Старыя Васілішкі. Смерць і ўваскрасенне аргану

Касцёл Пятра і Паўла ў вёсцы Старыя Васілішкі зноў займеў голас. У ім зайграў старажытны арган.


Гэтае месца мае надзвычай цікавую гісторыю. Справа ў тым, што менавіта ў Старых Васілішках нарадзіўся выдатны спявак, музыка, кампазітар і выканаўца Чэслаў Немен. Нягледзячы на яго нараджэнне ў Беларусі, знакамітым ён стаў у Польшчы, і палякі назвалі яго выбітным музыкам ХХ стагоддзя.

Мажліва, Немен стаў тым, кім ён стаў, дзякуючы менавіта таму аргану, які цяпер адрадзілі ў Старых Васілішках. Бацька Чэслава Немена, Антон Выджыцкі (сапраўднае імя Немена — Чэслаў Юліюш Выджыцкі), быў якраз музычным майстрам, які даглядаў арган у касцёле, граў на ім, і зразумела, рамантаваў яго. Можа быць, адтуль у славутага музыкі і з’явілася гэтая жыццёвая дарога.

Увогуле, гэтае мястэчка, як расказала знаная мастацтвазнаўца, дырэктарка галерэі  TUT.BY Таццяна Бебмель, — спляценне гісторыі, якая ледзьве не завязаная на музычным інструменце — аргане.

 

Гісторыя і музыка

 Каштоўны арган быў створаны сям'ёй нямецкіх майстроў Янтцон (бацька і сын) на мяжы XVIII-XIX стагоддзяў — гэтыя ж майстры стварылі арган у Будславе. Гэта адзін з унікальных інструментаў у Беларусі. У 1990-х гадах па ініцыятыве прафесара Уладзіміра Неўдаха быў праведзены перапіс старажытных музычных інструментаў, якія былі ў краіне. У час яе высветлілася, што ў нас існуе каля 120 арганаў у рознай ступені захаванасці. Дзейнымі з іх была добра калі пятая частка.

Аднак і сярод гэтых арганаў інструмент у Старых Васілішках вылучаўся. Справа ў тым, што гэта класічны барочны арган. Большасць з тых інструментаў, якія ёсць у Беларусі, адносяцца да пазнейшага перыяду — да стагоддзя XIX. Арганаў, якія б ствараліся ў XVIII стагоддзі, у нас не так ужо і шмат.


Сама парафія ў Старых Васілішках налічвае ўжо 500-гадовую гісторыю. Першапачаткова арган змяшчаўся ў старым драўляным касцёле XVII  стагоддзя. Але напрыканцы ХІХ стагоддзя парафіяне вырашылі пабудаваць новы, цагляны будынак. Збіралі грошы на яго, як водзіцца, усім светам, прычым значную частку сродкаў на будоўлю далі мясцовыя габрэі. У знак павагі да гэтага ўнёску на касцёльных вежах выкладзеныя зоркі Давіда.

Але ў той жа час аўтар праекта святыні — архітэктар Канстанцін Вайцяхоўскі — распрацоўваў будынак такім чынам, каб у ім поўнае гучанне набыў арган. То бок, касцёл будаваўся ледзьве не пад інструмент. І зараз гэта — выдатную акустыку будынку — можна пачуць амаль напоўніцу.

 

Амаль смерць

 Гэты інструмент перажыў шмат: Першую Сусветную вайну, далучэнне Заходняй Беларусі да СССР, Другую Сусветную... А амаль не сканаў ён у пасляваенны час.

Як расказвае Таццяна Бембель, да канца 1950-х гадоў арган быў у дзейсным стане, і радаваў прыхаджан касцёлу музыкай. Але потым у СССР у часы Хрушчова і Машэрава пачалася антырэлігійная кампанія.

Па дадзеных Бембель, у той час у Беларусі былі зачыненыя альбо зруйнаваныя ці знішчаныя іншым чынам каля 10 тысяч (!) розных рэлігійных аб’ектаў. Не пашанцавала і касцёлу ў Старых Васілішках. Праўда, лёс яго ксяндза быў больш лагодны, чым у іншых: у сілу яго сталага ўзросту савецкія ўлады не рэпрэсавалі яго, а дачакаліся натуральнай смерці. Пасля гэтага касцёл быў закрыты, а ўсё, што было ў ім — было апаганена вандаламі.

Не быў выключэннем і арган. Шукаючы каштоўнасці, яго раскурочылі амаль да неўзнаўляльнага стану: нават разбілі і перакруцілі трубы. Так і заставаўся гэты інструмент разбураным да скону СССР.

А самае прыкрае, кажа Бембель, тое, што са знішчэннем арганаў, натуральна, знікалі і майстры, якія маглі даглядаць і рамантаваць гэтыя інструменты. Бо арган, насамрэч — гэта не проста інструмент, гэта даволі складанае інжынернае і будаўнічае рашэнне. Узгадайце — і касцёл будавалі так, каб «дагадзіць» аргану.

Карацей, не заставалася амаль нікога, хто ўмеў бы з ім упраўляцца.

 

Дапамога, адкуль не чакалі

 Пасля скону СССР будынкі, якія падпалі пад хвалю антырэлігійнай барацьбы, пачалі вяртаць вернікам. Адрадзілася парафія ў Старых Васілішках.

Але арган чакаў свайго часу да 2009 года. Менавіта тады Старыя Васілішкі наведала група кінадакументалістаў на чале з Верай Савінай. Прыехалі яны здымаць дакументальны фільм у хату Чэслава Немана, але пабачылі і касцёл, дзе хрысцілі маленькага Чэслава, будучую зорку польскага і еўрапейскага прагрэсіў-року. Тады ўзнікла ідэя, па-першае, ператварыць хату, у якой нарадзіўся Неман, у яго дом-музей, а па-другое (крыху пазней) — узнавіць у касцёле ўнікальны арган.

Памятная дошка ў касцёле

«Ён быў у такім стане, што, калі мы вырашылі заняцца яго ўзнаўленнем, на нас глядзелі, як на вар’ятаў. Усе казалі, што ўзнавіць яго немагчыма», — узгадвае спадарыня Бембель. Прасцей было набыць электраарган, як гэта робіцца зараз ці не паўсюль.

Аднак нашыя людзі — з тых, што не шукаюць лёгкіх шляхоў. Энтузіясты, якія сталі апеквацца Старымі Васілішкамі (у час стварэння музею яны назваліся Апякунскай радай дома-музея), вырашылі зрабіць усё, як было. Да працы далучылі знанага майстра з Расіі, і адначасна пастара лютаранскай царквы Дзмітрыя Лотава, — ён кіраваў працай узнаўлення інструмента. У той жа час, з-за амаль поўнага знішчэння, рэстаўратары не давалі ніякіх гарантыяў, што прывядуць яго ў норму.

Дзмітрый Лотаў


Зразумела, на адным энтузіязме далёка не з’едзеш. Актыўную фінансавую і маральную падтрымку аказвала Пасольства Германіі ў Беларусі і Пасольства Польшчы. Правесці рамонтныя працы было б немагчыма без ўхвалення і садзейнічання ксяндза касцёла ў Старых Васілішках, айца Збігнева Драгулы. Дапамогу аказвала і Шчучынскае упраўленне культуры райвыканкама.

Пад час чатырохгадовай працы па ўзнаўленні інструмента, дарэчы, знайшлі дэталь, маркіраваную імём бацькі Чэслава Немана — Антонам Выджыцкім. Кожны майстра, які нешта рамантаваў у аргане, пакідаў на дэталях сваё імя…

У выніку рэстаўратары амаль адрадзілі арган у яго натуральным выглядзе. Нават мяхі ў ім зараз надзьмухаюцца не электраматорам (пакуль) а ўручную. А рэстаўратары займелі бясцэнны досвед і бясцэнную дакументацыю — бо запісвалі і замалёўвалі ўвесь шлях узнаўлення інструмента.

 

І гэта яшчэ не канец

 Першыя акорды ўзноўленага аргана прагучалі сёлета ў чэрвені, на дзень святых Пятра і Паўла. Але тады быў ўзноўлены толькі адзін рэгістр. На прэзентацыі-канцэрце, які адбыўся пры падтрымцы Пасольства Германіі 18 лістапада, прагучалі ўжо тры рэгістры. Граў на інструменце знаны майстар-арганіст Віктар Кісцень (яго выкананне ў сталіцы можна пачуць у касцёле Святога Роха), а пела пад арган знаная оперная зорка Ірына Кучынская.

Госці з Мінску прывезлі з сабою і квартэт «Aquarelle». Гэта таксама даволі вядомыя музыкі, якія граюць класіку ў розных незвычайных месцах. А мінскія аматары музыкі маглі неаднаразова іх чуць на канцэртах у Верхнім горадзе. Праўда, на жаль, правесці сумесны з арганам канцэрт не атрымалася, бо «зліць» у адно гучанне габой, скрыпку, віяланчэль, альт і арган — праца няпростая. Але і так атрымалася вельмі добра.

Квартэт «Aquarelle»


Напярэдадні канцэрту кіраўнік Шчучынскага ўпраўлення культуры райвыканкама Аляксандр Амшэй уручыў дыпломы Таццяне Бембель, Веры Савінай і Дзмітрыю Лотаву. А ойча Збігнеў Драгула атрымаў ад мінскіх гасцёў падарунак — фотаздымак прыхаджанаў яго касцёлу стогадовай даўніны.

Вера Савіна

Працы па рэстаўрацыі аргану будуць праходзіць і надалей. І мы будзем спадзявацца, што Беларусь усё ж займее выдатны аўтэнтычны музычны інструмент, якім можна ганарыцца нават у свеце.

Артыкул падрыхтаваны пры падтрымцы Пасольства Германіі ў Беларусі.

Каментаваць