных інтарэсаў. Таму ў гутарцы ўдзельнічалі носьбіты розных прафесійных ідэнтычнасцяў: рэстаўратары, дызайнеры, даследчыкі, культурныя менеджары, гісторыкі, экскурсаводы. У кожнага з іх — свой шлях да гістарычных каштоўнасцяў і сваё бачанне іх захавання.  


— З самага пачатку ахоўнай дзейнасці мы хапаліся за ўсё, што балела: абаранялі і помнікі, і беларускую мову. Першы яркі досвед: ехалі з сябрамі аўтаспынам і каля Ракава ўбачылі бульдозер на праваслаўных могілках. І тады сябры проста сталі перад гэтым бульдозерам, рабочыя аслупянелі. Літаральна за 5 дзён мы падрыхтавалі дакументы на ўнясенне могілак у Спіс гісторыка-культурнах каштоўнасцяў, хоць тады яшчэ ні ў чым не разбіраліся і не ведалі, што для гэтага трэба. Цяпер ракаўскія могілкі маюць тую ж катэгорыю, што і Крэўскі замак. Пасля гэтага мы з рыдлёўкамі стаялі ў раскопе на Савецкай плошчы ў Гродна і сачылі, каб не быў парушаны фундамент палаца Радзівілаў, — узгадаў сябра праўлення ICOMOS гісторык Цімафей Акудовіч.

Цімафей Акудовіч

Цімафей Акудовіч

На яго думку, праз тое, што ў Беларусі няма структуры ўзаемасувязі паміж грамадскімі арганізацыямі ў сферы аховы помнікаў, існуе разгубленасць і неразуменне таго, што трэба рабіць. Ніводная арганізацыя, якая працуе з аховай помнікаў у нашай краіне, па словах гісторыка, не выйшла на сістэмны ўзровень працы са спадчынай. Часцей за ўсё гэтым займаюцца грамадскія аб’яднанні і валанцёры. У Беларусі, у адрозненне ад многіх краін, няма пасады інспектара па ахове спадчыны. А ён мог бы значна палепшыць сітуацыю, мяркуюць удзельнікі круглага стала.


Яшчэ адна сябра праўлення беларускага ICOMOS Нэлі Дарашкевіч мяркуе, што разбурэнне спадчыны адбываецца не толькі на матэрыяльным узроўні, але і на ідэалагічным.

— Ва Украіне, Літве тое, што засталося, выкарыстоўвалася, няхай нават палац аддавалі пад дзіцячы садок. А ў нас гэта не счытваецца новымі пакаленнямі, гэта нікому не патрэбна. Страшна падыходзіць да спадчыны. Адчуваеш, што гэты масіў немагчыма падняць нікому.

Нэлі Дарашкевіч і Андрэй Лары

Яна пераканана, што бессэнсоўна хацець поўнай рэстаўрацыі таго, што ў руінах, трэба перастаць баяцца помнікаў і пачаць выкарыстоўваць іх. Аднак пытанне ў тым, якім мусіць быць гэтае выкарыстанне, наколькі магчымая інтэрвенцыя ў спадчыну, каб яна заставалася спадчынай? І тут пакуль што не атрымліваецца прыйсці да агульнай думкі.

— Працуючы ў коле розных супольнасцяў, я зразумеў, што каштоўнасці ва ўсіх абсалютна розныя і нават супрацьлеглыя, праз гэта немагчыма прыйсці да адзінства. Таму пачаць трэба з таго, каб вызначыць агульныя мэты для ўсіх, — выказаўся дызайнер Андрэй Лары.

Спадчына — гэта сфера, дзе не хапае разумення, сінергія тут працуе, хутчэй, на «ядзерны выбух», — пагадзіўся з ім Сцяпан Стурэйка. — Наша спадчына сёння змяшчае занадта шмат слядоў познесавецкага пратэстнага краязнаўства. Гэты рух у пэўны момант нашай гісторыі адыграў важную ролю напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. Але сёння гэты грамадзянскі парыў прыводзіць толькі да выпрацоўкі новых рэгламентаў, якія абцяжарваюць абарону помнікаў. Кожны цягне коўдру на сябе, і няма кропкі збору розных прафесійных ідэнтычнасцяў.


Спадчыне, на думку Сцяпана Стурэйкі, не хапае «прадзюсараў», якія б наладжвалі камунікацыю паміж рознымі людзьмі. Аднак гэта не адзіная праблема. Архітэктар-рэстаўратар Зміцер Савельеў адзначыў, што ў працы з аховай каштоўнасцяў у нашай краіне магчыма кіравацца толькі двума шляхамі: альбо ісці на кампрамісы, альбо захоўваць прафесійную рэпутацыю. «Альбо ты мусіш змагацца, альбо здавацца і сыходзіць з прафесіі», — канстатаваў архітэктар.

Зміцер Салаўёў

Зміцер Салаўёў

Пытанне яшчэ і ў тым, ці патрэбная спадчына грамадству. Напрыклад, у краінах Еўропы старадаўнія аб’екты рэстаўруюць у тым выпадку, калі яны патрэбны мясцовай супольнасці. Калі не, то іх проста кансервуюць. Праўда, на Захадзе вельмі моцны рэгламент аховы помнікаў, і знішчыць іх складана, чаго не скажаш пра Беларусь.

Аднак не ўсе падзяляюць думку аб тым, што ў грамадстве трэба выхоўваць патрэбу ў спадчыне.

Андрэй Кіштымаў

Андрэй Кіштымаў

— Трэба адыйсці ад думкі, што гісторыя патрэбная абсалютна ўсім. Гэта патрэбна пэўнай аўдыторыі. Калі мы пачнем шукаць «спажыўца» спадчыны, то атрымаецца тое ж самае, што ў савецкі час у сістэме грамхарчу: ёсць «комплексны абед» у выглядзе полацкай Сафіі, Нясвіжа, Міра, Брэсцкай крэпасці, які трэба абавязкова «ўжыць». Я думаю, што трэба займацца не «комплексным абедам», а «меню», і старацца, каб яно было добрым — «рэстаранным», з добрымі «кухарамі» і аўтэнтычнымі беларускімі «стравамі». І калі наша спадчына будзе ўяўляць сабой такі шыкоўны «рэстаран», то і кліент для яе знойдзецца, — лічыць гісторык Андрэй Кіштымаў.

Фота аўтаркі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!