Спадчына супраць віруса: Патрыцыя Свіціна запрашае на (анлайн)канцэрт

Да сваіх 19 гадоў стромкая прыгажуня Патрыцыя Свіціна скарыла сваім магутным голасам і пераасэнсаваннем беларускага фольку ўжо не адну айчынную і замежную пляцоўку. Узяўшчы старт з фестываля «Камяніца», дзяўчына спявала для абаронцаў Курапатаў у 2017-м, прадстаўляла Беларусь на міжнародным на Euroradio Folk Festival у Маскве ў 2018-м, супрацоўнічала з прадзюсарам з ЗША. А ўжо ў гэтую нядзелю, 29 сакавіка, у Мінску адбудзецца прэзентацыя першага міні-альбому Этна-праекта Патрыцыі Свіцінай.

Хто такая Патрыцыя Свіціна?

Дзяўчына — уладальніца шматлікіх узнагарод вышэйшай ступені вакальных конкурсаў. Адным з першых амбітных творчых крокаў быў удзел тады яшчэ 13-гадовай Патрыцыі ў ТБ-шоу «Я магу!» з кампазіцыяй «Ляцела страла». Тады дзяўчына заявіла пра сябе як пра крэатыўную творчую асобу.  

У 15 гадоў Патрыцыя ўжо стварыла свой этна-праект, пазней яна з ім прадставіла Беларусь на міжнародным на Euroradio Folk Festival у Маскве.

Чытайце таксама: Беларускі фольк прагучаў на дваццаць дзве краіны свету (фота, відэа)

 
Патрыцыя лічыць неабходным захоўваць і папулярызаваць сапраўдную культурную спадчыну беларусаў. Але сучасным людзям, асабліва моладзі, складана ўспрымаць аўтэнтыку, таму час, у пэўным сэнсе, дыктуе свае ўмовы для творчасці. Таму Патрыцыя захоўвае песенны матэрыял, выкарыстоўвае аўтэнтычныя інструменты (дуда, ліра і інш.), а аранжыроўкі стварае пры дапамозе сучасных музычных сродкаў.

«У фальклорным матэрыяле закладзены глыбокі філасофскі сэнс жыцця многіх пакаленняў, і адказы на сённяшнія выклікі можна знайсці ў фальклоры», — перакананая спявачка.

Што за альбом прэзентуюць?

29 сакавіка а 18 гадзіне ў клубе «Бруге» будзе прэзентаваны першы міні-альбом Этна-праекта Патрыцыі Свіцінай. Падчас прэзентацыі прагучаць і кампазіцыі з альбома, і тыя, што ў яго не ўвайшлі. У склад гурта ўваходзяць розныя музыкі з разнастайнымі густамі, але гэта толькі дапамагае Патрыцыі падаваць кожную песню па-свойму, найлепшым чынам перадаць яе сэнс і настрой. Кампазіцыі, сабраныя ў міні-альбоме, дэманструюць розныя напрамкі і бачанні традыцыйных спеваў ўдзельнікамі гурта. Дарэчы, спеўны матэрыялы Патрыцыя сама збірала ў архівах.

Адметнае і афармленне альбома: яго выпусцілі ў выглядзе драўлянай флэш-карты. Гэта зручна, да таго ж менавіта драўляны матэрыял найбольш пасуе для захоўвання фальклору.  

Павіншаваць Этна-праект прыйдзе зорны госць — Аляксандр Чумакоў з гурта «Стары Ольса». Слухачоў чакае яшчэ адзін падарунак. У Беларусі не так часта можна пачуць мужчынскую спеўную традыцыю. А на прэзентацыі міні-альбома выступіць мужчынская капэла гурта «Ветах». Гэта варта паслухаць!

А як жа каронавірус?

Канцэрт у «Бруге» быў запланаваны яшчэ да распаўсюджвання віруса. Але арганізатары знайшлі выйсце: выступаць артысты будуць ужывую, але разам з тым зладзяць анлайн-трансляцыю. Таму ахвотных паглядзець сэт у жывым выкананні і цалкам пагрузіцца ў атмасферу беларускай аўтэнтычнай музыкі ў адметным пераасэнсаванні запрашаюць прыйсці на канцэрт нядзельным вечарам. Арганізатары канцэрта абяцаюць паклапаціцца пра меры бяспекі ў час шчыравання інфекцыі каронавіруса: у клубе праводзіцца кварцаванне, ёсць дэзінфектары, а гасцям на ўваходзе прапануюць ахоўныя маскі.

Але тым, хто вырашыць разнастаіць сваю самаізаляцыю і разагнаць змрочныя думкі ды паглядзець выступ анлайн, прапануюць далучыцца да краўдфандынга на пляцоўцы MOLAMOLA — гэта дапаможа зрабіць якасную трансляцыю. Таксама яе можна падтрымаць, набыўшы квіток на канцэрт. Грошы не пойдуць на ганарары для музыкаў, а толькі на выдаткі па арганізацыі выступу. Калі раптам сродкаў назбіраецца больш, чым неабходна для трансляцыі, арганізатары абяцаюць накіраваць іх на дапамогу сталым людзям, якія хварэюць на каронавірус.

Дарэчы, канцэрт будзе інтэрактыўным: вядоўцам прэзентацыі будзе журналіст «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук, таму спевы будуць перамяжацца з гутаркамі з гасцямі, цікавымі фактамі і гісторыямі ды каментарамі.

«Цяпер у краіне нялёгкія часы, але я веру, што спадчына нас уратуе! Таму віншую ўсіх са 102 гадавінай абвяшчэння незалежнасці БНР, якую мы нядаўна адзначылі, і запрашаю нас падтрымаць, будзем удзячныя ўсім, хто ахвяруе хаця б рубель!», — дадае Патрыцыя Свіціна.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: