Старонкі з «памятнай кніжкі»

«...Калі парушаюцца драбязговыя правы, то чалавек гатоў грызціся за гэта і кусацца зубамі; там жа, дзе разбіваецца сама аснова, прынцып, ён пакорна згінае сваю галаву і моўчкі падстаўляе яе пад абух...». Выходзіць, такая яна, выведзеная Якубам Коласам, вечная наша чалавечая памылка.

Фота www.pikabu.ru


«Иногда нужно иметь противу себя озлобленных!»

Мікалай Гогаль


1 снежня 2019 г., нядзеля.

З’яўленне, а тады і даволі хуткае пашырэнне ў Расійскай імперыі чыгункі Фёдар Дастаеўскі адлюстраваў апакаліптычнымі фарбамі, — параўнаў чыгунку з зоркай палын.

Па сутнасці, такога перабольшання трымаўся й Леў Талстой.

Невыпадкова ж адзін вядомы рэжысёр паведаміў неяк у тэлевізійным выступленні: маўляў, каб напалохаць уражлівых чытачоў тым злом, якое, на думку Льва Талстога, прынесла чыгунка, знакаміты граф і прыдумаў трагічную гісторыю пра Ганну Карэніну.

А наш Якуб Колас у аповесці «У палескай глушы» выказаў удумнае захапленне здабыткамі сучаснай яму цывілізацыі:

«...Было штось велічнае, магутнае і захопліваючае ў гэтай імклівасці поезда. Мімаволі хацелася схіліць галаву прад геніем чалавечага розуму, атрымаўшага верх над бясконцымі адлегласцямі...».

Якуб Колас нібыта спрачаецца і з Дастаеўскім, і з Талстым, а найбольш з відавочна бліжэйшым да сябе Аляксандрам Блокам, стаўленне якога да чыгункі было драматычна-стрыманым.

Дарэчы, у такой гаворцы немагчыма не згадаць і яшчэ адно вялікае імя!

Вядома, Якуб Колас памятаў апісанне жахлівага будаўніцтва рэйкавай дарогі, якое даў у сваім гранічна-змястоўным вершы Мікалай Някрасаў.

І тут варта асобна адзначыць, што сярод будаўнікоў-пакутнікаў Мікалай Някрасаў убачыў і беларусаў!

Так, Якуб Колас памятаў някрасаўскі твор пра чыгунку і разумеў: неабходнае для людзей вырастае з людскіх жа трагедый, і захапляўся неабходным, бо яно неабходнае!


2 снежня 2019 г., панядзелак.

Што такое дакладнасць мастацкага адлюстравання?

Як адказаць на гэта пытанне?

Хіба што разгарнуць усё тую ж аповесць Якуба Коласа і прачытаць уголас першае ўбачанае:

«...Бабка не спіць. Яна проста думае свае старэчыя думкі, сухія, як і сама старасць, простыя, як і ўсё жыццё яе, нецікавыя, як і яе доля...»

Думкі сухія, бо сухая старасць!

Гэта ўражвае.

Дакладнасць мастацкага адлюстравання робіцца хараством.


3 снежня 2019 г., аўторак.

Малады настаўнік Лабановіч (галоўны герой аповесці «У палескай глушы») здзіўляецца — маўляў, чаму людзі звыкліся з тым, што памруць, чаму яны не выступаюць супраць смерці, аднак жа заўсёды зацята змагаюцца проці дробнага, малазначнага:

«...Калі парушаюцца драбязговыя правы, то чалавек гатоў грызціся за гэта і кусацца зубамі; там жа, дзе разбіваецца сама аснова, прынцып, ён пакорна згінае сваю галаву і моўчкі падстаўляе яе пад абух...».

Выходзіць, такая яна, выведзеная Якубам Коласам, вечная наша чалавечая памылка.


4 снежня 2019 г., серада.

Проза «У палескай глушы» — адначасова і мастацкі твор, і своеасаблівы зборнік этычных правілаў, якіх неабходна пільнавацца.

Мне здаецца, што самае асноўнае правіла Якуб Колас выказаў гэтак:

«...Навязваць... людзям сваю волю, вымагаць ад іх, каб яны рабілі іменна так, а не іначай, мы не маем права, бо хто можа паручыцца за тое, што мы не памыляемся?..»

Так разважаў пясняр на пятым годзе чырвонага панавання!


5 снежня 2019 г., чацвер.

Ідэалізацыя дзяўчыны ў нашай літаратуры, можна сказаць, асобная тэма.

Янка Купала ў паэме «Магіла льва» адносна гэтага прамовіў:


На беларускую дзяўчыну,

Калі тут праўду ёй аддаць,

Ніхто йшчэ каменем не кінуў

І не паважыцца кідаць...


Зрэшты, у «Магіле льва» перш за ўсё паказана крывадушная дзеўка Наталька; прыведзенае ж чатырохрадкоўе ўвасабляе дзяўчыну наогул, — вобраз дасканалай дзяўчыны.

А ў Купалавай паэме «Бандароўна» знаходзім ужо ідэалізацыю дзявочага хараства:


Хараства такога ў свеце

Не было, не будзе;

Аб ёй (Бандароўне. — Л.Д.-М.) людзі гаварылі,

Як аб нейкім цудзе...


І ў Якуба Коласа (у маладога настаўніка Лабановіча!) да дзяўчыны (дзяўчыны наогул!) іконныя адносіны:

«...Лабановіч ніколі, нават у думках, не дазваляў сабе зняважыць дзяўчыну. Адно слова «дзяўчына» выклікала ў душы яго чысты і прыгожы вобраз, на які можна пазіраць і любавацца толькі здалёк...»


6 снежня 2019 г., пятніца.

І зноў жа твор Якуба Коласа нагадвае пра неабходнае, ну, скажам, хоць бы пра тое, што не трэба піць, а лепей штодня працаваць, што трэба навучыцца радавацца і пры гэтым ніколі не забываць пра смерць...

Здаецца, можна адсоўвацца ад людзей, але не варта аддаляцца ад прыроды, а сваё настаўніцтва (і любую іншую работу) лепш за ўсё ўспрымаць як з’яву дзяржаўную, а не бытавую.

І што цікава, трэба ж імкнуцца шукаць здаровае (!) пачуццё, разумеючы — яно першаснае, бо:

«...Пачуванне ж ёсць папярэднік розуму ў доследах і вызначэннях сутнасці рэчаў...».

І ці не галоўнае ў творы: пясняр вуснамі Лабановіча гаворыць пра школу (навучальную ўстанову), у якой «...мова мацеры зневажаецца і забіваецца...».


7 снежня 2019 г., субота.

Завяршаючы гэтыя запісы, нагадаю: аповесць «У палескай глушы» — першая кніга трылогіі «На ростанях».

«На ростанях»!

Сімвалістыка назвы заўважана ці не ўсімі даследчыкамі.

Якуб Колас умеў сваім творам даваць загалоўкі; начытаны, адукаваны і надзвычай творча багаты, ён матэматычна дакладны ў фармулёўках:

«...формы жыцця абмежаваны, само... жыццё не мае граніц...».

У адным чалавеку ён бачыў усіх людзей; ведаў: у любых пытаннях (найбольш рэлігійных!) трэба быць памяркоўным, абачлівым, бо людзі жывуць не нейчым, а заўсёды сваім жыццём.

І вось, як трапна заўважыў:

«...палешукі не вельмі кідаліся да царквы...».

Сапраўды ж, дакладнае назіранне!

І Коласавы святары, дарэчы (тыя ж айцец Кірыла і айцец Мадэст) амаль не адрозніваліся ад сваёй паствы, бо ў духоўнай службе трымаліся болей жыццёвых, чым царкоўных правілаў, таму, лічу, можна сцвердзіць, што і яны «...не вельмі кідаліся да царквы...».

Здаецца, наш пясняр і такія ягоныя героі, як згаданыя святары, меркавалі: чалавек заўсёды на ростанях, на раздарожжы, на нервах, а раз так, то лішне лепей (штодзённая мудрасць!) не чапаць чалавека.


11 студзеня 2020 г., субота.

Сапраўды, шмат у чым аповесць Якуба Коласа можна ўспрымаць як скарбонку этычных правілаў, таму ўсё часцей і часцей думаю, што блізкая мне тая проза, і не толькі наша, а наогул, якая прывучае да парадку, дапамагае жыць, уплывае на пачуцці, нават можа цвяроза пакпіць з цябе:

«Ты верыў, што ўсё жыццё будаваў — не, дружа, ты ўсё жыццё разбураў... Ты спадзяваўся, напрыклад, што ўсе гавораць на мове любові, а кожны размаўляе па-свойму — хто баязліва, хто сквапна, хто хітра...».

Так, не толькі наша проза, а наогул...

От жа руская літаратура, умоўна кажучы ад Мікалая Гогаля да Аляксандра Салжаніцына, акрамя мастацкага ўздзеяння імкнулася яшчэ і выхоўваць чалавека, перабудоўваць ягонае жыццё.

Ствараліся вялікія павучанні (духоўныя дакументы!), у якіх якраз і было распісана — як жыць і працаваць, куды накіроўваць думкі і што чытаць, як любіць радзіму і людзей; якія павінны быць адносіны мужа да жонкі.

Гаварылася пра шкоду маркоты і згубнай аднабаковасці высноў, згадвалася вартасць разумення, паводле якога, скажам, імя рэчы бывае часам больш каштоўным, чым сама рэч!

Цікава даведацца з тых павучанняў пра жанчыну (пра тое, як павінна паводзіць сябе жонка губернатара!), і пра сэнс хвароб, і пра значэнні слоў, і, вядома ж, аб тым, што песняры (паэты) вышэй па грамадскай значнасці за праўнікаў (то-бок, законнікаў).

А па-над усім — тэма царквы і духавенства, ідэалізацыя Расіі, яе дзяржаўная веліч і (што істотна!) яе прыватныя страхі...

Так, я пра «Выбранные места из переписки с друзьями» Мікалая Гогаля.

Дарэчы, у назву свайго шэдэўра вялікі ўкраінец увёў, як бачым, назоўнік множнага ліку «друзья» і, здаецца, зрабіў гэта крыху ў іранічным сэнсе, бо не дзе-не­будзь, а менавіта ж тут, на старонках «Выбранных мест...» заўважыў, што наогул у жыцці, калі казаць зусім шчыра, сяброў няма, пераважная большасць людзей пасварана, ці не кожны на кожнага ўзводзіць паклёп, сусед часта брэша на суседа, амаль ніякага сяброўства не існуе, а сябруюць (дзеля дробнай сваёй выгады!) толькі ашуканцы і махляры.

Праўда, якую не абмінеш!

Вось чаму сёння цяжка знайсці шчырага субяседніка сярод пыхлівых сучаснікаў, таму й шукаеш субяседніка ў літаратуры...

У 1835 годзе Мікалай Гогаль прамовіў: нам у музыцы патрэбна рускае, французскае надакучыла!

Уплыў ягоных слоў, можна сказаць, быў імгненны: у 1836 годзе Міхаіл Глінка напісаў оперу «Іван Сусанін».

Так, французскае надакучыла, і наогул непрыманне ўсяго чужога — таго ж каталіцтва, напрыклад, сталася ў павучаннях з’явай ці не дамінантнай.

У «Выбранных местах...» выразна акрэслена: Расія чуе Божы голас, а заходнія краіны — не; заходняя царква аддаляе чалавецтва ад Хрыста, праваслаўная ж — заўсёды разам з людзьмі!

Часам вялікі пісьменнік размаўляў, здавалася, мовай анёлаў і тады рабіў дзіцячыя высновы: як толькі паны пачнуць сумленна жыць, тады й парабкі, гледзячы на паноў, стануць сумленнымі, а Хрыстос, які дае мудрасць, — бясспрэчны аўтарытэт, як і рускі цар, дарэчы...



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: