Спеўная традыцыя беларускіх мужчын

У межах праекта «Традыцыя» выйшаў СD мужчынскіх песень. На ім — запіcы аўтэнтычных ансамблевых і сольных спеваў, пераважна з палескіх вёсак, сабраныя вядомымі этнамузыколагамі ў 70 — 80-х гадах ХХ стагоддзя.

Гэта першая плыта ў сэрыі. Да дыска прыкладаецца буклет з тэкстамі песень, фотаздымкамі, перакладам на англійскую мову.

Плыту адкрывае мужчынскі спеўны гурт вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёна ў запісах этнамузыколага Зінаіды Мажэйка 1968 і 1977 гадоў.


У гурт уваходзілі Іван Прыбора, Ілля Зенькавец, Еўдакім Маркевіч і Васіль Швед. Верхні голас у ансамблі спяваў Іван Прыбора. На мясцовай гаворцы яго звалі «падводчыкам» ці «гаравіком». Майстэрства голаснага спеву ён удасканальваў падчас працы пастухом, «на выгане».

Сцяпан Дубейка са спевакамі з вёскі Глушкавічы Іванам Прыборам, Васілём Шведам.

Сцяпан Дубейка са спевакамі з вёскі Глушкавічы Іванам Прыборам, Васілём Шведам.

Васіль Швед і Міхаіл Шкадун

Васіль Швед і Міхаіл Шкадун



На плытцы гучаць песні вёскі Тонеж (таксама Лельчыцкі раён), запісаныя Зінаідай Мажэйка ў 1979 годзе. Яна «адкрыла» слухачам палескага самародка Сцяпана Дубейку. Даследчыца ўпершыню наведала Тонеж у 1964-м, пазнаёмілася з мясцовымі выканаўцамі, паслухала песні, пасябравала са Сцяпанам Дубейкам, які дасканала валодаў майстэрствам спеву на шырокім дыханні. Ён працаваў пастухом у роднай вёсцы і ў Сямігосцічах Столінскага раёна, плытагонам на Прыпяці. Зінаіда Мажэйка пісала: «Дубейка — спявак рэдкай драматычнай сілы. Калі ён спявае сольна, кожны раз быццам нараджае песню наноў, а калі спявае разам з ансамблем, то трымае характар песні нейкай нябачнай сілай і адначасова нібы залівае напеў магутнай плынню свайго голасу».

Сцяпан Дубейка

У збор увайшлі песні з Гаўрыльчыцаў Салігорскага раёна. Гаўрыльчыцкі мужчынскі ансамбль «Плытагоны» ўтварыўся ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Яго кіраўніком стаў спявак з неверагодна моцным, унікальным голасам Мікалай Бойка. Гэты калектыў прывёз на запіс у Мінск у 1988-м годзе Іван Кірчук, цяпер — лідар этна-трыа «Троіца», збіральнік і даследчык беларускага фальклору. На той час ён працаваў выкладчыкам Мінскага культасветвучылішча, якое скончыў сын Мікалая Бойкі Валерый. Ён і пазнаёміў Кірчука з «Плытагонамі».

Запісы мужчынскага ансамбля вёскі Мохаў Лоеўскага раёна зроблены ў 1981 годзе. Прыезду на студыю ў Мінск спрыяла этнамузыколаг Ларыса Касцюкавец. Яна пазнаёмілася са спевакамі падчас летняй студэнцкай фальклорнай экспедыці Белдзяржкансерваторыі.


Сольныя спевы на дыску прадстаўлены запісамі Рыгора Марэцкага і Фёдара Клімчука. Рыгор Марэцкі, жыхар вёскі з утульнай назвай Пірагі Дубровенскага раёна, выконвае валачобную песню, якую памятае з маладосці, калі сам прымаў удзел у валачобным абыходзе вясковых двароў. Запіс 1981 года.

Фёдар Клімчук — вядомы беларускі мовазнаўца, дыялектолаг. Нарадзіўся ў вёсцы Сіманавічы Драгічынскага раёна. Ён унікальны знаўца фальклору гэтага палескага рэгіёна. Сам ведае і спявае амаль тысячу песень, «старовынных» і «новішчіх». Запісаў некаторыя з іх у 1995-м годзе. Гэтаму спрыяла этнамузыколаг Галіна Кутырова-Чубаля.

Прэзентацыя дыска пройдзе ў кавярні «Грай» 20 красавіка а 18.00.


Праект «Традыцыя», заснаваны музыкам і этнографам Сержуком Доўгушавым, накіраваны на развіццё і папулярызацыю беларускай традыцыйнай музыкі. Акрамя выпуску дыскаў у межах праекта ладзяцца канцэрты аўтэнтычных гуртоў, майстар-класы, спеўныя сходы і этнаграфiчныя экспедыцыі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Рыгор Лазько
  • 2018-05-05 11:36:40
Дзе можна набыць дыск?
  • Tradycyja
  • 2018-05-15 16:11:41
Кнігарня Логвінаў : https://bookstore.lohvinau.by
Symbal.by: https://symbal.by/t/1018-tradycyja/
У БЕЛКНІЗЕ таксама можна знайсці