Страчаная гістарычная спадчына Крычава

На фоне актывізацыі руйнавання помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны ў Крычаве хацелася б нагадаць, якія архітэктурныя аб’екты на працягу ўсяго ХХ стагоддзя зніклі з-за ідэалагічных установак, безадказных і абыякавых дзеянняў мясцовай улады.

Схематычны малюнак крычаўскага касцёла на сцяне будынка раённага ваенкамата. Фота з wikipedia.org

Кожны з гістарычных аб’ектаў быў унікальны і цікавы па-свойму, аднак цяпер нашы ўяўленні грунтуюцца толькі на фотаздымках, апісаннях будынкаў у старых дакументах і матэрыялах гісторыкаў і краязнаўцаў.

Савецкі час. Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і плябанія

У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Крычаве пачалося будаўніцтва новага каталіцкага храма. Менавіта гэтая падзея адлюстравалася ў захаваных да нашых дзён візітах Крычаўскага касцёла. Першыя дакладныя пісьмовыя звесткі аб арганізацыі і будаўніцтве касцёла ў Крычаве адносяцца да 1745 года — 20 ліпеня крычаўскі староста Геранім Радзівіл аддаў загад кіраўніку Крычаўскага старостава Паўлу Цялецкаму выдзеліць пляцы пад будаўніцтва фарнага касцёла і плябаніі. Прычым Радзівіл падкрэсліваў, што «земельный участок должен быть однакож не в близком положении от замка, чтобы, в случае, сохрани Бог, возникновения бунтов не было ещё большей измены от костёла. Притом строго предупреждаю, чтобы самый участок не находился на какой-либо горе, тем более на такой, которая образует другой угол Замковой горы».

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота 1913 г.


Гэты загад быў выкананы 26 жніўня, калі пад фарны касцёл крычаўскаму ксяндзу Рэгінальду Іллічу было выдзелена 5 пляцаў зямлі. Перасцярогі Гераніма Радзівіла звязаныя з падзеямі Крычаўскага паўстання 1740–1744 гадоў, што ўвайшло ў гісторыю Беларусі як адно з самых буйных выступленняў сялян і гараджан супраць арандатараў.

Пабудаваны касцёл быў драўляным, аднак каля храма знаходзілася каменная званіца з трыма званамі. Таксама вакол касцёла была пабудаваная агароджа, ніжняя частка якой была каменная, а верхняя — драўляная. Такім чынам, драўляны касцёл знаходзіўся ў цэнтры горада на рагу сучасных вуліц Ленінскай і Камсамольскай, там, дзе цяпер размешчаны закінуты будынак пошты і раённы ваенны камісарыят. Важна адзначыць, што ў гарадскіх інвентарах часта згадваецца назва «Латынь» (захавалася да сёння!), якая адносілася да часткі старога горада, дзе кампактна пражывала каталіцкае насельніцтва.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя цэнтральную частку Крычава знішчыў жудасны пажар. Згарэлі амаль усе пабудовы, у тым ліку і касцёл разам з плябаніяй. Часова набажэнствы вяліся на першым паверсе ў круглым зале так званага Пацёмкінскага палаца, валодаў якім на той час заможны крычавец Стэфан Галынскі. У палацы Галынскі прадаставіў ксяндзу памяшканне для пражывання. На яго ж грошы, а таксама на грошы вернікаў, у 1855–1860 гадах быў пабудаваны новы каменны касцёл. Стварыў гэты архітэктурны цуд у стылі неаготыкі таленавіты італьянскі архітэктар. Дзякуючы яго майстэрству, касцёл зрабіўся найпрыгажэйшай пабудовай у горадзе.

Двухвежавы франтальны фасад па цэнтры быў вылучаны трохпралётнай гатычнай аркай на 4 гранёных слупах, аб’яднанай агульным кілепадобным франтонам у завершы. Фасады і чатырохгранныя ярусы вежаў рытмічна чляніліся гатычнымі стральчатымі ваконнымі праёмамі. Перспектыўным стральчатым парталам быў вырашаны галоўны ўваход у храм. Над імі размяшчалася круглае вакно-ружа. Гатычны характар будынка ўзмацняла афармленне вежаў вуглавымі гранёнымі пілонамі з востравугольнымі вімпергамі: паміж імі аркатурныя нішы са стральчатымі броўкамі. Франтон і вежы касцёла завяршаліся крыжамі з маронага дуба. З правага боку ад уваходу ў храм стаяў пастамент з чыгуннай місай для святой вады, над якой вісела Распяцце Хрыста. У храме таксама знаходзіўся ўнікальны арган на 10 галасоў.

Унутраная прастора касцёла падзялялася магутнымі слупамі і аркадамі на тры нефы. Пяцігранную абсіду запаўняў двух’ярусны алтар, вырашаны ў формах барока — 4 калоны неслі крапаваны хвалісты антаблемент, паміж калонамі стаялі скульптуры святых Пятра і Паўла; другі ярус — простакутны шчыт з выгнутым карнізам. У новым касцёле было тры алтары. У галоўным, які быў акантаваны чатырма каменнымі калонамі, пафарбаванымі цёмнай алейнай фарбай, быў абраз Зачацця Святой Ганны ў срэбранай рызе.

Крычаўскі касцёл да сярэдзіны 1867 года заставаўся прыходскім, але потым пачалася ліквідацыя прыхода, прычым ініцыятыва сыходзіла ад Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі. Хутчэй за ўсё, паўплывалі падзеі паўстання 1861–1863 гадоў, падчас якога царскі ўрад, улічваючы сітуацыю, што склалася вакол Крычава, вымушаны быў увесці пяхотны батальён з Рослава. Бліжэйшыя сваякі Стэфана Галынскага — Валерыян і Адольф Галынскія — таксама прымалі непасрэдны ўдзел у падзеях паўстання.

У тэксце візітацыі касцёла за 1885 год размешчана і апісанне комплексу плябаніі. Гэта быў аднапавярховы каменны будынак з крытым жалезам дахам. У будынку было 7 пакояў, якія былі падзеленыя калідорам і ацяпляліся 5 печамі. У будынку налічвалася 12 вокнаў. На двары плябаніі стаяў таксама каменны флігель, пакрыты дранкай. Ён выконваў функцыю памяшкання для кухні і жылля прыслугі ксяндза. Акрамя таго, на двары стаяў каменны хлеў.

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917-га пачаўся ціск дзяржаўных органаў на вернікаў. У канцы 1920-х гадоў у акрузе Крычава заставалася каля 170 каталікоў, якія не маглі трымаць у нармальным стане будынак храма. Больш за тое, як паказваюць дакументы, менавіта ў 1920-я касцёл быў вельмі занядбаны.

Першамайская дэманстрацыя 1927 года. У правым верхнім вуглу бачны будынкі касцёла і плябані


Так, у газеце «Магілёўскі селянін» за 27 сакавіка 1929 года паведамлялася: «У Крычаве маецца і такі гігант, як касцёл. Стаіць ён адзінока і на працягу ўжо некалькіх гадоў наведваюць амаль што толькі адны птушкі, выпадкова заляцеўшы праз пабітыя вокны». У выніку мэтанакіраванай дзейнасці Крычаўскага райвыканкама, які ўвесь час акцэнтаваў увагу на кепскім стане касцёла і немагчымасці вернікамі яго адрамантаваць, апошнія ў сакавіку 1929 года «добраахвотна» перадалі будынак пад патранаж райвыканкама з мэтай яго выкарыстання для культурных патрэбаў жыхароў Крычаўскага раёна. Гэта было зацверджана 27 сакавіка 1929 года рашэннем Магілёўскай акружной камісіі па аддзяленні царквы ад дзяржавы.

Католікі Крычава, у сваю чаргу, нібыта пагадзіліся хадзіць на службы ў касцёл у Чэрыкаў, размешчаны за 30 кіламетраў ад Крычава. Першапачаткова будынак крычаўскага касцёла выкарыстоўваўся як «народны дом», у якім дэманстраваліся кінафільмы і працаваў самадзейны тэатр, але ў 1934 годзе з-за кепскага стану касцёл быў падарваны.

Сёння практычна на месцы касцёла знаходзіцца аднапавярховы будынак Крычаўскага ваенкамата. Ад зруйнаванага касцёла застаўся толькі адзін цагляны слуп ад плота. Пра існаванне касцёла на гэтым месцы нагадвае яго схематычная выява на адной са сцен будынка ваенкамата. Важна адзначыць, што фактычна за касцёлам месціліся гарадскія каталіцкія могілкі. У некалькіх метрах ад Крычаўскай санэпідэмстанцыі, якая з’яўляецца суседнім будынкам да ваенкамата, у пачатку 2000-х гадоў праводзіліся рамонтныя і будаўнічыя работы. У адвалах грунту і раскапаных ямах на даволі вялікай тэрыторыі знаходзілася мноства фрагментаў чалавечых парэшткаў: шкілетаў, чарапоў, асобных костак. На гэтыя «раскопкі» абсалютна ніякім чынам не звярнула ўвагу мясцовая ўлада, а некрафілістычныя замашкі мясцовых вертыкальшчыкаў устурбавалі толькі гісторыкаў, краязнаўцаў і грамадскіх актывістаў.

Дарэчы, яскравы фотаздымак разбураных склепаў каталіцкага некропаля можна ўбачыць у невялічкай брашуры «У пошуках беларускасці» — краязнаўчага выдання, што асвятляе розныя бакі гісторыі Крычаўшчыны і з’яўляецца вельмі карысным для аматараў гісторыі. Больш за тое, аўтар радкоў у 2013 годзе ў межах так званага кірмашу праектаў «Сучасныя ўвасабленні культурніцкай спадчыны» грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» у Магілёве прэзентаваў уласны праект па аднаўленні касцёла Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі. Важнай гэта ідэя перадусім застаецца для гісторыкаў і краязнаўцаў, а таксама для мясцовых каталіцкіх вернікаў, якіх налічваецца некалькі дзясяткаў у Крычаве.

Нельга не згадаць і фотаздымкі пачатку 1910-х гадоў, якія паказваюць выгляд самога касцёла і ўнутранай прасторы каталіцкага храма. Менавіта па старых фатаграфіях на сёння мы можам уяўляць, якім чынам выглядаў шыкоўны неагатычны будынак касцёла.

Пасля разбурэння каталіцкага храма ў 1930-х гадах бальшавікамі, плябанію, якая адносілася да касцёла, вырашылі не руйнаваць, а перабудаваць. На старым фотаздымку 1927 года рынкавай плошчы Крычава плябанія бачна як аднапавярховы будынак з высокім дахам. Аднак пасля перабудавання яна стала двухпавярховым будынкам, у якім у пасляваенныя часы знаходзіўся мясцовы паштамт. У ім з тыльнага боку размяшчалася прыбудова з белай цэглы, якая несла функцыю кацельні, што ацяпляла памяшканні будынка для працаўнікоў пошты.

Сучасны выгляд перабудаванай плябані. Фота Андрэя Кузьміна

Будынак плябаніі-пошты стаіць закінуты з 1990-х, бо пасля знікнення СССР паштамт хутка знік. У пачатку 2010-х будынак былой плябаніі быў выкуплены мясцовым прадпрымальнікам, у ім пачаліся будаўнічыя работы: пафарбаваныя сцены, пастаўленыя шклопакеты, аднак далей справа не пайшла. Пэўны час часткова адрамантаваны будынак выкарыстоўваўся нават як інтэрнат для часовых рабочых, што працуюць на будоўлі новага цэментавага завода каля Крычава.

Незалежная Беларусь. Стайні палаца Пацёмкіна-Галынскіх

На вялікі жаль, у незалежнай Беларусі руйнаванне помнікаў архітэктуры працягваецца. Зусім нядаўна ў горадзе былі ўнікальныя стайні, якія адносіліся да палаца Пацёмкіна-Галынскіх і стваралі разам з галоўным будынкам паўнавартасны палацава-паркавы комплекс. Стайні былі зруйнаваныя пасля рэстаўрацыі палаца ў 2008 годзе, нягледзячы на тое, што ў 2003 годзе будынак у псеўдагатычным стылі быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Дзякуючы крычаўскаму краязнаўцу Андрэю Кузьміну, які зафіксаваў факт знішчэння стайняў, мы можам уявіць маштаб трагедыі.

Стайні (XVIII ст.) ў руінах. Фота Андрэя Кузьміна, 2005 г.

Падчас рэстаўрацыі палаца (2006–2008) стайні практычна знішчылі, пакінуўшы толькі падмуркі. Нават пасля знішчэння існаваў праект па іх адбудове і размяшчэнні там коней. Для наведвальнікаў музейнага комплексу, і асабліва замежных турыстаў, гэта магло стаць разынкай культурнай установы, што прыцягвала б немалую колькасць людзей рознага ўзросту. Аднак праект так і застаўся на паперы, добрая і крэатыўная ідэя так не была рэалізаваная. Падмуркі ад былых стайняў, якія непасрэдным чынам адносіліся да палацава-паркавага комплексу, цяпер знаходзяцца за жалезным плотам музейнай тэрыторыі.

Нямногія крычаўляне на сённяшні момант будуць ве­даць, што разбураныя падмуркі — гэта і ёсць стайні, якімі карысталася калісьці мясцовая шляхта Галынскія. Ім паўтара стагоддзя належала перліна Крычава: з канца XVIII стагоддзя і па 1917 год. Цяперашняя адміністрацыя музея і аддзел культуры мясцовага райвыканкама не звяртаюць ніякай увагі на рэшткі стайняў, якія нібыта наогул не адносяцца да палацавага комплексу.

Парадаксальна цяпер глядзець на гарадскі банер, на якім на фоне палаца размешчана брычка ці хутчэй нават карэта, на якой вязуць імператрыцу Кацярыну ІІ. Такое сцверджанне грунтуецца на тым, што ў сённяшнім гістарычным музеі Крычава культ графа Пацёмкіна і імператрыцы Кацярыны ІІ, бо кожнае другое мерапрыемства ў культурнай установе ладзіцца з удзелам гэтых гістарычных персанажаў. Банер выглядае, натуральна, вельмі супярэчліва. І пры гэтым падобны банер мог глядзецца дарэчна пры захаваных стайнях, якія музеефікаваныя і ўключаныя ў музейны комплекс. Аднак для гарадскіх уладаў гэты банер з’яўляецца абсалютна нармальным і не выклікае дысанансу, што сведчыць пра слабае валоданне гісторыяй Крычава і абыякавасць да яе.

Знішчаныя стайні пасля рэканструкцыі палаца Пацёмкіна-Галынскіх. Фота Андрэя Кузьміна

Вінакурня

Будынак вінакурні быў узведзены напрыканцы XVIII стагоддзя. Першы ўладальнік — «святлейшы» князь Рыгор Пацёмкін, які наладзіў там скураную вытворчасць. Але неўзабаве ўладальнікам стаў мясцовы шляхціц Іван Галынскі. Менавіта ён перапрафіляваў вытворчасць і наладзіў выпуск спірту. Такім чынам, з канца XVIII стагоддзя і ажно да 1940-х гадоў у гэтым будынку была размешчана вінакурня, а пазней спіртзавод.

Руіны былой вінакурні на ўскрайку Крычава. Фота Андрэя Кузьміна, 2012 г.

Падчас акупацыі Крычава нямецка-фашысцкімі войскамі на тэрыторыі спіртзавода знаходзіўся працоўны лагер (арганізаваны нямецкай ваеннай адміністрацыяй). Там займаліся жывёлагадоўляй і выкарыстоўвалася прымусовая праца жыхароў навакольных вёсак. З пасляваеннага часу — піўны завод. Пасля таго, як напрыканцы 1990-х піўзавод быў закрыты мясцовымі ўладамі, будынак знаходзіцца ў занядбаным стане. Рэстаўрацыя гэтага цікавага помніка прамысловай архітэктуры, на вялікі жаль, так і не адбылася.

Забыты колішні важны прамысловы аб’ект яшчэ і цікава размешчаны. Месца лакалізацыі — памежжа паміж горадам і вёскай, якое можна і прамінуць, калі праязджаеш мост праз рэчку Добрасць. Нечакана і мяняецца назва вуліцы з Піянерскай на Цэнтральную, пры нязменнасці дарогі. Будынак былой вінакурні знаходзіўся ўжо за мостам, аднак размяшчэнне ў межах вёскі Калініна даволі фармальнае. Гэтае меркаванне пацвярджае доўгая вуліца, якая атрымала народную назву па прамысловаму прадпрыемству і лічыцца цэлым маленькім раёнам пад найменнем «Піўзавод», што ўваходзіць у склад гарадской мяжы і на мапе выглядае як апендыкс, які зросся з вёскай Калініна (ранейшая назва — Задабрасць). Цікава пры гэтым, што знешне адрозненняў практычна не назіраецца, бо драўляныя хаты знаходзяцца паабапал дарогі як гарадской вуліцы, так і вясковай.

З прыведзенага вынікае, што завод меў уплыў на гарадскую прастору, таму можна вызначыць яго размяшчэнне як «памежнае». Пры знаёмстве з падобнымі назіраннямі можа ўзнікнуць пытанне, калі сфарміравалася вуліца, якая вядзе ад палаца Галынскіх да спіртзавода. Адказаць вельмі няпроста, бо без прыцягнення архіўных звестак, картаў, вусных сведчанняў людзей раёна горада цяжка выказаць хоць нейкае меркаванне наконт гэтага пытання гарадской тапаграфіі. Усё ж з вялікай верагоднасцю можна лічыць з’яўленне гэтай вуліцы менавіта ў XX стагоддзі. Аднак абодва гістарычныя будынкі натуральна ўзаемазвязаныя паміж сабой і ствараюць пэўную карціну тагачаснага развіцця мястэчка Крычаў, якое працягнулася за савецкім часам ужо ў паселішчы з гарадскім статусам.

Старая вінакурня з’яўлялася ўнікальным гістарычным аб’ектам для горада. Гэты помнік прамысловай гісторыі Крычаў страціў назаўжды, бо літаральна паўгода таму яго зруйнавалі, палічыўшы за непатрэбнае будаўнічае смецце. Замест таго, каб захаваць вінакурню, зрабіўшы гарадской адметнасцю, паспрабаваць хаця б часткова рэканструяваць, уключыўшы ў турыстычны маршрут па горадзе, яе руйнуюць. Цяпер на месцы былой вінакурні знаходзяцца некалькі пагоркаў з будаўнічым смеццем, кавалкі сценаў са старой чырвонай цэглы, а таксама частка не да канца зруйнаваных падмуркаў. Відовішча вельмі сумнае, што выклікае пачуцці гневу і шкадавання. Застаецца толькі спасылацца на адсталасць і ўбогасць арганізатараў і выканаўцаў знішчэння помніка.

Пры падрыхтоўцы тэксту выкарыстаны матэрыялы з сайтаў radzima.org і be.wikipedia.org, а таксама матэрыялы гісторыка і археолага Андрэя Мяцельскага.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: