Старэйшы айчынны рок-гурт «Крама» рыхтуе да выхаду новы альбом

«Белая вада», апошні альбом калектыва, пабачыў свет роўна 5 год таму. Шмат чаго адбылося за гэтыя часы, і ў выніку бясконцых эксперыментаў ды пошукаў гурт Ігара Варашкевіча прыйшоў да запісу новага матэрыялу.
Рэліз пад працоўнай назвай «Зацменны блюз», у які ўвойдзе 10 трэкаў, стане 9-ым альбомам у дыскаграфіі «Крамы».

«Мы верым, што ўсе мы – адна вялікая сям’я, і гэты альбом мы хочам запісаць разам. Таму запускаем краўдфандынг-кампанію ў яго падтрымку, якая дазволіць кожнаму слухачу спрычыніцца да нараджэння новага альбома. Будзь разам з намі!»

«Крама» – легендарны беларускі рок-гурт, створаны ў 1991 годзе на чале з Ігарам Варашкевічам, які да гэтага, з 1980 года зʼяўляўся лідарам гурта «Бонда». За 28 год свайго існавання гурт паспеў выдаць 8 паўнафарматных альбомаў, паўдзельнічаць у больш чым 15 складанках і супольных праектах, перажыць некалькі зменаў складу і негалосную забарону. Выконвае класічны рок. Уладальнікі вялікай «Рок-кароны» 1994 і неаднаразовыя пераможцы «Рок-каранацыі» ў намінацыях «За вернасьць жанру», «Традыцыі ды сучаснасьць», «Лепшы альбом» (альбом «Хавайся ў бульбу», 2001), «Блюз-рок выканаўца», прэміі Rock Profi «За ўнёсак» (2014).

Паводле racyja.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!